Недалёка да канца?
Здаецца, да канца падыходзяць суды па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Ужо асуджаны на пяць гадоў узмоцненага рэжыму Андрэй Саннікаў, на тры гады «хіміі» — Павал Севярынец, з умоўнымі тэрмінамі на волю выйшлі Сяргей Марцалеў і Ірына Халіп, атрымалі свае гады шараговыя ўдзельнікі Плошчы. На час напісання матэрыялу скончыўся працэс Някляева-Рымашэўскага-Фядуты-Вазняка-Палажанкі-Дзмітрыева, з апошнімі словамі выступаюць на працэсе Уса-Статкевіча.
Здаецца, да канца падыходзяць суды па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Ужо асуджаны на пяць гадоў узмоцненага рэжыму Андрэй Саннікаў, на тры гады
«хіміі» — Павал Севярынец, з умоўнымі тэрмінамі на волю выйшлі Сяргей Марцалеў і Ірына Халіп, атрымалі свае гады шараговыя ўдзельнікі Плошчы. На час напісання матэрыялу
скончыўся працэс Някляева-Рымашэўскага-Фядуты-Вазняка-Палажанкі-Дзмітрыева, з апошнімі словамі выступаюць на працэсе Уса-Статкевіча.
Дзіўна, што суды як з ланцугу сарваліся. Калі Саннікава пачалі судзіць 27 красавіка, а скончылі толькі 14 мая, то суд над ягонай жонкай Ірынай Халіп і яе паплечнікамі заняў усяго тры дні.
Цікава, куды так спяшаюцца?
У прынцыпе, ясна, куды. І, пэўна, справа тут не толькі ў нейкіх палітычных захадах. Прыкладам, паспець пасадзіць усіх да прыезду Пуціна, які адбыўся 19 мая. Ці пасадзіць усіх да наступнага тыдня, да
абмеркавання «беларускага пытання» ў Савеце ЕС, каб было чым гандлявацца. Можа, суддзі кіруюцца адным і простым матывам: нікому не хочацца «завіснуць» у душнай
судовай зале летам, якое, як вядома, наступае ўжо праз дзесяць дзён. А да сезону адпачынкаў трэба ж яшчэ і прэмію атрымаць за бездакорна выкананыя загады.
Вось толькі наўрад ці такая паспешлівасць будзе на карысць усёй беларускай дзяржаве.
Канешне, крышачку падсаладзіў сітуацыю Генеральны сакратар Савета Еўропы Турб’ёрн Ягланд. 17 мая на прэс-канферэнцыі па выніках перамоў з кіраўніком МЗС РФ Сяргеем Лаўровым ён не выключыў у
перспектыве ўступленне Беларусі ў Савет Еўропы. «Еўропа не абмяжоўваецца краінамі — сябрамі ЕС. У яе ўваходзяць у нашым разуменні 47 краін. Спадзяюся, хутка гэтая колькасць
павялічыцца да 48 за кошт далучэння Беларусі», — заявіў Ягланд.
Чым бы дзіцё не цешылася, абы не рукамі. Асабліва, наконт «хуткага» ўступлення Беларусі ў гэтую структуру. Па-першае, абавязковая ўмова для ўступлення ў Савет Еўропы —
мараторый на смяротнае пакаранне ці поўная яго забарона. Гэтага ніхто ў Беларусі рабіць не збіраецца. Усе абмеркаванні гэтага пытання былі на ўзроўні «пасядзелі — патрындзелі
— разышліся». Ужо другі год праваабаронцы праводзяць кампанію па адмене смяротнага пакарання, а вынікаў — з гулькін нос.
Па-другое, сяброўства Беларусі ў Савеце Еўропы аўтаматычна азначае, што беларускія грамадзяне атрымліваюць права звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. А ягоныя рашэнні для краін —
сябраў СЕ абавязковыя, у адрозненне ад Камітэта па правах чалавека ААН, на якія можна і напляваць. Хіба хто хоча ва ўладзе, каб усе, асуджаныя за Плошчу, масава звярнуліся туды? Пытанне рытарычнае,
на вялікі жаль.
А тым часам у Брусэлі вывучаюцца магчымыя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Пра гэта паведамляе бельгійскае выданне «Euobserver» са спасылкай на дыпламатычную крыніцу.
Кіраўнікі пасольстваў краін ЕС у Мінску ўжо адправілі ў Брусэль папярэдні спіс асоб і прадпрыемстваў, у дачыненні да якіх разглядаецца магчымасць увядзення новых абмежавальных мер, паведамляе
«Euobserver». У гэтым спісе, у прыватнасці, дзяржканцэрн «Белнафтахім», група кампаній «Трайпл», кампанія «Белтэхэкспарт» і ААТ
«Беларуськалій».
«Гэты спіс яшчэ не знаходзіцца на стадыі рэалізацыі: пакуль ён базуецца на сведчаннях накшталт «ён сказаў/яна сказала». Мы павінны быць упэўненыя ў тым, што гэтыя кампаніі
сапраўды належаць тым людзям, пра якіх мы думаем. Санкцыі ўводзяцца паступова, каб мы маглі аказваць націск у адказ на развіццё сітуацыі», — цытуе «Euobserver»
еўрапейскага дыпламата.
Брусэльскае выданне зазначае, што новыя санкцыі «павінны ўдарыць па дзяржаўным бюджэце прэзідэнта Лукашэнкі, не прыносячы крызісу ў кволую эканоміку краіны».
«Але наўрад ці гэта нанясе ўрон прыватнаму капіталу прэзідэнта, які, паводле чутак, асядае ў расійскіх і ўкраінскіх банках, кампаніях, занятых у рыбным бізнэсе, будаўніцтве і продажы
нерухомасці, а таксама на афшорных рахунках у Расіі і адной з краін ЕС, — гаворыцца ў артыкуле. — Неабходна сур’ёзная разведвальная аперацыя для таго, каб адсачыць гэтыя
грошы. І пакуль ніводная краіна Еўрасаюза не гатова выдзеліць сродкі для вырашэння такой задачы».
Спіс можа быць гатовы ўжо да наступнага пасяджэння Савета міністраў ЕС па замежных справах, якое пройдзе ў Брусэлі 23 мая.
На гэтым фоне застаецца толькі чарговы раз падзівіцца аптымізму беларускага кіраўніцтва. Беларусь не выключае магчымасці звароту па крэдытную падтрымку да Міжнароднага валютнага фонду. Пра гэта
заявіў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 17 мая падчас даклада Аляксандру Лукашэнку. «Але гэта працэс дастаткова працяглы. У чэрвені будзе чарговая планавая місія гэтага фонду ў
Беларусі. Мы не гэтыя пытанні будзем абмяркоўваць, але ў залежнасці ад той справаздачы, якая будзе падрыхтавана місіяй МВФ, мы можам прагназаваць далейшае развіццё падзей у адносінах з гэтай
аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй», — сказаў прэм’ер.
З’есці, ён, можа б, і з’еў, але ж хто яму дасць? На фоне рэзка негатыўнай рэакцыі Захаду на становішча з палітычна матываванымі прысудамі ў Беларусі ніякага крэдыту МВФ нам не
свеціць. Тым больш, што аналітыкі параўноўваюць сённяшнюю Беларусь з амаль збанкрутаванай у выніку фінансава-эканамічнага крызісу Грэцыяй. Але ў той час, калі ЕС прадставіў Грэцыі антыкрызісную
дапамогу ў памеры 147 мільярдаў долараў, Беларусі ніхто дапамагаць не збіраецца. Нават Расія, што б там ні казаў беларускі прэзідэнт. Купіць што-небудзь «непатрэбнае», кшталту
«Белтрансгаза», — калі ласка, а крэдыт даць — не.
А пакуль праблемы Беларусі — як знешнія, так і ўнутраныя — плануецца вырашаць звыклым спосабам навешвання локшыны на вушы даверлівай часткі насельніцтва.
У Беларусі неабходна паляпшаць якасць інфармацыйна-аналітычных тэлепраграм, заявіў намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук 16 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Паводле яго слоў, гэта тычыцца
ўсіх тэлеканалаў, як агульнанацыянальных, так і рэгіянальных.
Асабліва неабходна паляпшаць якасць праграм, якія тычацца фінансава-эканамічных пытанняў, мяркуе чыноўнік. Ён лічыць, што гэта дазволіць навучаць бізнэсмэнаў. «Неабходна, каб у нас
былі магутныя сур’ёзныя праграмы, і банкіры, бізнэсмэны маглі глядзець такія праграмы», — сказаў Слабадчук. Па яго меркаванні, вельмі важна таксама выкарыстоўваць новыя
прыёмы пры тэлевізійным асвятленні пытанняў сацыяльнай палітыкі, «каб не было збітасці».
Толькі вось даверлівых сярод насельніцтва застаецца ўсё менш і менш.