Пацярпелы ад тэракта ў мінскім метро стварае грамадскую камісію па расследаванні
Пацярпелы падчас выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года Самвел Саакян стварае грамадскую камісію па расследаванні тэракта.
Ён лічыць, што сапраўднага следства так і не адбылося. Не выяўленыя замоўнікі, арганізатары злачынства.
— Я ніколі гэтай тэмы не забываў і заўсёды займаўся расследаваннем гэтага злачынства. Ёсць факты, якія сведчаць, што гэтае злачынства цалкам не раскрытае, — распавёў Самвел Саакян. — Мы пачалі фармаванне грамадскай камісіі, гэта такое грамадскае фармаванне, якое не мае статусу грамадскага аб’яднання. То бок у нас няма статуту і арганізацыйных мэтаў. Мэта тут толькі адна: група грамадзян хоча ведаць праўду. Чаму? Літаральна некаторы час таму я звяртаўся ў Вярхоўны суд з просьбай прадаставіць мне доступ да матэрыялаў справы ў парадку закона аб архівах, то бок не ў працэсуальным парадку. У выніку былі парушаны мае правы на прадстаўленне інфармацыі. А суддзя, які падпісаў адказ, Гураў, парушыў некалькі артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Крымінальнага кодэкса. Адмыслова для яго я даводжу, што ў вольны час ён можа азнаёміцца з артыкулам 9.6 КаАП «аб адмове ў прадстаўленні грамадзяніну інфармацыі», парушэнне заканадаўства аб звароце грамадзян, незаконная адмова ў доступе да архіваў і архіўных дакументаў. Таксама суддзя можа азнаёміцца з артыкулам 204 Крымінальнага кодэкса «адмова ў прадстаўленні грамадзяніну інфармацыі, які прывёў да нанясення істотнай шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна.
— Чым суддзя аргументаваў сваю адмову? Суд жа быў адкрытым.
— Ён аргументаваў гэта тым, што пацярпелы Саакян азнаёміўся з з усім аб’ёмам матэрыялаў па справе, якія яму прадставілі. Я не аднойчы заяўляў, што не толькі мне, але і шмат каму яшчэ не прадстаўлялі поўнага аб’ёму інфармацыі. Фактычна 564 тамы за два дні вывучыць нерэальна. Таксама ў сваім адказе ён спрабаваў пазбегнуць свайго непасрэднага абавязку паведаміць пракурору пра факты, якія былі выкладзены ў маёй заяве. А ў маёй заяве былі выкладзены факты, што гэтае злачынства працягваецца, ёсць іншыя непасрэдныя ўдзельнікі гэтага злачынства і іх трэба шукаць. І пра гэта ён паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэкса быў абавязаны паведаміць пракурору. Але гэтага абавязку не выканаў. У сувязі з гэтым мне прыйшлося звярнуцца ў КДБ Беларусі і, шчыра кажучы, я быў здзіўлены рэакцыяй супрацоўнікі прыёмнай, які мяне прымаў. Я паведаміў, што ёсць іншыя асобы, якіх трэба знайсці, а мне адказалі, што мы вас адпускаем, а вы напішыце пісьмовую заяву і адпраўце нам поштай. Калі грамадзянін прыходзіць і заяўляе пра злачынства, і яго ў гэты ж момант не дапытваюць, дык пра што гэта сведчыць? Гэта сведчанне таго, што сістэма ўлады канчаткова развалілася, органы фактычна не ўмеюць працаваць, або яны ведаюць, хто гэта зрабіў і хаваюць інфармацыю ад грамадскасці.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя