Нямецкі аналітык: Беларусы — глыбока еўрапейская нацыя

Якаб Валенштайн, кіраўнік беларускага офіса Фонду Конрада Адэнаўэра, напісаў артыкул, прысвечаны Беларусі і яе перспектывам уступлення ў Еўрасаюз.

Фота udf.name

Фота udf.name

У сваім артыкуле, адзначае «Наша Ніва», Валенштайн піша, што хаця на дадзены момант гэта гучыць утапічна, але ў доўгатэрміновай перспектыве далучэнне краіны да Еўрасаюза было б ў еўрапейскіх палітычных інтарэсах, бо Беларусь шмат у якіх сэнсах еўрапейская краіна.

Краіны ЕС рыхтуюцца да наступных выбараў у Еўрапарламент, якія адбудуцца ў чэрвені 2024 года, контуры палітычнага ландшафту Еўропы змяняюцца, а народ Беларусі апынуўся ў самым цэнтры значных геапалітычных зрухаў.

Дэкларацыя аб перспектыве сяброўства Беларусі ў Еўрапейскім саюзе, прынятая дэмакратычнымі сіламі ў жніўні 2023 года на канферэнцыі «Новай Беларусі», сведчыць аб смелай пераарыентацыі з арбіты Расіі на еўрапейскую траекторыю, піша нямецкі аналітык.

На думку Якаба Валенштайна, гаворка не толькі пра геаграфію. У гістарычным і культурным плане беларуская нацыя таксама глыбока еўрапейская.

Рост Вялікага Княства Літоўскага ў XIV стагоддзі, у цэнтры якога знаходзілася Беларусь, роля гэтай дзяржавы ў эпоху Адраджэння і яе наватарскі канстытуцыяналізм у XVIII стагоддзі падкрэсліваюць унутраную еўрапейскую ідэнтычнасць Беларусі.

Беды ХХ стагоддзя, войны і таталітарызм нанеслі глыбокія раны Беларусі, аднак устойлівая еўрапейская сутнасць нацыі засталася некранутай. Падзенне камунізму і наступныя спробы наладзіць адносіны з Захадам прынеслі пэўныя пробліскі свабоды і нацыянальнага адраджэння, якое змянілася аўтарытарным рэжымам і неасавецкім кіраваннем Лукашэнкі.


Глядзіце таксама

Нягледзячы на прарасійскую арыентацыю рэжыму Лукашэнкі, у настроях беларускага грамадства назіраецца прыкметны зрух.

У той час як апытанні яшчэ ў 2018 годзе паказвалі, што каля 60% беларусаў выступаюць за больш цесныя сувязі з Расіяй, пры канцы 2020 года гэтая лічба ўпала ніжэй за 40% на фоне жорсткага падаўлення пратэстаў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў.

Таксама паказальна, што абсалютная большасць беларусаў, маладзейшых за 45 гадоў, схіляюцца да заходніх дэмакратычных сістэмаў і каштоўнасцяў: аж да 60% людзей да 30 гадоў прытрымліваюцца гэтага пункту гледжання.

Такім чынам, Дэкларацыя аб перспектыве сяброўства Беларусі ў Еўрапейскім саюзе адлюстроўвае памкненні насельніцтва, якое хацела б аднавіць сувязі з Еўропай.

Аднак стратэгічная пераарыентацыя Беларусі — няпросты працэс. Расія прывязала да сябе беларускую эканоміку.

Дэмакратычная апазіцыя Беларусі прызнае неабходнасць істотных геапалітычных зрухаў як перадумовы членства Беларусі ў ЕС. Гэта можа стацца як у выніку ўнутраных канфліктаў у Расіі ў выпадку, скажам, паразы ў вайне, так і дэмакратычных перамен у самой Беларусі.

Са свайго боку, ЕС мусіць гарантаваць, што Беларусь не застанецца сам-насам з праблемамі падчас пераходнага перыяду, і прадэманстраваць, што ён гатовы падтрымаць яе. Такая падтрымка, у сваю чаргу, пашырыць праеўрапейскія настроі сярод беларусаў.

Беларусь з яе адукаваным насельніцтвам, з развітымі сектарамі ІТ і электронікі, з прыхільнасцю да ўстойлівага развіцця можа ў будучыні стаць каштоўным партнёрам ЕС.

Яе патэнцыйнае сяброўства можа нават натхніць дэмакратычныя рухі ў суседняй Расіі.

Зараз ЕС стаіць перад стратэгічным рашэннем: ці можа ён прапанаваць Беларусі нейкую цікавую альтэрнатыву, каб яна далучылася да еўрапейскай сям’і. Далучэнне Беларусі да еўрапейскай сям'і праз дыялог і падтрымку яе прадэмакратычных элементаў з'яўляецца неадкладным прыярытэтам, які закладвае аснову для больш цесных сувязяў з перспектывай уступлення Беларусі ў ЕС.