Народны для абраных

Два дні ў цэнтры Мінску быў амаль заблакаваны рух. Подступы да Палаца Рэспублікі, дзе праходзіў чацвёрты Усебеларускі народны сход з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, ахоўваліся ад саміх жа беларусаў, быццам там якраз і знаходзіўся знакаміты «крыштальны сасуд».

Два дні ў цэнтры Мінску быў амаль заблакаваны рух. Подступы да Палаца Рэспублікі, дзе праходзіў чацвёрты Усебеларускі народны сход з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, ахоўваліся ад саміх жа беларусаў, быццам там якраз і знаходзіўся знакаміты «крыштальны сасуд».
Пасля двухтыднёвага «разгулу дэмакратыі» на БТ у выглядзе выступаў і дэбатаў кандыдатаў у прэзідэнты аўру дзяржаўнай стабільнасці два дні падпраўлялі трансляцыямі з чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, шматгадзіннымі выступамі кіраўніка Беларусі. Трэба сказаць, што вызначэнне «народны сход» не ўплывае на даступнасць удзелу ў ім простых смяротных. Прычым як на стадыі адбору ўдзельнікаў, так і падчас самога мерапрыемства. Сёлета паэт-палітык Уладзімір Някляеў дарэмна марнаваў рэсурсы, збіраючы тысячы подпісаў за свой удзел ва Усебеларускім сходзе, як і былы рэктар, кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Казулін свае фізічныя і маральныя сілы пяць гадоў таму. Народны сход закрыты для народа.
Удзел у ім дзвюх з паловай тысяч чалавек хіба што нагода паставіць гачык насупраць пункту «я бачыў прэзідэнта» ды дапамагчы разгрузіць склады айчынных вытворцаў гадзіннікаў, мікрахвалёвак, скураных партфеляў. Шматгадзінны выступ Аляксандра Лукашэнкі ніякай крытыкі з боку дзвюх з паловай тысяч прысутных не выклікаў. Ідэальныя згода і паразуменне.
Напрыклад, было адзначана, што павышаць узровень эканомікі і жыцця людзей перашкодзіў глабальны крызіс, але «не ў нас ён зарадзіўся», што ў гэтым вінаваты Захад, дзе «выдатнае жыццё не мела пад сабой цвёрдай эканамічнай асновы». «Я першапачаткова гаварыў тады, што чыннікамі крызісу сталі карупцыя, махінацыі, сквапнасць эканамічных і палітычных эліт краін-флагманаў. Сёння з гэтай пазіцыяй пагадзіліся ўсё», — адзначыў сваю празорлівасць Лукашэнка. І чаму фінансавыя недарэкі з Уол-стрыт не прыслухоўваліся да Аляксандра Лукашэнкі?! Цяпер Беларусь вымушана змагацца з наступствамі крызісу, а несумленныя «партнёры», якія «зачынялі свой унутраны рынак для нашай прадукцыі, у разы павялічвалі кошты на нафту і газ», спрыялі таму, што краіна была ўцягнутая ў гэты вір.
«За мінулыя пяць гадоў мы зрабілі каласальны рывок у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Нягледзячы ні на якія цяжкасці, мы выканалі тое, што абяцалі на­роду на папярэднім сходзе», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Аднак у плане сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступныя пяць гадоў гаворыцца, што «не атрымалася ў поўнай меры вырашыць шэраг праблем, якія стрымліваюць дынаміку сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны». У прыватнасці «захавалася недастаткова эфектыўная структура эканомікі, што выяўляецца ў высокіх імпартаёмістасці, матэрыялаёмістасці і энергаёмістасці выпускаемай прадукцыі, адносна нізкай прадукцыйнасці працы і, як вынік, недастатковай канкурэнтаздольнасці прадукцыі айчыннай вытворчасці. Зніжаецца эфектыўнасць інвестыцый і павольнымі тэмпамі
павялічваецца аб'ём прыцягнення ў эканоміку прамых замежных інвестыцый. Слабой застаецца ўспрымальнасць прадпрыемстваў і арганізацый да інавацый. Па-ранейшаму назіраецца незбалансаванасць у знешнім гандлі».
Лукашэнка не прамінуў і закрануць апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. «Выслухаў альтэрнатыўных кандыдатаў. Сярод іх няма розніцы, усе аднолькавыя. Самы чэсны сярод іх — гэта прадстаўнік БНФ Рыгор Кастусёў. Ён ведае, што супернацыяналізм не пройдзе, а ўсё адно выходзіць з бел-чырвона-белым сцягам, гаворыць па-беларуску, хоць яго ніхто не разумее. Усе астатнія ўжо пераапрануліся», — сказаў кіраўнік дзяржавы, нагадаўшы пра новага ворага Беларусі — Расію і пра тое, што некаторыя з гэтых кандыдатаў «фінансуюцца Расіяй».
Цікава, што Лукашэнка сказаў пра мову тытульнай нацыі як незразумелую людзям і адначасова запэўніў, што моўнае пытанне можна ў любы момант вырашыць: «Калі вы хочаце, каб мы размаўлялі на беларускай мове, мы зробім гэта заўтра ці потым».
Розніцу словаў і дзеянняў Лукашэнкі пацвердзіў інцыдэнт, што адбыўся падчас правядзення Усебеларускага народнага сходу. Група жанчын, што пацярпелі самі ці іх блізкія ад несправядлівасці судоў, мітынгавала паблізу Палаца Рэспублікі, дамагаючыся патрапіць на «народную» сустрэчу з Лукашэнкам. Але далей прахадной Палаца Рэспублікі яны не прайшлі. Затое Аляксандр Рыгоравіч з гэтай нагоды выказаўся ў стылі «справядлівага барына». «Учора жанчына мітынгавала, скардзілася на судовыя органы. Папрашу, каб гэтыя пытанні былі перададзены генпракурору. Мне даводзілася папраўляць і судовыя органы ўлады», — пахваліўся сваёй усюдыіснасцю беларускі палітык.
У першы дзень Усебеларускага народнага сходу альтэрнатыўную сустрэчу каля чыгуначнага вакзалу правялі кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў. На сустрэчу з кандыдатамі, якая перарасла ў мітынг, прыйшло прыблізна столькі ж людзей, як і на Усебеларускі сход. Але «ўваход» туды быў свабодны, і палітычныя лідэры пакуль што даступныя для грамадзян. Падчас гэтага мітынгу Някляеў яшчэ раз заклікаў прыйсці 19 снежня на Кастрычніцкую плошчу Мінска, запэўніўшы, «ёсць сцэнар плошчы 19 снежня, у нас усё прадумана штохвілінна». Праўда, кіраваць парадам, у адрозненні ад Усебеларускага сходу, будзе не адзін чалавек, а кагорта кандыдатаў, таму што дамовіцца аб «адзіным» ці супольным зняцці не атрымліваецца.