«Наўрад ці справа дойдзе да суду». Фігуранта «справы патрыётаў» Уладзімера Румянцава выклікалі да следчых
Прадстаўляючыся, старшы лейтэнант беларускага войска Уладзімір Румянцаў удакладняе, што ён ужо ў запасе.
«Як вызвалілі, дык акурат падыходзіў да заканчэння кантракт, і цяпер службу ў войску я скончыў. Але арышт да гэтага не меў дачынення, працягваць кантракт я ўсё роўна не збіраўся, і ў маёй вайсковай частцы на мяне не ціснулі. Засталіся апошнія фармальнасці, і недзе праз тыдзень пачну шукаць новую працу. Якую, яшчэ сам не ўяўляю, але, спадзяюся, у Мінску што знайду, гэта ж не ў правінцыі», — кажа фігурант «справы патрыётаў» Уладзімір Румянцаў.
Пра сваё абвінавачанне Уладзімер расказаў толькі самае асноўнае, без дэталяў, бо папярэджаны аб адказнасці за разгалошванне матэрыялаў следства.
«Абвінавачанне ва ўдзеле ва ўзброеным фармаванні з мяне не знялі, я па-ранейшаму пад следствам, хоць і на свабодзе. Следчыя дзеянні? Вось якраз сёння хадзіў да следчага, але што гэта было, падрабязна сказаць не магу. Якія перспектывы ў следзтва? Ці дойдзе справа да суду? На маю думку, наўрад ці. Але нават калі следчыя і хочуць справу згарнуць, дык гэта не будзе зроблена валам, адначасова адносна ўсіх абвінавачаных. Пакрыху, пакрыху, і толькі тады справу закрыюць. Так, паступова. Але ўсё ж пра гэта рана казаць. Яшчэ на сто адсоткаў я не перакананы, што ўсё ў выніку спыняць. Спадзяюся, але... Зрэшты, шукаць лёгікі ва ўсім гэтым — няўдзячная справа, адразу гэта была нейкая лухта. Калі ўзяць асобна кожны з эпізодаў, там няма нічога супрацьзаконнага, але сьледчыя спрабуюць гэтыя эпізоды скласьці і ў выніку атрымаць справу. Хіба гэта магчыма? Думаю, не».
Уладзімір Румянцаў сказаў, што не прызнаваў і ніколі не прызнае сябе вінаватым ва ўдзеле ў незаконным узброеным фармаванні.
За кратамі Уладзімер Румянцаў правёў 99 дзён: тры дні ў вязніцы КДБ, астатнія — на «Валадарцы». Румянцаў сказаў што ў «амерыканцы» публіка была больш прыстойная, у СІЗА № 1 — «хапала розных».
«Не мог заснуць першую ноч на волі, гэтак усё стала нязвыкла. А потым прызвычаіўся», — сказаў пра першы дзень на волі Уладзімер Румянцаў.
Ён падзякаваў журналістам, якія інфармавалі грамадства пра лёсы фігурантаў «справы патрыётаў»: «Можа, таму нас і вызвалілі».
Паводле грамадзкай актывісткі Ніны Шыдлоўскай, пад следствам па гэтым абвінавачанні цяпер 16 чалавек. У канцы сакавіка было арыштавана больш за 30, потым іх паступова вызвалялі.
«І цяпер некаторых час ад часу выклікаюць да следчых. Ведаю прынамсі пра трох, каго нядаўна выклікалі. Але што гэта было — допыт, вочная стаўка ці нешта іншае — не кажуць. За час, як вызвалілі апошняга з арыштаваных, Міраслава Лазоўскага, нікому з іх цалкам абвінавачання не знялі», — сказала актывістка.
Паводле Ніны Шыдлоўскай, фігурант «справы патрыётаў» Міраслаў Лазоўскі аднавіў працу ў выдавецтве, дзе раней працаваў. Гісторык Аляксандар Зімніцкі з дазволу следчых паехаў у археалагічную экспэдыцыю. Але ў некаторых фігурантаў пасля вызваленьня ўзніклі праблемы на працы, кажа Ніна Шыдлоўская:
«Гэта тычыцца некаторых з тых, хто, прыкладам, працуе ў камерцыйных установах. У іх узніклі праблемы з прычыны негатыўнага розгаласу. Бо дзяржаўныя мэдыі напачатку паспелі зрабіць сваю справу, павылівалі бруду на хлопцаў. Не, яны працуюць, але праблемы ёсць. Прозвішчы ня буду называць, каб не нашкодзіць».
Некаторыя з фігурантаў «справы патрыётаў» не могуць вярнуцца да паўнавартаснага жыцця не з прычыны працадаўцаў. З канца чэрвеня не можа аднавіць працу гандляр кнігамі Алесь Яўдаха. Яго бацька кажа, што сыну яшчэ не вярнулі не толькі працоўнае абсталяванне і кампутар, неабходныя ў працы, але нават і мабільны тэлефон.
«Ён наконт гэтага клапоціцца, але пакуль зрухаў няма», — сказаў карэспандэнту Свабоды Анатоль Яўдаха.
Паводле svaboda.org