Польшча: Беларускія памежнікі пагражалі, што будуць страляць у польскіх салдат

Польскі бок заявіў пра чарговую правакацыю на польска-беларускай мяжы на працягу апошніх дзён.

pameznik.jpg

За апошнія суткі польскія памежнікі зафіксавалі 345 спроб перасячэння польска-беларускай мяжы. У дачыненні да 70 чалавек былі вынесеныя рашэнні аб неабходнасці неадкладна пакінуць тэрыторыю Польшчы. Астатнія спробы супрацоўнікі прадухілілі, піша www.polskieradio.pl.

Ад пачатку міграцыйнага крызісу ў жніўні на польска-беларускай мяжы было больш за 30 тысяч нелегалаў. Супрацоўнікі паліцыі затрымалі больш за 200 чалавек, якія перавозілі нелегальных мігрантаў.

Міністэрства нацыянальнай абароны паведамляе пра чарговую правакацыю на мяжы з Беларуссю. Учора беларускія жаўнеры спрабавалі стрэліць з сігнальнага пісталета па польскіх салдатах. Зброя, аднак, не стрэліла.

Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы таксама паведаміла, што ў 100 метрах пяцёра ўзброеных беларусаў спрабавалі разбурыць агароджу, яны крычалі, што будуць страляць у польскіх жаўнераў. Палякі распавялі, што яны выклікалі дадатковыя сілы арміі і памежнай варты — і беларусы адступілі.