Падлетак падаў у Літве заяву на беларускіх міліцыянтаў, якія збілі яго летась

Арсень Захарэвіч — першы непаўналетні, які падаў заяву за мяжой на беларускіх міліцыянтаў па ўніверсальнай юрысдыкцыі, піша Свабода.

arsen_zaharevicz.jpg

17-гадовы Арсень Захарэвіч стаў уцекачом і цяпер жыве з бацькамі ў Літве. У жніўні 2020 года яго збілі міліцыянты ў Барысаве. Ягоная маці Юлія Чарных дабівалася пакарання для сілавікоў, але крымінальную справу распачалі на яе.
11 жніўня 2020 года Арсень Захарэвіч гуляў з сябрамі ў цэнтры Барысава.
«Яшчэ на падыходзе да плошчы адзін міліцыянт пачаў чапляцца да мяне, патрабаваў для чагосьці паказаць рукі і сказаў: „Каб я цябе, с*ка, тут не бачыў!“. Я пайшоў праводзіць дзяўчыну. На зваротным шляху мяне спынілі трое міліцыянтаў і супрацоўнікі ўнутраных войскаў — і пачалося. Білі па шыі, па галаве, пад дых, потым павезлі ў бок плошчы. Там стаяў іх службовы транспарт. Паклалі на асфальт. Паглядзелі мой тэлефон, ім нешта не спадабалася, і пачалі біць — дручкамі, нагамі, па спіне, па азадку... Я спытаўся: „За што?“. Міліцыянт схапіў мяне за валасы, падняў маю галаву і закрычаў у твар: „А што ты добрага зрабіў для краіны?!“» — расказваў падлетак.
Па словах хлопца, збіццё працягнулася і ў РАУС. Потым у аддзел міліцыі прыйшла маці Арсенія і ўбачыла, што сын пабіты.
«Я сказала, што буду пісаць заяву пра збіццё, а інспектар пачала мне пагражаць, што „пабойцеся наступстваў“. Потым нас пераводзілі з кабінета ў кабінет, і з'явіўся наш участковы. Ён пры мне пачаў біць сына! Схапіў за плечы, пачаў выкручваць галаву, я пачала крычаць на яго. Потым міліцыянты пачалі на нас наязджаць: „Чаму ён там быў, чаго ён туды ішоў?“» — расказвала Юля.
Юлія Чарных зняла пабоі сына, пісала заявы ў міліцыю і пракуратуру. Замест пакарання міліцыянтаў крымінальную справу распачалі ў дачыненні да Юліі — нібыта яна абразіла старшыню камісіі ў справах непаўналетніх.
Пасля ўцёкаў з Беларусі сям’я жыла ва Украіне. Цяпер перабралася ў Літву.
«Мы з дапамогай Камітэту па расследаванні катаванняў падалі заяву ў паліцыю на барысаўскіх міліцыянтаў. Гэта справа ўніверсальнай юрысдыкцыі. У нас на руках усе дакументы — і экспертыза пабояў, і нашы заявы, і адказы нам. Больш за тое — мы ведаем тых, хто біў Арсенія.
Мяне ўжо дапыталі ў паліцыі месяц таму. 15 снежня будзе допыт у сына, каб прызнаць яго пацярпелым у гэтай справе», — расказала Юлія.
Яна кажа, што калі Арсенія прызнаюць пацярпелым па справе, то барысаўскіх міліцыянтаў мусяць выклікаць на допыт у літоўскую паліцыю.
«Калі яны не прыедуць, то іх пададуць у вышук у Інтэрпол, і яны будуць невыязныя з Беларусі. Калі Арсенія прызнаюць пацярпелым, то я магу падаваць у міжнародны суд на тых людзей, якія яго збілі», — дадала Юлія Чарных.
У Літве яна і муж знайшлі працу, дзеці — Арсені і яго малодшая сястра — пайшлі ў школу.
Арсень — першы непаўналетні, які падаў заяву за мяжой на беларускіх міліцыянтаў па ўніверсальнай юрысдыкцыі.
У Камітэце па расследаванні катаванняў зазначылі, што менавіта ў Літве ўжо дзясяткі беларусаў падалі скаргі па ўніверсальнай юрысдыкцыі на катаванні з боку міліцыі.
«Праводзіцца папярэдняе расследаванне, збіраюцца доказы. Сітуацыя змяняецца. Калі сёння міліцыянты не пакараныя, гэта не значыць, што так будзе заўсёды. Злачынцы — прыйдзе час, панясуць адказнасць. Наша задача цяпер — прыблізіць гэты час», — сказала супрацоўніца Камітэту па расследаванні катаванняў.