«Нібыта ўсё загадзя зразумела». Пачаўся судовы працэс па ліквідацыі руху «Гавары праўду»

Пасля першага пасяджэння аб ліквідацыі руху ў працэсе абвясцілі перапынак да 8 кастрычніка, адзначае «Свабода».

41341c8c_3b9c_443e_927e_271cc9afe16e_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.webp

5 кастрычніка ў Вярхоўным судзе Беларусі прайшло першае пасяджэнне суду па ліквідацыі руху «Гавары праўду». Ліквідацыю ініцыяваў Мінюст Беларусі. На працэсе арганізацыю прадстаўляў яе лідар Андрэй Дзмітрыеў.

«Нібыта ўсё загадзя зразумела, але непазбежна ўнутры жыве надзея: а раптам гэтым разам будзе "да законаў"? Прынамсі, самі мы ўпэўненыя, што пры любым рашэнні суду застанемся і будзем працягваць надалей», — гэтак Андрэй Дзмітрыеў падзяліўся чаканнямі ад вердыкту Вярхоўнага суду на пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі рэгістрацыі «Гавары праўду».

Наступнае пасяджэнне па справе пройдзе ў пятніцу, 8 кастрычніка.

«Гавары праўду» — грамадская кампанія, распачатая 25 лютага 2010 года. Яе ініцыятар і першы лідар — вядомы беларускі паэт Уладзімір Някляеў, які быў адным з кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. У красавіку 2015 года Някляеў пакінуў кампанію, яе новым кіраўніком стаў Андрэй Дзмітрыеў, які быў кандыдатам у прэзідэнты ў 2020 годзе.

13 ліпеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі пачало пазапланавую праверку дзейнасці «Гавары праўду». 15 ліпеня сілавікі правялі ў офісе арганізацыі вобшук.

12 жніўня Андрэя Дзмітрыева дапыталі ў рамках крымінальнай справы. Якой — ён не можа назваць праз падпіску аб невыразгалошванні.

«Гавары праўду» зарэгістраваная як грамадская арганізацыя, аднак сёлета Андрэй Дзмітрыеў абвясціў намер стварыць на яе базе палітычную партыю.

З сярэдзіны ліпеня ў Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Геаграфія ліквідаваных уладамі ўстаноў ахапіла практычна ўсю Беларусь.

Пад пагрозай існаванне дзясяткаў асветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, даследчых і іншых арганізацый. Прадстаўнікоў устаноў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Усяго на верасень, згодна са звесткамі праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі ад ліпеня 2021 года ліквідавалі ўжо 135 недзяржаўных арганізацый.