Newsweek: Лукашэнка спрабуе заткнуць рот незалежным СМІ

Беларускіх журналістаў пераследуюць і кідаюць за краты толькі за тое, што яны спрабуюць праверыць факты.

68831879_ecbf_4dc4_a098_175470d07902_cx0_cy7_cw0_w1200_r1.jpg


У сярэдзіне жніўня Лукашэнка быў на мяжы, калі дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы Мінска, патрабуючы адстаўкі таго, каго называюць «апошнім дыктатарам Еўропы». Беларусы патрабавалі правядзення свабодных выбараў замест тых фальшывых, якія былі праведзеныя ў пачатку апошняга летняга месяца.

65-гадовы Лукашэнка трымаецца за ўладу ў Беларусі ўжо 26 гадоў, заняўшы пасаду прэзідэнта неўзабаве пасля таго, як краіна стала незалежнай пасля распаду СССР. Але мінулае лета, як піша Newsweek стала момантам, калі яго рэжым сутыкнуўся з самым сур’ёзным за ўвесь час выклікам. Прадэмакратычная апазіцыя згуртавалася вакол Святланы Ціханоўскай, якая замяніла свайго мужа Сяргея. Яго ж кінулі за краты за 10 тыдняў да пачатку беларускіх выбараў.

З удзельнікамі пратэстаў жорстка распраўляліся на вуліцах і ў турмах. А службы бяспекі без стомы пераследавалі кожнага, на каго было хоць бы найменшае падазрэнне ва «ўдзеле ў беспарадках». Дзякуючы падтрымцы Крамля, які дапускаў адпраўку расійскіх войскаў у Беларусь, Лукашэнка перажыў горшыя для яго масавыя акцыі беларусаў.

Яшчэ больш арыштаў, яшчэ больш пагроз, яшчэ больш выпадкаў заражэння каронавірусам і халодная зімовае надвор’е пазбавіла вулічны рух імпульсу. Апазіцыя ўжо не напаўняе вуліцы Мінска дзесяткамі тысяч людзей. Але дзеянні працягваюцца ў жылых раёнах. 17 студзеня незалежнае агенцтва навін BelaPAN паведаміла пра па меншай меры 30 маршах і мітынгах па ўсёй Беларусі.

BelaPAN і іншыя недзяржаўныя СМІ — «выратавальны круг» для апазіцыі, жыццёва важны канал, Дзякуючы якому можна пачуць і ўбачыць яе далейшую дзейнасць. Журналісты і праваабаронцы сказалі Newsweek, што менавіта таму незалежныя СМІ ў Беларусі сталі галоўнай мішэнню для Лукашэнкі апошнім часам.

«Давер да незалежнай прэсы ў Беларусі ў цэлым надзвычай узрос у 2020 годзе. Гэта адбылося дзякуючы асвятленню пандэміі COVID-19, якое адрознівалася ад дзяржаўнага падыходу, а таксама далейшаму асвятленню выбараў. Думаю, урад спрабуе знішчыць крыніцы і брэнды, якім давяраюць, каб далей можна было маніпуляваць кантэнтам ў сацыяльных сетках, распаўсюджваючы фэйкі, плёткі, ствараючы “каламутную” сітуацыю, у якой не вядома, каму можна верыць», — сказала Марыя Садоўская-Комлач з Free Press Unlimited.

Яна дадала, што ў Беларусі працягваюцца арышты журналістаў. Раней іх хапалі, калі яны вялі трансляцыі падзей.

«Раней, калі працягваецца пратэст, а вы стаіце з камерай, то гэтую камеру маглі разбіць і гэтак далей. Але цяпер усё зайшло далей, думаю, дзесьці з лістапада. Цяпер журналістаў пераследуюць за звычайную праверку фактаў», — распавяла Садоўская-Комлач.

foto_nar.jpg


З лістапада па меншай меры 9 крымінальных справаў было ўзбуджана супраць журналістаў. Пра гэта сведчаць звесткі «Рэпарцёраў без межаў» і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Сярод іх Андрэй Аляксандраў, былы супрацоўнік BelaPAN, які дапамагаў збіраць сродкі для падтрымкі зняволеных удзельнікаў пратэстаў і іх сем’яў.

Яго калега з BelaPAN Таццяна Бублікава была ў рэдакцыі ў Мінску, калі туды ўварваліся агенты службаў бяспекі. Гэта адбылося 14 студзеня. Рэйд прайшоў у рамках расследавання супраць Аляксандрава. Бублікаву забрала хуткая, таму што ў яе падскочыў крывяны ціск. Адзін з узброеных агентаў суправадзіў яе да бальніцы і спрабаваў не дапусціць, каб яна з дапамогай тэлефона напісала пра інцыдэнт у рэдакцыі. Але Бублікава змагла запісаць і апублікаваць відэазаявы, хаваючыся ад агента.

Па яе словах, праца рэдакцыі была амаль цалкам паралізаваная. Супрацоўнікі, якіх не арыштавалі ў той дзень, цяпер баяцца за сваю бяспеку і кар’еру.

«Мы ўсе стаміліся баяцца. Баяцца страціць працу, баяцца арыштаў, допытаў у КДБ і праслухоўванняў. Мы стаміліся ад атмасферы страху і недаверу. Мы хочам проста жыць, дыхаць свабодна, быць адкрытымі і сумленнымі з іншымі, а не баяцца за родных», — сказала Бублікава.

Беларускіх журналістаў хапалі падчас падаўлення першых пратэстаў. У іх стралялі, іх білі і вылучалі абвінавачванні супраць іх нароўні з іншымі дэманстрантамі. Рэжым атакуе журналістаў, спрабуючы тым самым аслабіць прадэмакратычны рух.

«Бесстаронняя журналістыка дапамагае людзям прымаць рашэнні і працягваць пратэставаць. Нашы рэпартажы нейтралізавалі ўплыў хлусні дзяржаўных СМІ. Напрыклад, дзяржаўная прэса сцвярджае, што апазіцыйныя мітынгі сабралі менш за 20 тысяч чалавек. Але мы апублікавалі відэарэпартажы, на якіх відаць, што людзей было значна больш», — патлумачыла Бублікава.

Яна дадала, што толькі дзякуючы незалежным рэпартажам людзі даведаліся пра тое, як паліцыя забіла Аляксандра Тарайкоўскага, хоць ён быў бяззбройны і падняў рукі ўверх. Толькі дзякуючы незалежным СМІ беларусы даведаюцца пра зверствы і катаванні, якія прымяняе міліцыя.

Пратэсты ў Беларусі зараз некалькі аціхлі. Але абодва бакі чакаюць ажыўлення актыўнасці з пачаткам вясны. Палітычныя беспарадкі і эканамічны крызіс — гэта горкае спалучэнне. Ужо зараз ёсць пэўныя прыкметы аднаўлення актыўнасці. На гэтым тыдні беларуская міліцыя арыштавала больш за 100 чалавек падчас пратэстаў у Мінску.

«Думаю, ціск на недзяржаўныя СМІ будзе ўзмацняцца на фоне ажыўлення пратэстаў і з набліжэннем канца кіравання Лукашэнкі. Я не ведаю, што менавіта можа адбыцца. Але відавочна, што Лукашэнка пойдзе на ўсё, каб застацца ва ўладзе. Ён гатовы ісці да канца», — сказала Бублікава.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ