Польшча абвінаваціла Беларусь у пабудове кладак для мігрантаў
Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак 5 лістапада абвінаваціў беларускі рэжым у пабудове адмысловых кладак для мігрантаў, каб яны маглі пераходзіць мяжу на польскі бок у балоцістай ваколіцы, паведамляе «Свабода».

«Маштабы ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў эскалацыі міграцыйнага крызісу велізарныя. Беларусы нават будуюць спецыяльную інфраструктуру, каб штурхаць мігрантаў у Польшчу. Напрыклад, ёсць кладкі, якія кіруюць людзей у балоцістыя мясцовасці», — напісаў Блашчак у «Твітары» і ілюстраваў свае словы адпаведным здымкам.
Тым часам польская паліцыя паведаміла пра затрыманне машыны хуткай дапамогі з мігрантамі замест пацыентаў. Здарэнне адбылося 4 лістапада каля Бельска на Падляшшы.
Калі паліцыянты спынілі аўтамабіль, кіроўца ўцёк. У машыне застаўся яго напарнік, грамадзянін Польшчы, і пяцёра грамадзян Ірака, якія нелегальна перайшлі беларуска-польскую мяжу. Кіроўцу паліцыі ўдалося знайсці толькі з дапамогай верталёта.