Настаўніца гісторыі: «Сілавікі прыходзілі да нас не раз. Прасілі, каб угаварыла мужа вярнуцца»
Пра тое, чаму далучылася да агульнанацыянальнага страйку праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў, настаўніца гісторыі распавяла «Салідарнасці».
Іна Прылуцкая працавала выкладчыцай ў салігорскай школе №5. У заяве, датаванай 23 жніўня, яна падтрымала патрабаванні страйкама «Беларуськалія»: вызваленне палітвязняў, правядзенне новых, сумленных выбараў, прыцягненне да адказнасці ўсіх вінаватых у фальсіфікацыях выбараў і злачынствах супраць народу Беларусі.
— Я вельмі хацела, каб мой муж далучыўся да страйку яшчэ год таму, — успамінае Іна ў інтэрв’ю «Салідарнасці». — Андрэй — адзін з тых, хто 9 жніўня быў затрыманы ў Салігорску. Вечарам муж пайшоў забіраць старэйшага сына з гасцей.
Па дарозе сустрэў калегу, з якім разам працавалі на «Белкаліі». Яны прыселі на лаўцы і размаўлялі. Раптам убачылі карціну як у баевіку. Людзі ў чорным, у балаклавах ішлі міма і вялі людзей. Калега Андрэя Аляксандр уголас пацікавіўся: «А за што іх?» У яго тыркнулі пальцамі: «І гэтага таксама». Калі схапілі калегу, Андрэй не вытрымаў — заступіўся. І яго таксама скруцілі.
На судзе высветлілася, што быццам бы мой муж а 23-й гадзіне бегаў па плошчы і выкрыкваў лозунгі «Ганьба!».
Андрэй адседзеў тыдзень. Калі ён быў на сутках, у нас дома адбыўся ператрус. Міліцыянты на мае пытанні, што адбываецца, адказалі: «Мы таксама нічога не ведаем, але калі не будзе даказаная віна, праз два месяцы гэтая справа скончыцца».
З ізалятара муж выйшаў збіты: правая нага была сіняя, ён кульгаў…
Распавядаў, што збівалі людзі ў балаклавах, твараў не было відно. Яму яшчэ пашанцавала, бо да яго пачаў прыязджаць следчы з Мінска — і больш яго не білі.
Андрэй сказаў: «Што на Акрэсціна адбывалася, ведаюць усе, а пра тое, што ў Салігорску рабілася, ніхто не піша». У салігорскім ізалятары мой муж бачыў крывавыя рэкі. Іх змывалі шлангамі.
Спачатку муж не збіраўся далучацца да страйку. Партызаніў. Баяўся, што крымінальную справу раскруцяць. Потым мы зразумелі: адсвечвай-не адсвечвай, усё роўна хата наша не з краю. На пачатку снежня муж напісаў заяву ў страйкам «Беларуськалія».
Раней на яго завялі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 Крымінальнага кодэкса). Пацярпелымі лічаць участковага і начальніка Салігорскага РАУС.
Муж вымушаны быў з’ехаць з краіны. Мне было страшна і цяжка, я засталася адна з трыма дзеткамі.
Андрэя затрымалі ў аэрапорце ў Пецярбургу перад Новым годам. Ён збіраўся вылецець з Расіі. Следчы камітэт Беларусі зрабіў запыт на яго экстрадыцыю, але адвакаты абскардзілі яго.
28 чэрвеня Андрэя выпусцілі з піцерскай турмы — так званых «Крыжоў». Скончыўся тэрмін яго затрымання. Мужа моцна падтрымлівала піцерская дыяспара.
Ён казаў, што ўмовы ў зняволенні больш-менш нармальныя: і на прагулку выводзяць, і ў душ можна схадзіць. Днём на засцеленым ложку дазвалялася паляжаць ці пасядзець. На Вялікдзень арыштантам прыносілі булкі. З Андрэем у камеры сядзелі таджык, непалец, узбекі. Там шмат замежнікаў.
Муж Іны падаў дакументы на статус палітуцекача ў адной з суседніх з Беларуссю краін. Яго калега Аляксандр, з якім іх разам затрымлівалі 9 жніўня, атрымаў год і шэсць месяцаў зняволення.
— Для мяне страйк — гэта абарона. Калі муж з’ехаў, мне дапамагалі не ўлады, а страйкам «Беларуськалія» і сябры з працы. Прайшоў час, і я зразумела, што мне трэба зрабіць свой унёсак у нашу будучую перамогу. Таму далучылася да страйку, — тлумачыць Іна.
Пра рэакцыю кіраўніцтва школы Іна не ведае. Яна гатовая, што яе звольняць:
— Калегі сказалі: «Гэта твой выбар, і для цябе ён правільны».
Сама Іна з дзецьмі з’ехала з Беларусі, бо разумела, што на радзіме ёй не свеціць нічога добрага, сілавікі не пакінуць іх сям’ю ў спакоі.
— Сілавікі прыходзілі да нас не раз. Прасілі, каб я ўгаварыла мужа вярнуцца і ён адседзеў свой тэрмін.
Іна плакала, калі прыняла рашэнне не вяртацца дадому.
— Я ехала на адпачынак, узяла па адным камплекце адзення… А потым муж сказаў, што падаў дакументы на атрыманне статусу ўцекача і каб мы не вярталіся.
Верым, што хутка адбудуцца перамены і мы зможам жыць на радзіме, дзе засталіся нашы родныя і сябры. А цяпер трэба пачынаць новае жыццё.