Ніякай радасці! Мінадукацыі канчаткова вызначылася з выпускнымі ў кавярнях і рэстаранах
Выпускныя вечарыны «адназначна» нельга ладзіць у рэстаранах, кавярнях, забаўляльных цэнтрах ды іншых падобных аб'ектах — гэтая пазіцыя вызначана ў загадзе Міністэрства адукацыі. Раней правесці выпускныя «без лімузінаў і рэстаранаў» запатрабаваў Лукашэнка.
Сёлета выпускнікамі 11-х класаў у Беларусі стануць больш за 55 тысяч маладых людзей, 9-я класы заканчваюць больш за 108 тысяч. «Апошнія званкі» для іх пройдуць 25 мая, а выпускныя вечарыны з уручэннем атэстатаў адбудуцца 14 чэрвеня.
Кансультантка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Мінадукацыі Таццяна Асмалоўская паведаміла, што арганізацыя гэтых мерапрыемстваў рэгламентавана Міністэрствам адукацыі і праводзіць іх трэба ў памяшканнях устаноў адукацыі — як правіла, у школах, піша «Люстэрка» са спасылкай на БелТА.
— У выключных выпадках урачыстасці могуць праводзіцца ва ўстановах культуры ці ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Магчыма арганізаваць свята і на адкрытай пляцоўцы, але гэта ўсё роўна павінна быць пляцоўка ўстановы адукацыі, — распавяла кансультантка.
Паводле яе слоў, у Мінадукацыі рэгулярна атрымліваюць пытанні ад бацькоў і выпускнікоў аб тым, ці можна праводзіць выпускныя вечары ў рэстаранах, кафэ, забаўляльных цэнтрах і іншых аб'ектах, аднак адказ ведамства —« Адназначна не».
— Гэтая пазіцыя вызначана ў загадзе Міністэрства адукацыі. Любая лакацыя правядзення ўрачыстага мерапрыемства знаходзіцца на кантролі і органаў упраўлення адукацыі, і органаў унутраных спраў, — дадала Асмалоўская.
Яна адзначыла, што ўлады ўжо распланавалі правядзенне як «апошняга званка», так і выпускных вечароў:
— Адпрацаваныя маршруты сустрэчы світання, масавыя гулянні ў горадзе. На ўсіх этапах у мэтах стварэння ўмоваў бяспекі будуць забяспечаныя дзяжурствы педагагічных і іншых работнікаў устаноў адукацыі. Урачыстасці будуць праходзіць таксама ва ўзаемадзеянні з бацькоўскімі калектывамі. Цяпер шырока абмяркоўваецца тэма зместу мерапрыемстваў, сцэнарныя распрацоўкі. Натуральна, мы трымаем на кантролі і гэтыя моманты.
Сярод форм правядзення выпускных вечароў Таццяна Асмалоўская прапанавала «школьныя капуснікі, традыцыйныя конкурсы талентаў, прэзентацыі кінафільмаў і кінастужак са школьных гадоў».
— Таксама цікавымі складнікамі мерапрыемстваў з'яўляюцца памятныя дзеянні ў выглядзе закладкі алеі ці капсулы памяці для выпускнікоў будучых гадоў. Гэта дазволіць падкрэсліць сувязь выпускнікоў са школай, з пакаленнямі іншых выпускнікоў. Вядома, у кожнай установе ёсць свае традыцыі, свае фішачкі, гэта таксама мае месца быць, — сказала кансультантка.
30 красавіка Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў больш сціпла адзначаць выпускныя вечары. Ён адзначыў, што да святкавання ў рэстаранах з паездкамі на лімузінах ён ставіцца «вельмі негатыўна»: «Гэта павінна быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, — калектывам. Паскачуць, світанак сустрэнуць».
Ён заявіў, што «нельга дапускаць расслаення», а ўлады робяць усё для таго, каб «стварыць для вучобы ў школе роўныя магчымасці».
Заяву палітыка пракаментаваў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, аднак з яго слоў вынікала, што пытанні правядзення выпускных вечароў у рэстаранах і кафэ — гэта справа кіраўніцтва школы і бацькоўскага камітэта, але толькі з узгаднення ўладаў.
— Важна адзначыць, што Міністэрствам адукацыі пытанні правядзення выпускных вечароў у рэстаранах, кафэ, іншых аб'ектах не рэгламентуюцца, — заявіў Кадлубай.
Паводле яго слоў, час, працягласць і месца правядзення выпускнога вечара вызначаюцца «рашэннем, якое прымаецца кіраўніком установы агульнай сярэдняй адукацыі з удзелам бацькоўскага камітэта і па ўзгадненню з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па падпарадкаванасці».
Пры гэтым ён зазначыў, што мясцовыя ўлады і чыноўнікі нясуць «персанальную адказнасць за належную арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў», у тым ліку за ідэалагічную накіраванасць.