У нядзелю затрымалі больш за 160 чалавек

У цэнтры Мінска 31 студзеня адбыліся затрыманні, калі сотні чалавек выйшлі без плакатаў і сцягоў на супольную прагулку.

6dc29f34dac4112d660dfa5066bdaea5.jpg


Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Спісы затрыманых» у Мінску было затрымана больш за 120 чалавек. Некаторых з іх выпусцілі з РУУСаў.

Па даных праваабарончага цэнтру «Вясна» па стане на 22.02 было затрымана 167 чалавек. Гэтая колькасць можа павялічыцца.

Вядома, што сярод затрыманых — два супрацоўнікі інвестыцыйнай кампаніі «Зубр Капітал». Адзін з іх — Яўген Бачышчаў, кіраўнік дэпартамента кантролінгу і рызык-менеджменту. Другі — Мікалай Шастак, кіраўнік-партнёр. Мужчыны, як сцвярджаецца, знаходзяцца ў Кастрычніцкім РУУС. Афіцыйна іх затрыманне не пацверджанае.

Вядомы беларускі аналітык Вадзім Іосуб на старонцы ў фэйсбуку эмацыйна паведаміў, што затрымана яго дачка.

Таксама паведамляецца пра затрыманне прадзюсаркі і рэжысёркі Карыны Хацкалавай. Яе прозвішча значыцца ў спісе затрыманых 31 студзеня. Афіцыйнага пацвярджэння затрымання таксама не было.

Тэлеграм-канал «Белыя халаты» паведамляе пра затрыманне як мінімум пяці дактароў. Гэта ўрач-анестэзіёлаг ДХЦ Лазарава Святлана Уладзіміраўна. Яна была затрыманая разам з мужам Віталём. Яшчэ двое затрыманых дактароў — Ільіна Таццяна Валер’еўна, загадчыца рэнтгеналагічным аддзяленнем РНПЦ «Кардыялогія», і доктар-анколаг МГКОД Буралкін Дзмітрый Аляксандравіч. Апошняга адвезлі на Акрэсціна. Была затрыманая ўрач-афтальмолаг 5 гарадской клінічнай паліклінікі Марханава Вольга Сяргееўна. Паведамляюць, што яна затрыманая паўторна. У спісах затрыманых апынулася і лекар Цепляшына Іна Станіславаўна, якая раней працавала судова-медыцынскім экспертам.