«Беларусь ад Расіі атрымлівае больш дапамогі, чым Польшча ад ЕС. Але Польшча пры гэтым развіваецца, а Беларусь — не»

Шмат слоў гаворыцца апошнія гады пра тое, што Беларусь мусіць ісці ў ЕС. Аднак беларуская эканоміка вельмі моцна завязана на Расіі — ці не стане разварот балючым? Разважаюць эканамічныя эксперты.

Фота: Павел Хадзінскі

Фота: Павел Хадзінскі

Вялікае пытанне — у якім стане будзе наша эканоміка на той момант

Цяпер беларуская эканоміка больш арыентуецца на Усход.

«Наша Ніва »пацікавілася ў экспертаў, якія маюць ўласную думку адносна пытанння.

«Першае вялікае пытанне палягае ў тым, калі можа наступіць той момант, што Беларусь вырашыць асацыявацца з ЕС», — адзначае экспертка BEROC Анастасія Лузгіна.

На яе думку, ад гэтага непасрэдна будзе залежаць, у якім стане будзе знаходзіцца наша эканоміка. Наколькі глыбокай будзе інтэграцыя з краінамі Усходу і наколькі моцна акажуцца разарваныя эканамічныя сувязі з Захадам.

«Перад тым, як пайсці на такі крок, бакі аналізуюць асноўныя макраэканамічныя паказчыкі. Важныя ўзровень ВУП на душу насельніцтва, стабільнасць фінансавага рынку, узровень беспрацоўя, інфляцыі і г. д. Важным застаецца развіццё так званай «устойлівай эканомікі», — тлумачыць эканамістка.

Экспертка адзначае, што ў Беларусі, напрыклад, няма праблем з беспрацоўем, якія назіраюцца ў балканскіх краінах, якія даўно імкнуцца ў ЕС, але ёсць шэраг іншых фактараў, якія могуць перашкаджаць інтэграцыі.

«У Беларусі ёсць праблемы з паказчыкамі інфляцыі, з прыцягненнем прамых замежных інвестыцый. Неабходна развіваць пазабанкаўскія фінансавыя інстытуты, абмежаваць узровень дзяржуласнасці ў банках. Спатрэбіцца аўдыт і рэфармаванне дзяржпрадпрыемстваў», — кажа Лузгіна.

Неабходна разумець, што ў выпадку інтэграцыі з ЕС прысутнічаюць дадатковыя рызыкі. Таму спачатку неабходны пэўныя крокі па зніжэнні гэтых рызык і шокаў.

Яшчэ адным важным пунктам на шляху інтэграцыі эканамістка называе неабходнасць гарманізацыі заканадаўства з асноўнымі нормамі ЕС.

«Для паспяховай інтэграцыі нам спатрэбіцца гарманізацыя знешняга гандлю з ЕС, развіццё лагістычных шляхоў, развіццё заканадаўства ў галіне абароны правоў інвестараў.

Акрамя таго, у выпадку з паглыбленнем інтэграцыі ў бок ЕС у нейкай меры прыйдзецца разрываць адносіны з той жа Расіяй, якая на сёння з'яўляецца нашым галоўным эканамічным партнёрам».

Беларусі можа быць прасцей, чым Украіне

Нягледзячы на ўсю складанасць і наяўнасць пэўных рызык, Анастасія Лузгіна лічыць, што разварот эканомікі ў бок Еўропы стане выгадным крокам для Беларусі як у сярэднетэрміновай, так і ў доўгатэрміновай перспектыве.

Наша эканоміка можа перабудавацца і інтэгравацца ў еўрапейскую. Праўда, пры ўмове падтрымкі з боку ЕС. Для гэтага ў Еўрасаюзе існуюць спецыяльныя фонды, якія фінансуюць гэтыя працэсы.

Анастасія Лузгіна адзначае, што інтэграваць Беларусь у ЕС прасцей, чым напрыклад, Украіну. Нават калі браць яе даваенны стан.

«Беларусь нашмат меншая за Украіну, адпаведна для фінансавання Беларусі і рэфармавання яе эканомікі спатрэбіцца нашмат менш сродкаў і рэсурсаў, чым неабходна Украіне», — адзначае экспертка.

Нават калі пры параўнанні з Украінай браць яе даваенныя паказчыкі, то з пункту гледжання эканомікі ў Беларусі больш фактараў, якія могуць хутка запусціць працэс трансфармацыі.

«У нас ёсць бізнес, які працуе, які выжывае ва ўмовах строгага дзяржаўнага кантролю, функцыянуе шэраг буйных прадпрыемстваў.

Ва Украіне, напрыклад, большую, чым у Беларусі, долю ВУП займае сельская гаспадарка, а беларуская эканоміка развівала прамысловую вытворчасць. Таму паспяховая пераарыентацыя цалкам магчымая, але пры ўмове рэструктурызацыі і рэфармавання эканомікі», — кажа экспертка.

Доступ на больш ёмісты еўрапейскі рынак

Лузгіна лічыць, што падпісанне асацыяцыі з ЕС стала б пазітыўным момантам для эканомікі Беларусі, паколькі еўрапейскія краіны па ўзроўні эканамічнага і тэхналагічнага развіцця знаходзяцца значна вышэй, чым эканоміка Расіі і іншых членаў ЕАЭС.

«У такім выпадку Беларусь атрымлівае доступ на больш ёмісты еўрапейскі рынак. Плюс адкрываецца шэраг іншых магчымасцей. Збліжэнне з ЕС можа пазітыўна паўплываць не толькі на экспарт нашых тавараў, але і на імпарт тэхналогій.

Акрамя таго гэта ўжо будуць не адносіны з адной краінай, а з шэрагам дзяржаў. Такім чынам губляецца залежнасць ад адной дзяржавы, як гэта ёсць цяпер, бо асноўныя бенефіты ад знаходжання ў ЕАЭС Беларусь атрымлівае менавіта ад саюза з Расіяй».

Пры гэтым эканамістка звяртае ўвагу, што калі працэс збліжэння з ЕС і пачнецца, то ён будзе доўжыцца не адзін год.

«Ніхто адразу Беларусь або якую-небудзь іншую краіну ў Еўрасаюз не прыме. Цяпер праводзіцца мноства перамоў і даследаванняў па Малдове і Украіне. Гэты працэс можа расцягнуцца на гады.

А што тычыцца асацыяцыі, то гэта не поўнае адкрыццё рынкаў і меж, а толькі збліжэнне. Гэта спрашчае і палягчае ўзаемаадносіны ў гандлі. Дае доступ да еўрапейскага фінансавання».

Анастасія Лузгіна лічыць, што калі ўлады хочуць, каб наша краіна развівалася, то ў любым выпадку прыйдзецца прыйсці да дыверсіфікацыі знешніх узаемасувязей і наладжванні адносін з Еўропай.

Саюз з Расіяй не будзе даваць магчымасці для развіцця

Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч лічыць, што Новай Беларусі неабходна будзе імкнуцца да выхаду са складу так званай Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС і іншых інтэграцыйных праграм, якія прывязваюць Беларусь да Расіі.

Пры гэтым эканаміст адзначае, што на бягучы момант эканоміка Беларусі надзвычай моцна залежыць ад Расіі. Ён вылучае тры асноўныя сферы, дзе залежнасць ад Расіі асабліва адчувальная:

1) Гэта залежнасць энергетычная, якая тычыцца не толькі нафты і газу, але і ўсяго, што звязана з будаўніцтвам і выкарыстаннем АЭС.

2) Эканамічная. Каля 65% беларускага экспарту прыходзіцца на долю РФ. Апроч гэтага, большая частка з астатніх 35% накіроўваецца праз Расію (яе чыгунку, парты і банкаўскую сістэму). Таму дадаецца залежнасць лагістычная.

3) Залежнасць фінансавая, паколькі РФ з’яўляецца апошнім крэдыторам для Беларусі.

«Такім чынам, калі настане першы дзень пасля Лукашэнкі, а Расія будзе існаваць у тым жа выглядзе, што і цяпер, то ў Масквы захаваюцца вельмі моцныя рычагі ўплыву на Беларусь і беларускую эканоміку», — адзначае эксперт.

Але гэта не азначае, што Беларусі трэба з гэтым змірыцца, захаваць статус-кво і далей заставацца ў адной звязцы з Расіяй. Аляхновіч упэўнены, што працяг арыентацыі на саюз з Расіяй не будзе даваць нам магчымасці для развіцця.

«Мы жывём у прывязцы да краіны, эканоміка якой ужо больш за 10 гадоў знаходзіцца ў стане стагнацыі. Разам з ёй у стагнацыі знаходзіцца і беларуская эканоміка.

Калі, напрыклад, асноўны гандлёвы партнёр Польшчы — Германія, а Мексікі — ЗША, то гэта тэхналагічна і эканамічна развітыя краіны, чые эканомікі растуць і развіваюцца.

Лукашэнка ж прывязаў нас да эканомікі, дзе шмат чаго залежыць ад сувязяў, дзе высокі ўзровень карупцыі, дзе шмат якія пытанні вырашаюць не па законе, а па паняццях. Апошнія два гады яна наогул стала таксічнай. Таму ў доўгатэрміновай пазіцыі такое супрацоўніцтва застаецца неперспектыўным», — упэўнены эксперт.

Усходняй Швейцарыяй не быць?

Аляхновіч адзначае, што ў шчыльным супрацоўніцтве з Расіяй наша эканоміка добра развівалася толькі ў нулявых, калі Лукашэнка ўдала прысмактаўся да Расіі і атрымліваў высокія энергетычныя гранты. Як гэты перыяд скончыўся, то і развіццё спынілася. Ужо больш за 10 гадоў наша эканоміка фактычна стаіць на месцы.

Альтэрнатывай знаходжанню ў складзе Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС Алесь Аляхновіч называе інтэграцыю з ЕС.

«Да 2020 года некаторыя эксперты лічылі, што для Беларусі лепш за ўсё быць Усходняй Швейцарыяй, якая будзе мостам паміж Усходам і Захадам. Краінай, якая будзе атрымліваць бенефіты ад гэтага супрацоўніцтва».

Заставацца ў аднолькава добрых адносінах з ЕС і РФ або мець нейтральны статус да нядаўняга часу было самым папулярным запытам з боку беларусаў. Напрыклад, у верасні 2020 года так лічылі 63% беларусаў. Згодна з апошнімі данымі апытання Chatham House, ідэя заставацца нейтральнымі хоць і застаецца самай папулярнай у беларускім грамадстве (46%), расце запыт на шчыльнае сяброўства з РФ — 41%. За больш шчыльнае супрацоўніцтва з ЕС выказаліся 13% апытаных.

«За трыццаць гадоў сяброўства з Расіяй наша краіна адстала ад развітых краін. Мінімальны заробак у Беларусі ў 5 разоў меншы, чым у суседніх краінах ЕС. Сярэдні заробак меншы ў тры разы.

Беларусы нагамі паказваюць, дзе лепшы ўзровень заробкаў і жыцця, бо гэта дзясяткі тысяч беларусаў з'язджаюць на заробкі і на ПМЖ у Літву і Польшчу, а не палякі і літоўцы пераязджаюць у Беларусь. Гэта факты, якія немагчыма аспрэчыць».

Дарадца Ціханоўскай па эканамічных рэформах кажа, што чуе ад праціўнікаў інтэграцыі з ЕС довады пра тое, што Польшча нібыта дасягнула поспехаў не праз правільныя эканамічныя рэформы, а толькі дзякуючы фінансавай падтрымцы з боку Еўрасаюза.

«Вось толькі пытанне ў тым, што Беларусь таксама атрымлівае фінансаванне звонку, толькі не ад ЕС, а ад Расіі. І калі ў межах ЕС грошы размяркоўваюцца на конкурснай аснове і ідуць на падтрымку канкрэтных праектаў, то з фінансаваннем з боку Расіі такой празрыстасці няма.

У Беларусі грошы, атрыманыя ад РФ, часткова асядаюць у гаманцах рэжыму, частка разбазарваецца на сілавы блок, на тое, што не ўплывае на якасць жыцця шараговых грамадзян і не спрыяе эканамічнаму развіццю.

У выніку мы маем, што ў працэнтных суадносінах да валавага прадукту Беларусь ад Расіі атрымлівае больш дапамогі, чым Польшча ад ЕС. Але Польшча пры гэтым развіваецца, а Беларусь — не».