Цяпер ці ніколі. Іначай нас чакаюць гета і курапацкія магілы

Дзяржава, якая парушае прынцыпы і ганьбіць каштоўнасці цывілізаванага грамадства, — у любым разе нежыццяздольная.

Фота Аляксандра Зяньковіча

Фота Аляксандра Зяньковіча

25 кастрычніка ў Гродне затрымалі доктара гістарычных навук Аляксандра Краўцэвіча. Раніцай 26 кастрычніка з ланцуга салідарнасці амапаўцы забралі паэта і барда Эдуарда Акуліна. У гэты ж дзень наўпрост на прадпрыемстве запакавалі каля сотні рабочых «Гродна Азота». Зранку 27 кастрычніка ў міліцыю адвезлі дактароў-кардыёлагаў, якія выйшлі на вуліцу, каб засведчыць сваю салідарнасць з працоўнымі і выказаць пратэст супраць гвалту.

Тое ж, што мы перажываем з лета 2020-га, беларусы перажывалі ў 1930-х гадах. Тады таксама хапалі паэтаў і навукоўцаў, дактароў і працоўных. А роўна 83 гады таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, разам расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. І сённяшнія вартаўнікі рэжыму ўсё яшчэ не дазваляюць нам ушанаваць іх памяць, адмаўляючыся прызнаваць Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і выдзіраючы з карэннем крыжы ў Курапатах.

Яшчэ нядаўна мы маглі казаць: «Хіба што яшчэ не расстрэльваюць». Але рэжым перайшоў мяжу і пачаў забіваць: Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Генадзя Шутава… Колькі імёнаў мы яшчэ не ведаем?..

Фота Аляксандра Зяньковіча

Фота Аляксандра Зяньковіча


…Падчас нядзельнага маршу 25 кастрычніка я ішла ў калоне прыгожых, мужных, разумных людзей і адчувала, якое гэта шчасце — быць сярод іх. З гэтымі не знаёмымі, але такімі роднымі беларусамі я адчувала сябе ў абсалютнай бяспецы.

Але праз які дзясятак хвілін пачалося пекла. Бандыты ў форме і без сталі перакрываць бакавыя вуліцы на падыходзе да Вярхоўнага суда, адразаючы людзям шляхі для адступлення. Людзей, проста як статак у загон, мэтанакіравана гналі на «рубяжы» і ўзброеныя шэрагі АМАПу, каб потым пачаць расстрэльваць святлашумавымі гранатамі і гумовымі кулямі. Гэтак у 1937-м праганялі вязняў «калідорам смерці». Гэтак нацысты гналі габрэяў у газавыя камеры. Гэтак жа і цяпер лукашэнкаўцы гоняць беларусаў, якія жадаюць жыць у вольнай краіне, пад абстрэл.  

Фота Аляксандра Зяньковіча

Фота Аляксандра Зяньковіча


Чалавечае жыццё — найгалоўнейшая каштоўнасць дзяржавы. Павага да асобы і яе правоў — непарушны прынцып функцыянавання і развіцця. Дзяржава, якая парушае прынцыпы і ганьбіць каштоўнасці цывілізаванага грамадства, — у любым разе нежыццяздольны арганізм. Але агонія яе можа доўжыцца дзесяцігоддзі, а сепсіс можа захопліваць усё новыя здаровыя ўчасткі. Таму гніль трэба выдаляць як мага хутчэй.

Цяпер ці ніколі. Іначай нас чакаюць гета і курапацкія магілы.