Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах (фота)
Ва ўрочышчы Курапаты сёння праходзіць Ноч расстраляных паэтаў.
Імпрэзу традыцыйна рыхтаваў Зміцер Дашкевіч. Але яго затрымалі і адправілі на суткі. Даследчыца беларускай літаратуры, пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец мяркуе, што Змітра адмыслова затрымалі напярэдадні мерапрыемства, каб перашкодзіць яго правесці. Між тым, Ноч усё роўна адбудзецца — Ганна Севярынец узяла арганізацыю на сябе.
Ганна Севярынец распавядала, што фармат сённяшняга мерапрыемства будзе адрознівацца ад папярэдніх. Вершы расстраляных паэтаў будуць чытаць не толькі літаратары, але і спартоўцы, і медыкі, і акцёры, і тэлевізійшчыкі, радыйшчыкі, і прадстаўнікі стачкамаў. Таксама ў спіс расстраляных, які зачытваецца кожны раз перад «Ноччу паэтаў», будуць далучаныя тыя, хто загінуў ужо на пратэстах.
Наш карэспандэнт перадае, што сёлета сцэна для выступоўцаў знаходзіцца ў іншым месцы — далей ад Галгофы, бліжэй да рэстарацыі "Поедим поедим".
На паркоўцы ля Курапатаў заўважаны машыны з дыпнумарамі Эстоніі, Вялікабрытаніі. Верагодна, дыпламаты прыехалі, каб выказаць сваю салідарнасць.
20:00. Імпрэза пачалася. Ганна Севярынец просіць людзей па магчымасці застацца пасля яе, каб абараніць тых, хто будзе збіраць апаратуру. Як заўжды, тут шмат міліцыянтаў у форме і без.
Ганна Севярынец: "Праз 80 гадоў пасля курапацкай трагедыі мы адчуваем той жа жах, які людзі адчувалі тады. Таму назва імпрэзы яшчэ адна: Курапаты-Акрэсціна".
Імёны расстраляных пад звон зачытваюць Вольныя Купалаўцы.
Пасля імёнаў рэпрэсаваных у 1937-м прагучалі імёны Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Генадзя Шутава і Мікіты Крыўцова, што загінулі падчас сёлетніх пратэстаў.
Наста Дашкевіч: "У 1937 годзе дзяржава знішчала класавых ворагаў. У 2020-м беларуская ўлада катуе і забівае свой народ. Тады нам так не балелі Курапаты і ГУЛАГ, як сёння баліць Акрэсціна. Мы бачым нашых збітых сваякоў — і гэта баліць. Мы ходзім па вуліцах, названых імёнамі катаў, і не звяртаем на гэта ўвагі. А ўсё гэта — звёны аднаго ланцугу. Гэта адбываецца тады, калі ўлада атрымлівпе ліцэнзію на гвалт. Але мы стаім тут, каб засведчыць, што каты будуць пакараныя, а ахвяры суцешаныя.
Наста Дашкевіч прачытала верш Надзеі Гарэцкай:
Ад крыжа ў КурапатахДа Акрэсцінскіх нарГаласіць узараты,Непакаяны шнар.І звініць кайданкаміСалідарнасці цяжАд яроў з чарапаміДа смярдючых параш.Галасы зкатаваныхІ памерлых уздыхЛямантуюць званаміІ малітвай святых.Курапацкія стогныІ Акрэсцін туга -Непазбежныя звёныАднаго ланцуга.
Япіскап Леанід Вараненка ўпершыню ў Курапатах. Ён гаворыць, што "сэрца перарываецца ад таго, што адчувае тут. Нам трэба засвойваць гістарычныя ўрокі. Прычына цемры — покрыва маўчання. Заклік Евангелля — пакаяцца. Пакаяцца — значыць назваць рэчы сваімі імёнамі. Пакаяцца — значыць узяць адказнасць за маўчанне нашых бацькоў".
Моліцца.
Ніну Багінскую сустракаюць апладысментамі.
— 29 кастрычніка 37-га года людзі былі вынішчаны рэпрэсіямі, падаўленне жыцця. Тут было не толькі падаўленне — было вынішчэнне нацыі. Не толькі інтэлігенцыі. Гісторыкі назвалі гэта канвеер смерці, чырвоны паток. Былі вынішчаны дзясяткі тысяч людзей. Беларусь упала на калені. Яна забыла сваю мову, нацыю. Невялікая колькасць людзей памятала пра гэта, яны працягвалі работу па адраджэнні нашай нацыі, і нарэшце, гэта адбылося напрыканцы 80-х гадоў. Але з прыходам да ўлады Лукашэнкі адраджэнне прыпынілася і пачаўся фашызм. Ён праявіўся ў тым, што людзей ізноў пачалі страляць. Зараз прыклад — арганізатары гэтай памятнай ночы альбо ў выгнанні, як Вячаслаў Сіўчык, альбо за кратамі, як Зміцер Дашкевіч. Гэта і ёсць вынішчэнне нашай нацыі. І таму я ў сваім сталым веку буду прыходзіць паўсюль, куды моладзь запрашае, бо я бачу, што яна не баіцца пашыць бчб-сцягі і выходзіць на акцыі пратэсту. Дзякуй моладзі. Жыве Беларусь!
Уладзімір Някляеў: "Я жыву ў доме, які стаіць на месцы, дзе калісьці стаяла бацькоўская хата Валерыя Маракова. Калі я штодня выходжу з хаты, я ўспамінаю яго і яго вершы. А калі я сядзеў у той жа турме, у якой у 1937-м сядзеў ён і ў якой яго расстралялі, я думаў, што можа, на гэтых нарах ляжаў ён ці нехта іншы. І я ўяўляю, як яны напружваліся, калі чулі шоргат, ведаючы, у якой краіне жывуць.
Паэт прачытаў верш, прысвечаны гэтаму.
Азіраючыся назад у жахі гісторыі, мы думаем: скончылася, гэта ўжо ніколі не паўторыцца, чалавецтва ідзе наперад. Але ў кожным руху ёсць адкаты назад. І мы зараз знаходзімся ў гэтым адкаце, калі ведаем, што нас могуць зноў расстраляць.
Але плакаць нам не час. Нам трэба змагацца, каб тое ніколі больш не паўтарылася. Жыве Беларусь!"
Усе разам спяваюць "Магутны Божа".
Кацярына Ваданосава перад прамовай прачытала свой верш:
Страшна табе, мой дружа?..
Страшна. У зрэнках - цемра.Той, хто няпраўдзе служыць,Дулам у спіну цэліць.Ведаеш, я пад раннеДзетак сваіх сніла:Быццам іх катавалі,Ботамі ў твар білі.Крыкам крывава-цяжкімГорла мне захліснула...Вось што было страшна.Болей я не заснула.Ну, а цяпер - ззадуЧорныя йдуць калоны.Страх - ўсё адно здрада:здрада каханым, родным.Так, нам зламаюць рукі,Так, нам растопчуць твары,Але нястрашна, слухай, -Ім не знявечыць мары.Дзеля чаго мы крочымУскрайкам сваёй магілы?Каб нашым дзецям у вочыСмела глядзець маглі мы.
Са скрыпкай выйшла дачка Кацярыны Стэфа. Яна выконвае песню на верш Канстанцыі Буйло "Люблю наш край, старонку гэту".
Вахту памяці прымаюць літаратары: Таццяна Нядбай, Марыя Мартысевіч, Максім Гаруноў, Дар'я Бялькевіч.
Нядбай гаворыць, што хацела б падзяліць гэтую сцэну з яшчэ чытырма арыштаванымі літаратарамі: Паўлам Севярынцам, Максімам Знакам, Змітром Дашкевічам і Дзмітрыем Строцавым. Яна чытае ўрывак з паэмы Тодара Кляшторнага "Калі асядае муць".
Марыя Мартысевіч чытае свае вершы.
Дар'я Бялькевіч чытае верш рэпрэсаванага паэта, філосафа Ігната Дварчаніна, верш сучаснага рэпрэсаванага Ігната Сідорчыка і свой уласны верш.
Наш карэспандэнт паведамляе, што ў Курапатах ужо некалькі соцень чалавек.
Максім Гаруноў чытае верш Мойшэ Кульбака. Ён распавёў, што зараз у Ізраілі яго дачка спадарыня Рая Кульбак глядзіць прамую трансляцыю Ночы расстраляных паэтаў.
Алесь Вяслаўскі выконвае песню на верш Янкі Купалы "Прарок" і песню на верш Ізі Харыка ў перакладзе Алеся Звонака "Я прачнуся".
Вось з такім жа плакатам Зміцер Дашкевіч хадзіў на маршы пратэсту.
Варту памяці працягваюць Вольныя Купалаўцы — Зоя Белахвосцік, Яўгенія Кульпачная, Юлія Шпілеўская. Акрамя прамоваў, яны таксама чытаюць творы расстраляных пісьменнікаў.
Зоя Белахвосцік, дэкламуючы, не можа стрымаць слёз. Зрэшты, не толькі яна. Купалаўцы сыходзяць са сцэны пад апладысменты з мокрымі вачыма.
Выступае пастар Вячаслаў Ганчарэнка. "На гэтай зямлі пралілося шмат крыві. Бог чуе кроў, якая крычыць з зямлі", — гаворыць ён.
На курапацкую сцэну выходзіць Андрэй Хадановіч з гітарай. Сярод іншага, спявае "Муры". Людзі спяваюць разам і хлопаюць. Запалілі ліхтарыкі мабільных тэлефонаў.
Варту прымаюць навукоўцы, выкладчыкі, настаўнікі Павел Баркоўскі, Ірына Раманава, Алесь Мінаў.
Павел Баркоўскі
Павел Баркоўскі выказвае словы падзякі арганізатарам Ночы расстраляных паэтаў. "Мы зрабілі вялікую памылку напачатку 90-х, што досвед Курапатаў і расстралянага грамадства не быў асэнсаваны людзьмі".
Чытае верш Уладзіміра Дубоўкі "Ты мне гаворыш", прысвяціўшы яго Змітру Дашкевічу і калегам, выкладчыкам і студэнтам, якія цяпер у няволі.
Ірына Раманава чытае верш "Песня мужыка", які ў лютым 1937 года напісаў вучань 8 класа з вёскі на Магілёўшчыне Ягор Калбееў і паслаў яго ў газету "Звязда". За гэты верш быў арыштаваны не толькі Ягор Калбееў, але і яго бацька і двое суседзяў, якія слухалі гэты верш і не данеслі. Усе яны былі сасланыя ў ГУЛАГ. Вярнуўся толькі бацька Ягора Яфім Калбееў.
Алесь Мінаў чытае верш Уладзіміра Някляева "Апошні паэт".
Слова мае знакаміты ксёндз Вячаслаў Барок. Зачытаў радкі верша паэта Андрэя Зязюлі, які быў каталіцкім святаром. Ён памёр у 1921 годзе, але яго імя варта згадаць, бо ён стаяў ля вытокаў нацыянальнага адраджэння Беларусі. Вячаслаў Барок заклікаў пакаяцца ў грахах камуністычнага рэжыму. Ксёндз ладзіць малітву за ўсіх памерлых і ахвяраў таталітарнага рэжыму і таго злачыннага рэжыму, які цяпер пануе на нашай зямлі.
Да мікрафону выходзіць Зміцер Бартосік.
Далей варту памяці прымаюць спартоўцы — чэмпіёнка свету па штурханні ядра Надзея Астапчук і галоўны трэнер гандбольнага клуба "Віцязь" Андрэй Якаўлеў.
Надзея Астапчук зачытвае верш, які ёй даслаў Зміцер Дашкевіч
Андрэй Якаўлеў чытае ўласныя вершы. Сярод іх — верш пра яго калег, якія маўчалі, напісаны ў сярэдзіне жніўня.
Спартсменаў праважаюць авацыямі, воклічамі "Дзякуй!" і "Жыве Беларусь!".
Далей — студэнты: Яўгенія Субат, Паліна Забела, Крысціна Забела. Дзяўчаты чытаюць вершы расстраляных паэтаў і сучасных.
Далучаюцца мінскія дактары: Андрэй Вітушка, Андрэй Любецкі, Дзмітрый Лапцэвіч.
Да мікрафона выходзіць журналістка Наталля Лубнеўская.
З Ліды прыехаў бард Сяргей Чарняк, ён прачытаў верш.
Сяргей Мельянец, чый дзед расстраляны ў Курапатах, таксама чытае верш.
Выходзіць пастар Антоні Бокун і вакальная група царквы Ян Прадвеснік. Імпрэза ідзе да заканчэння. Гаворыць, што тут (у Курапатах) вельмі моцна адчуваеш, што ёсць святло і цемра, і нельга заставацца нейтральным.
Яны будуць спяваць песню "Паўстань", напісаную ў 2006 годзе.
Імпрэза завяршаецца ўсеагульнай малітвай "Ойча наш".
А каб было весялей збірацца — прыехаў Піт Паўлаў з гітарай.
Фота Яны Трусіла