Навошта беларускам кіраваць цягнікамі і здабываць вугаль?
Чаму «чорны» спіс прафесій для жанчын шкодзіць і работнікам, і дзяржаве.
Беларуская дзяржава не дазваляе жанчынам кіраваць цягніком, грузавымі аўтамабілямі, якія выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве, збіраць плады на вышыні ад 1,3 метраў, тушыць пажары і ліквідоўваць аварыі, здабываць вугаль. Такія абмежаванні ўлады тлумачаць клопатам аб здароўі жанчын.
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны збіраецца перагледзець спіс забароненых для жанчын прафесій, куды цяпер уваходзіць 181 род дзейнасці. Намеснік міністра Аляксандр Румак паведаміў Еўрарадыё, што спіс будуць скарачаць, абапіраючыся на змены, звязаныя з развіццём тэхналогій і з'яўленнем новых сродкаў абароны. Хоць пра яго поўную адмену гаворка пакуль не ідзе.
Не выключана, што дакумент вырашылі перагледзець з сувязі з маючай адбыцца справаздачай ў Камітэт ААН па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (UN CEDAW), бо Камітэт неаднаразова ўказваў Беларусі на дыскрымінацыйны характар спісу і што заканадаўца павінен яго перагледзець, пакінуўшы толькі тыя прафесіі якія вельмі неабходныя для абароны мацярынства.
— Верагодна, заканадаўца арыентуецца на трэнды з суседніх краінах — ва Ўкраіне спіс цалкам адмянілі ў 2017 годзе, а цяпер спіс істотна скарачаюць ў Расіі, — кажа аналітык BISS, член савета Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Кацярына Шмаціна.
Скарачэнне забароненых для жанчын прафесій — верны крок у напрамку да раўнапраўя, лічаць эксперты. Але яно не вырашае важныя праблемы на рынку працы.
Прынятыя нормы больш не актуальныя
Спіс, які абмяжоўвае доступ жанчын да некаторых прафесій, з'явіўся ў савецкім заканадаўстве ў 1930-я гады, калі ўводзіліся нормы, якія забараняюць жанчынам працы ў начны час, цяжкія працы.
— Магчыма, у 1930-я гады гэтыя нормы і былі прагрэсіўнымі і патрэбнымі, але цяпер яны не адпавядаюць часу і рэаліям, — лічыць Кацярына Шмаціна.
З тых часоў тэхналагічны прагрэс зрабіў многія прафесіі даступнымі для ўсіх: часта праца на абсталяванні заключаецца ў неабходнасці націскаць патрэбныя кнопкі.
— Плюс ёсць не забароненыя работы, дзе жанчыны падымаюць цяжар і гэта ніяк не рэгулюецца: напрыклад, жанчына-кухар, якой прыходзіцца мець справу з цяжкімі катламі, дворнікі, якія працуюць у халоднае надвор'е. А прафесіі з спісу, да якіх у жанчын няма доступу, часцяком да таго ж высокааплатныя, — дадае аналітык BISS.
Праваабаронца, сябра Рады прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак таксама перакананы, што спіс забароненых прафесій даўно састарэў. Больш за тое, ва ўмовах беспрацоўя яго лібералізацыя адкрые магчымасці для жанчын, якія не могуць знайсці працу па спецыяльнасці.
Улады дыскрымінуюць жанчын і забываюць пра здароўе мужчын?
Эксперты бачаць у спісе супярэчнасці і нават дыскрымінацыю. Па-першае, дзяржава разглядае жанчыну, у першую чаргу, як маці, «клапоцячыся» аб яе рэпрадуктыўным здароўі. Але яна не робіць адрозненняў паміж жанчынамі, бо некаторыя з іх не плануюць мець дзяцей.
— Можа здацца, што жанчыны не хочуць працаваць у «мужчынскіх» прафесіях, але гэта не так: ёсць жанчыны, якія хочуць быць, напрыклад, кіроўцамі-дальнабоямі, — расказвае Кацярына Шмаціна.
Паводле яе слоў, былі выпадкі, калі закон не дазваляў жанчынам уладкоўвацца ў айчынныя кампаніі, і яны з'язджалі працаваць за мяжу.
— Немеханізаваная праца і праца ў небяспечных умовах можа нанесці вялікую шкоду жаночаму арганізму. Але ў мяне як праваабаронцы паўстае пытанне: калі жанчынам там нельга працаваць у такіх умовах, то чаму можна мужчынам? — адзначае Андрэй Стрыжак.
Каб паляпшаць, ці хаця б не пагаршаць, дэмаграфічную сітуацыю важна клапаціцца аб жаночых рэпрадуктыўных правах, але і не ігнараваць рэпрадуктыўнае здароўе мужчын, ствараючы больш спрыяльных умоў працы, падкрэсліваюць суразмоўцы Заўтра тваёй краіны.
Чым дрэнны «чорны» спіс
На думку Кацярыны Шмацінай, «чорны» спіс прафесій дрэнны тым, што ён патэрналісцкі, гэта значыць дзяржава вырашае за жанчыну, што ёй можна і нельга рабіць, у той час як мужчына мае права выбіраць сам, ці згаджацца на складаную і небяспечную працу.
— Заканадаўчая забарона нейкіх відаў дзейнасці — гэта празмернае абмежаванне. Атрымліваецца, што дзяржава кажа, што чалавек не ў стане самастойна прыняць рашэнне і зразумець, якую шкоду яго здароўю можа нанесці тая ці іншая праца. Але ва ўмовах інфармаванага грамадства кожны чалавек можа самастойна ацаніць рызыкі, якія нясе тая ці іншая работа, — дадае Андрэй Стрыжак.
У краінах Еўропы ўжо ніхто не здзівіцца, убачыўшы жанчыну за стырном вялікагрузных фур, вялікіх міжгародніх рэйсавых аўтобусаў ці ў іншых прафесіях, якія ў Беларусі лічацца толькі мужчынскімі.
Але беларускія рэаліі трохі ўскладняюць сітуацыю, паколькі працаўнікі некаторых прафесій, у тым ліку тых, што ўнесены ў «чорны спіс», вымушаныя працаваць у досыць жорсткіх і нават небяспечных умовах.
Прадстаўнік прафсаюза РЭП лічыць, што ўмовы, у якіх працуе значная частка людзей, у краіне часта не адпавядаюць нормам і патрабаванням, прапісаным у законе.
— Паляпшэння сітуацыі з правамі работнікаў і з умовамі, у якіх яны працуюць, адным росчыркам пяра не змог бы дасягнуць. Тут ёсць вялікі аб'ём працы для праваабаронцаў, каб дамагчыся таго, каб на кожным канкрэтным працоўным месцы ўмовы былі годнымі для таго, каб і мужчына, і жанчына маглі прыйсці на працу, выканаць яе, пры гэтым не страціць сваё здароўе і атрымаць годную аплату, — дадае праваабаронца.
Умовы, якія пашыраюць магчымасці як работнікаў, так і наймальнікаў, робяць рынак працы больш свабодным і спрашчаюць пераход людзей з адной сферы ў іншую, лічыць Андрэй Стрыжак. Гэта асабліва важна цяпер, калі работнік ужо не выбірае прафесію на ўсё жыццё, але за сваю кар'еру паспявае змяніць некалькі кампаній і галін. Без раўнавання правоў работнікаў любога полу і ўзросту, немагчыма казаць пра паляпшэнне ўмоў на айчынным рынку працы.
Паводле Заўтра тваёй краіны