Арганічнае земляробства: вяртанне ў сярэднія вякі ці крок у будучыню?
Нярэдка можна пачуць ад нашых суграмадзян, што «ўсе нашыя хваробы ад хіміі». Усё часцей у краіне людзі размаўляюць пра нядобрую экалогію і ежу, нашпігаваную пестыцыдамі і іншымі шкоднымі рэчывамі.
Некаторыя вяскоўцы (жыхары вёскі Праснакі Капыльскага раёна) спрабуюць нават змагацца з атрутай, якая льецца з трактароў на калгасным полі побач з сялянскімі сядзібамі, з дапамогай міліцыі.
Падчас прэс-тура 3 верасня, арганізаванага экалагічнай установай «Агра-эка-культура» пры інфармацыйнай падтрымцы БАЖ, карэспандэнт НЧ пазнаёміўся з працай арганічных гаспадарак на тэрыторыі Берасцейшчыны і Міншчыны.
Фермеры Дзмітрый Лутаеў і Алена Сідарава вырошчваюць у сваіх гаспадарках экалагічна чыстыя прадукты, не шкодныя для здароўя і для навакольнага асяроддзя. Іхняя прадукцыя не ўтрымлівае генетычна мадыфікаваных арганізмаў і фарбавальнікаў, вырошчваецца без выкарыстання пестыцыдаў, хімічных угнаенняў і іншай аграхіміі.
Дзмітрый Лутаеў апрацоўвае крыху больш за 1 гектар зямлі ў вёсцы Сошыца Бярозаўскага раёна. Яму 37 гадоў. Па адукацыі эканаміст. Нарадзіўся ў Віцебску, але ў дзяцінстве летнія канікулы праводзіў на лецішчы бацькоў у вёсцы.
— Калі настаўніца пытала ў пачатковых класах пра планы на будучыню, я заўсёды адказваў, што буду фермерам і буду працаваць на трактары, — пасміхаецца малады мужчына. — Але доўгі час гэтая мара не ажыццяўлялася.
Тры гады таму назад мара мужчыны здзейснілася. Так склаўся лёс, што з гарадскім жыццём прыйшлося развітацца. Спадабаліся сельскія краявіды каля вёскі Бярозаўка, дзе часта гасцяваў у сяброў. Купіў старую хатку ў вёсцы Сошніца, дзе пражываюць 95 жыхароў.
Вырашыў набыць закінуты ўчастак зямлі, які не апрацоўваўся, і заняцца арганічным земляробствам. Да гэтага часу Дзмітрый шмат цікавіўся тэарэтычна гэтай тэмай, нават прайшоў курс навучання ў Шведскім сельскагаспадрчым універсітэце — скончыў базавы курс для кансультантаў па арганічным раслінаводстве.Аднак, тэорыя — гэта адно, а практыка — зусім іншая рэч. Фермер прызнаўся, што калі пачынаў расчыстку запушчанай зямлі, ў яго не было ні лапаты, ні вілаў. Усе інструменты браў у суседзяў, пасля наймаў трактар.
Зараз Дзмітрый мае свой мотаблок і вырошчвае каля 30 арганічных культур, сярод якіх розная зеляніна, спаржавая фасоля, салодкая кукуруза, салаты, кавуны, памідоры і многае іншае. Працуе па стандартах Еўрапейскага Саюза па арганічным земляробстве і мае адпаведны сертыфікат. Ён не выкарыстоўвае хімічныя сродкі абароны раслін, для барацьбы з каларадскім жукам і фітафторай, набывае мікрабіялагічныя сродкі. Зразумела, што працаваць мужчыне прыходзіцца ў летнія часы ўвесь светлавы дзень, паколькі зямля патрабуе ўвагі, а спажыўцы — свежай гародніны.
— Але я не фанат, нягледзячы на цяжкую працу, знаходжу час, каб пабыць з сябрамі і сынам, — гаворыць фермер.
Вядома, што арганічная прадукцыя, якая патрабуе больш затрат, павінна быць на парадак даражэйшай за звычайную. Аднак невысокі ўзровень жыцця беларусаў прымушае іх купляць прадукты «з хіміяй» па нізкіх коштах. З гэтай прычыны экалагічныя прадукты цяжэй прадаваць у звычайных сеткавых крамах.
— Спадзяюся, што прыйдзе той час, калі арганічная прадукцыя будзе запатрабавана спажыўцамі нават у звычайных крамах, — выказвае надзею мужчына.
Пакуль жа Дзмітрый прымае заказы на прадукты індывідуальна, а таксама супрацоўнічае з кавярнямі і рэстарацыямі Мінска. Частку прадукцыі здае на аптовы гандаль. Прадукцыя ад фермера едзе з Бярозаўскага раёна ў Мінск адзін раз на тыдзень. Асаблівую надзею гаспадар ўскладвае на інтэрнэт-краму.
Усе журналісты, якія наведалі гаспадарку Дзмітрыя 3 верасня пад праліўным дажджом, былі ўражаны яго адданасцю сваёй справе, Відавочна, што чалавек знаходзіцца на сваім месцы, мае самарэалізацыю, сапраўды любіць сваю справу, шануе зямлю і тых жа птушак, для якіх ён адмыслова насадзіў цэлае поле сланечніка. Спадзяецца, што праз некалькі гадоў гаспадарка будзе самаакупацца, пакуль жа аснова яго жыцця — энтузіязм.
Каб можна было жыць і развівацца далей, яму патрэбна атрымліваць прыбытак каля 15 тысяч долараў на год.Большыя прасторы і магчымасці журналісты пабачылі ў фермерскай гаспадарцы «СідСад» Алены і Віталя Сідаравых, што месціцца ў вёсцы Дашкі Мінскага раёна. Гэта ўжо сямейны бізнес на 60 гектарах з сучаснымі тэхналогіямі на аснове дваццацігадовага вопыту.
— Так атрымалася, што пасля знікнення Савецкага Саюза мы з мужам, маючы вышэйшыя адукацыі, атрымалі статус беспрацоўных. Прыйшлося падзарабляць на жыццё на 6 сотках ў цяпліцах прыватнага сектара, — успамінае свой шлях да фермерскага бізнесу Алена Сідарава. — Паступова ўцягнуліся ў сялянскую працу. А пасля ў Мінскім раёне нам прапанавалі ўзяць адразу 40 гектараў зямлі. Спачатку было вельмі цяжка: не ведалі, што і як рабіць з зямлёй і паперамі. Вырашылі займацца незвычайным — арганічным земляробствам. У мясцовы ландшафт мы наўпрост закахаліся. Зразумела, што апроч працы прыйшлося шмат вучыцца, наведаць розныя краіны.
З розных краін разам з ведамі Алена прывозіла экалагічнае насенне для будучых плантацый.
Зараз у Аленіных цяпліцах разбягаюцца вочы ад мноства прыгожай, сакавітай і натуральнай гародніны. Але асабліва ўражваюць плантацыі салодкіх буякоў, якія тут раскінуліся на жывапісных схілах. Каля 20 відаў тоўстых і салодкіх буякоў (дурніц) растуць ў роўных шэрагах на 11 гектарах. Асаблівай сімпатыяй пакупнікоў карыстаюцца дурніцы амерыканскага паходжання «Блюголд».
— Знайсці агульную мову з арганікай пры вырошчванні буякоў было няпроста, — распавядае Алена. — Аднак, здолелі. Ягода салодкая і смачная, сертыфікаваная. На жаль, яе любяць не толькі людзі, але і птушкі, і звяры, і нават восы. Прыходзіцца мірыцца з стратамі.
Купіць арганічныя прадукты з фермерскай гаспадаркі «СідСад» зараз можна у крамах буйных гандлёвых сетак Мінска, такіх як «Green», «Суседзі», «Прастор», «Рублёўскі», «Алмі», «Зялёны клён».
«Нас усіх ператруцяць, як пацукоў, не дапамогуць ніякія лекі!»
Па словах Алены, фермерскім экалагічным гаспадаркам не хапае падтрымкі з боку дзяржавы, якая існуе практычна ва ўсім свеце, не хапае і розных курсаў, дзе можна было б атрымліваць адукацыю па арганічным земляробстве. Да таго ж, гэтая вытворчасць — досыць працаёмкая і затратная, патрабуе ручной праполкі, паколькі знішчэнне пустазелля ядахімікатамі выключана.
Аднак дэградацыя земляў, тэхнагенная нагрузка на навакольнае асяроддзе, зніжэнне якасці і павышэнне сабекошту харчовай прадукцыі прымушае і дзяржаву звяртаць увагу на праблему арганічнага земляробства і развіваць заканадаўства. Больш падрабязна з гэтымі і іншымі праблемамі можна пазнаёміцца на сайце недзяржаўнай установы «Агра-эка-культура».