Па ўсёй Польшчы прайшлі акцыі памяці цяжарнай жанчыны, якая памерла ў шпіталі

Амаль у 80 гарадах Польшчы ў суботу прайшлі акцыі ў памяць аб цяжарнай Ізабэле, якая памерла 22 верасня ў больніцы ў горадзе Пшчына на поўдні краіны.

1582068211_0_173_3077_1904_1920x0_80_0_0_980a335db0c038d3076df6a9c6d26fed.jpg

Аб смерці 30-гадовай жанчыны стала вядома толькі нядаўна, аб ёй паведаміла адвакатка сям’і.
Самая масавая акцыя ў памяць аб Ізабэле, пры ўдзеле дзясяткаў тысяч чалавек, прайшла ў польскай сталіцы — Варшаве. Людзі сабраліся каля будынка Канстытуцыйнага суда і накіраваліся ў бок міністэрства аховы здароўя. Людзі выходзілі з плакатамі «Ніводная больш», а таксама з фатаграфіямі Ізабэлы.
30-гадовая Ізабела звярнулася ў больніцу на 22-м тыдні цяжарнасці ў сувязі з заўчасным адыходам каляплодных водаў. Пры шпіталізацыі лекары пацвердзілі раней дыягназаваныя прыроджаныя заганы развіцця плода.
«Падчас шпіталізацыі зародак памёр. Пасля менш як 24 гадзін знаходжання ў больніцы жанчына таксама памерла. Прычынай смерці стаў септычны шок. У памерлай засталіся муж і дачка», – напісала адвакатка Ёланта Будзоўская.
Адвакатка расказала, што падчас знаходжання ў больніцы Ізабэла перапісвалася са сваімі роднымі і сябрамі. Яна пісала, што «ў адпаведнасці з інфармацыяй, якую паведамлялі ёй урачы, яны прынялі чакальную пазіцыю, устрымліваючыся ад апаражнення маціцы да моманту смерці плода, што звязана з дзейнымі нормамі, якія абмяжоўваюць магчымасць правядзення легальнага аборту».
22 кастрычніка мінулага года Канстытуцыйны суд Польшчы ўзмацніў жорсткасць і без таго аднаго з самых строгіх еўрапейскіх законаў у сферы абортаў. Згодна з законам ад 1993 года, перарываць цяжарнасць дазвалялася ў выпадку згвалтавання або інцэсту, калі цяжарнасць і роды пагражаюць жыццю або здароўю маці, а таксама ў выпадку незваротнай інваліднасці плода. Апошні пункт быў выкраслены з закона.
Гэта прывяло амаль да поўнай забароны абортаў у краіне, бо менавіта з гэтай прычыны жанчынам часцей за ўсё дазвалялася перарываць цяжарнасць. Тады па Польшчы пракаціліся шматтысячныя антыўрадавыя акцыі, людзі патрабавалі адстаўкі правакансерватыўнага кабінета партыі «Права і справядлівасць».
Радыё Свабода