Немалыя тэрміны і канфіскацыі. Суд вынес прысуды па справе «гомельскіх мытнікаў»

Самая вялікая зала ў будынку абласнога суда на кожным пасяджэнні з цяжкасцю ўмяшчала ўсіх жадаючых. Бо для родных абвінавачаных гэта быў яшчэ і спосаб у чарговы раз убачыцца са сваімі сынамі, мужамі і братамі. Сёння, у дзень прысуду, тут і зусім не праціснуцца. Усе мытнікі, якія не прызналі віну, атрымалі немалыя тэрміны ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

jar_1530_yarivanovich_gomel_sud_sotrudniki_gomelskoy_tamozhni_phsl_tutby_22052018.jpg

На лаве падсудных — два аддзела Гомельскай мытні амаль у поўным складзе (аператыўна-пошукавы і па барацьбе з кантрабандай), а таксама некалькі прадпрымальнікаў. Былым мытнікам ставіцца ў віну атрыманне хабараў за пропуск праз мяжу грузаў без дакументаў.
Дзмітрыя Пагарцава асудзілі да 13 гадоў ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Былога начальніка аддзела мытні Аляксандра Ісачанку асудзілі да 11,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Сяргея Савельева — да васьмі гадоў, Сяргея Баслыка, Мікалая Емельянчанку, Вячаслава Якушава, Яўгена Нягодзіна і Дзмітрыя Каробкіна — да сямі, Яўгена Копытава — да 6,5 гадоў, Юрыя Якушына — да пяці з паловай, Валерыя Качкоўскага і Уладзіміра Скрабоўскага — да 5 гадоў (яго прызналі арганізатарам, але прызнанне віны і садзейнічанне следству прызналі выключнымі абставінамі і змякчылі пакаранне), Мікалая Кукліна — да трох гадоў. Усе будуць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, іх маёмасць падлягае канфіскацыі.
Па словах родных абвінавачаных, яны будуць абскарджваць гэтыя тэрміны.
Мытнікаў Дзмітрыя Васючэнку і Васіля Ракаўца, якія прызналі віну, суд прыгаварыў да 5 гадоў абмежавання волі.
Дваіх прадпрымальнікаў прызналі вінаватымі ў дачы хабару, ім прызначаныя немалыя штрафы (17 тысяч рублёў), жанчына, якая нібыта перадавала грошы ад аднаго боку іншаму, атрымала 3 гады «хатняй хіміі».
У судзе агучылі спіс маёмасці мытнікаў, якая падлягае канфіскацыі: ад іншамарак да пральных машын і красовак Сяргея Баслыка, якія той нібыта купіў за атрыманыя ў выглядзе хабараў сродкі.
За кратамі 12 з 18 абвінавачаных знаходзяцца ўжо больш за два гады. За гэты час па той бок плота СІЗА ў аднаго з былых мытнікаў, напрыклад, нарадзілася дзіця (хлопчыку ўжо амаль два гады), другі — пахаваў бацьку, але на пахаванне так і не трапіў.
Бок абвінавачвання лічыць, што віна ўсіх даказаная цалкам. Былыя мытнікі ж з гэтым не згодныя. На кожным судовым пасяджэнні яны звярталі ўвагу суду на масу памылак і неадпаведнасцяў, дапушчаных падчас папярэдняга следства, а таксама адсутнасць пераканаўчых, аб'ектыўных доказаў інкрымінаваных ім злачынстваў. У якасці аднаго з асноўных аргументаў сваёй невінаватасці мытнікі прыводзілі той факт, што непадалёк ад вёскі Селішча, дзе яны працавалі, няма мытнай, а ёсць толькі адміністрацыйная мяжа Беларусі і Расіі — і паўнамоцтваў у супрацоўнікаў мытных органаў там практычна няма. Судзяць жа іх менавіта за тое, што яны «за хабар ажыццяўлялі бесперашкодны пропуск тавараў і транспартных сродкаў фізічных асоб праз ўчастак расійска-беларускай мяжы».
Нагадаем, у пачатку лютага 2016 года супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі затрымалі супрацоўнікаў адразу двух аддзелаў Гомельскай мытні — аператыўна-пошукавага і па барацьбе з кантрабандай. На момант затрыманняў дзесяць чалавек былі дзеючымі супрацоўнікамі Гомельскай мытні, пяцёра — былымі. З іх двое займалі кіруючыя пасады, астатнія былі радавымі або старшымі оперупаўнаважанымі. Адных абвінавачваюць ва ўдзеле ў арганізаванай групе і атрыманні хабараў, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Іншых — у дачы хабару, махлярстве і пасярэдніцтве ў хабарніцтве. Па версіі следства, супрацоўнікі мытні выязджалі на дзяжурства ў складзе мабільнай групы і атрымлівалі хабар за бесперашкодны праезд фураў (з прадуктамі, чорным металам) з Расіі ці Украіны ў Беларусь без суправаджальных або фітасанітарных дакументаў.

Дзейнічала група на працягу некалькіх гадоў. Абвінавачаныя ў большасці віну не прызналі, у судзе казалі пра ціск, які на іх аказваўся супрацоўнікамі КДБ падчас следства. У сваякоў і адвакатаў былых мытнікаў таксама нямала прэтэнзій да таго, як расследавалася і перадавалася справа ў суд. Родныя абвінавачаных скардзіліся, што ў ім шмат нестыковак, але галоўнае — за некалькі месяцаў пільнага назірання за працай мытнікаў, тэлефонных праслховак і сачэння са здабыткам не ўзялі нікога. Раней абвінавачаныя пісалі заяву ў пракуратуру, у якой скардзіліся на супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў КДБ, якія ўжываліся да іх пры допыце, на фізічны і псіхалагічны гвалт і ціск. Аднак пракуратура паведаміла аб адсутнасці складу злачынства.
Паводле tut.by