Нямецкія СМІ пра «справу БелТА»: Дзяржава хоча паказаць, хто гаспадар

Так камэнтуе нямецкае радыё «Deutschlandfunk» «справу БелТА», у выніку якой у Беларусі міліцыя затрымала больш за дзясятак незалежных беларускіх журналістаў, правяла ў іх дома і на месцы працы ператрусы і на некалькі дзён ізалявала іх у пастарунку, піша «Радыё Свабода».

Падчас ператрусу ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН 7 жніўня 2018 года

Падчас ператрусу ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН 7 жніўня 2018 года

Паводле афіцыйнай заявы прадстаўнікоў следчых органаў, размова ідзе пра незаконны доступ да платнай інфармацыі дзяржаўнай агенцыі.

Карэспандэнтка “Deutschlandfunk” Забіна Адлер (Sabine Adler), якая піша пра Беларусь, лічыць, што падобнае тлумачэнне афіцыйнага Мінску зусім не пераканала ў тым, што «там сапраўды было супрацьпраўнае выкарыстанне інфармацыі». Справа, мяркуе яна, хутчэй у наступе на незалежную журналістыку ў інтэрнэце, дзяржава проста хоча паказаць, хто сапраўдны гаспадар у доме.

Звычайныя СМІ пад кантролем, узяліся за інтэрнэт

Паводле Забіны Адлер, прэзідэнт Лукашэнка заўсёды трымаў медыя пад кантролем. Ад 2011-га падкантрольным стаў і інтэрнэт. З гэтага лета закон аб СМІ стаў яшчэ больш жорсткім. Аднак беларускі кіраўнік таксама бачыць, што цалкам ахапіць насельніцтва яму з ягонымі дзяржаўнымі СМІ, якія складаюць вельмі вялікую частку ад усёй медыяпрасторы ў Беларусі, больш не ўдаецца. Пра гэта сведчаць сацыялагічныя апытанні з лічбамі чытачоў, слухачоў ды гледачоў. І як супрацьвага гэтаму — незалежныя СМІ, якія проста пішуць, што адбываецца ў краіне, і гэта аўтакратычнаму лідару не падабаецца.

Як падкрэслівае нямецкая журналістка, пасля расійскай анексіі Крыму ў 2014 годзе з боку Мінску назіраліся пэўныя высілкі, каб наблізіцца да ЕС. Пасля пяцігадовага перапынку ўпершыню зноў запрацаваў Мінскі форум з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з Беларусі, ЕС і ЗША. Паводле Забіны Адлер, гэта было расцэнена як сігнал адкрытасці краіны.

Таксама трэба ведаць, што Лукашэнка ці яго пасланцы ў ЕС, або ўсе яны разам, засяроджаныя на фінансавых і эканамічных перамовах з Захадам, кажа аўтар артыкулу “Deutschlandfunk” Забіна Адлер, адзначаючы, «што пры гэтым ніколі не ўздымаюцца пытанні, якія тычацца правоў чалавека і свабоды СМІ».