Замест удзелу ў пратэстах — бясплатная сельгаспраца!
Чый крэатыў будзе ярчэйшым і больш спадабаецца
грамадству — у таго перавага. Каб адцягнуць людзей ад акцый пратэсту, пракурор прапанаваў накіроўваць іх на
сельгаспрацы, паведамляе onliner.by.
Савецкі плакат
Барацьба ідэалогій часам вядзецца творчымі, нестандартнымі метадамі. Вось і пракурор Гарадоцкага вырашыў, што, відаць, прычына масавага ўдзелу беларусаў у пратэстных акцыях — у тым, што дзяржава не прапануе ім вартай праграмы, як правесці выходныя!
Пракурор Гарадоцкага раёна Яўген Авцын прапанаваў мясцовай вертыкалі свае варыянты, як адцягнуць шырокія масы ад удзелу ў акцыях. Чыноўнік верыць, што энергію пратэстоўцаў можна выкарыстоўваць больш эфектыўна, калі замест удзелу ў вулічных акцыях прапанаваць ім паехаць працаваць у палі — абяцае нават бясплатна іх туды прывезці!
Свае творчыя напрацоўкі пракурор выклаў у лісце, накіраваным у райвыканкам. Дакумент датаваны 22 кастрычніка, але з'явіўся ў сетцы нядаўна. У ім Яўген Авцын рэкамендуе ўладам чымсьці заняць вольны час грамадзян і асабліва звяртае ўвагу на суботу і нядзелю. «...У мэтах адцягнення грамадзян ад удзелу ў масавых акцыях у выхадныя дні арганізаваць іх запрашэнне сельскагаспадарчымі арганізацыямі на ўборку ўраджаю — сартаванне сельгаспрадукцыі і іншыя віды работ», — піша Яўген Авцын.
З бонусаў — бясплатная дастаўка і магчымасць набыць частку прадукцыі па выгаднай цане, або атрыманне яе наогул бясплатна. Зрэшты, у лісце пракурора нідзе не сказана, што за працу збіраюцца плаціць. Якім чынам пракурор вызначыў, што мэтавую групу — людзей, што выходзяць на пратэсты, — павінна масава зацікавіць яго прапанова паехаць у палі? Нават для такіх шырока разрэкламаваных афіцыёзам сацыяльных груповак, як «прастытуткі і наркаманы», здаецца, не вельмі шчодрая ўзнагарода — пасля дня бясплатнай працы атрымаць магчымасць НАБЫЦЬ танную гародніну…
Зрэшты, сельгасработы — не адзінае, што прапанаваў пракурор. Адцягнуць увагу пратэстоўцаў можна і культурнымі мерапрыемствамі «з выкарыстаннем наяўнай інфраструктуры». Можна перасцерагчы магчымай адказнасцю — для гэтага выканкаму неабходна распаўсюдзіць адпаведныя ўлёткі. На раённым сайце, дарэчы, неўзабаве пасля ліста пракурора, з'явілася такая інфармацыя.