Падзеі, якія перавярнулі жыццё: у Мінску адкрылася ўнікальная фотавыстава пра Курапаты
Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту ўсталявання Крыжа Пакуты ў Курапатах. З гэтай нагоды ў Мінску адкрылася выстава фотаздымкаў Уладзіміра Сапагова, чыя камера зафіксавала гэтую падзею. Пасля смерці аўтара арыгіналы здымкаў апынуліся на сметніку, і негатывы, якія адлюстроўвалі нашую найноўшую гісторыю, цудам удалося выратаваць.
«У людзей была адна мэта — змяніць камуністычны лад»
Выстава «Курапаты, Дзяды-1989 (30-я ўгодкі шэсця і ўсталявання Крыжа Пакуты)» адкрылася вершам Анатоля Сыса «Адпусціце мяне, Курапаты». Сыс, як і сённяшні кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, удзельнічаў у моладзевым літаратурным аб’яднанні «Тутэйшыя». Менавіта яны падавалі заяўку на першае шэсце на Дзяды ў Курапаты ў 1988 годзе.
— Улетку 1988 года адбылося першае шэсце ў Курапаты. Гэта была поўная нечаканасць для ўладаў, і нашая праходка не была забароненая. І пасля гэтага, пасля артыкула ў «ЛіМе» стала зразумела, што гэтае месца — моцны ўдар для тагачаснай улады, якая базавалася на камуністычнай ідэалогіі, — узгадвае Алесь Бяляцкі.
Увосені 1988 года адбыліся гістарычныя Дзяды каля Маскоўскіх могілак, ісці ў Курапаты тады не збіраліся. Бяляцкага, які быў заяўнікам акцыі, затрымалі, і яму здавалася, што гэта — канец свету. Але людзі самаарганізаваліся, і гэта дало моцны штуршок для развіцця дэмакратычнага руху ў краіне: былі створаныя «Мартыралог Беларусі», сакратарыят БНФ «Адраджэньне».
— Ніхто не дзяліўся на правых і левых, у людзей была адна мэта — змяніць гэты камуністычны лад і правесці незалежныя выбары, — зазначае праваабаронца.
Па яго словах, Крыж Пакуты, які ўсталявалі ў Курапатах праз год, быў сімвалам пэўнай маральнай перамогі і памяці пра тых людзей, якія там ляжалі, і пра той злачынны перыяд.
Мастацкі выгляд крыжа прыдумаў мастак Алесь Марачкін, які дадаў да тысячагадовага хрысціянскага сімвалу цярновы вянец з калючага дроту.
— Таемна ля кальцавой дарогі ў майстэрні хлопцы рабілі гэты крыж з вялікага дрэва. Гэты эскіз і цяпер у мяне захоўваецца, — распавёў мастак.
Ён дадаў, што, калі сёлета ў мемарыяле ламалі крыжы, кажучы, што яны не асвечаныя, — гэта быў для яго шок, «бо яны асвечаныя нашымі малітвамі і пакутамі». Алесь Марачкін распрацаваў шэраг графічных малюнкаў, прысвечаных крыжалому.
Дзікунства нават для атэіста
Крыж Пакуты, мяняючыся, неслі каля 60-ці чалавек. Адным з іх быў праваабаронца Валер Шчукін. Дарэчы, многія карыстальнікі, пабачыўшы ў сеціве фотаздымкі з ім, сумняваліся, што гэта ён — камуніст не мог несці крыж.
— Калі я даведаўся пра тое, што робіцца ў Курапатах, мне стала ніякавата. Таму я нёс крыж. Да мяне потым было шмат прэтэнзій з боку партыі, але я ўсё жыццё раблю тое, што лічу патрэбным. Я ўпершыню прыйшоў у Курапаты з гэтым крыжом. Я быў шакаваны, і гэта паўплывала на мяне ў далейшым, — прызнаўся Валер Шчукін.
Паводле яго, крыжалом, які здарыўся ўвесну, гэта дзікунства ўладаў, якое нават для яго, атэіста, непрымальнае.
Гледзячы на шматтысячнае шэсце, узнікае пытанне: «Дзе цяпер усе гэтыя людзі з фотаздымкаў?». Некаторыя з іх, як Зміцер Марчук, і сёння стаяць на абароне Курапатаў. Аб’ектыў фатографа зафіксаваў Змітра 20-гадовым хлопцам з павязкай на галаве, які прамаўляе на мітынгу ля Зянона Пазьняка.
— Гэта быў самы шчаслівы перыяд майго жыцця. Мы лёталі акрыленыя ад таго, што ў нас ёсць культура, мова, — кажа Зміцер. — Мне сказалі, што ёсць такое свята — Дзяды, — і параілі з’ездзіць на Маскоўскія могілкі. І тады я атрымаў «хрышчэнне» — нас труцілі газам «чаромха». Тады ж я далучыўся да «Талакі», мы ездзілі па раскопах па Беларусі, развешвалі па заводзе ўлёткі. І наш завод стаў адным з самых першых баставаць — потым ужо падняліся МТЗ, МАЗ. Тады мяне папрасілі звольніцца…
Сёння Зміцер Марчук — з тых, хто пасля крыжалому штодня прыходзіць у Курапаты на малітву а 19-ай гадзіне.
«Пакуль гэтая ўлада не сыдзе, Курапаты будуць пад пагрозай»
Яшчэ адзін з удзельнікаў тых падзей — Вінцэсь Манько. Ён адзначыў, што збіццё і затрыманні на Дзядах мелі адваротны эфект: замест таго, каб хавацца, людзі сталі дзейнічаць больш рашуча.
— Таму на шэсці ў 1989 годзе страху ўжо не было, мы былі вельмі ўсцешаныя і адчувалі перспектыву. Гэтыя падзеі паўплывалі на жыццё маё і майго пакалення і прывялі мяне да Бога.
Рэжысёрка Вольга Нікалайчык не была ў Курапатах падчас усталявання Крыжа Пакутаў. Але яна — з тых, каго неаднаразова затрымлівалі за акцыі ў абарону мемарыялу.
— Пакуль гэтая ўлада не сыдзе, Курапаты будуць пад пагрозай і абаронцаў будуць затрымліваць. Сёння для ўладаў Курапаты — страшная небяспека, таму што яны — маральны код і падзел нашай нацыі. Улада вельмі баіцца Курапатаў — гэта бачна па крыжалому, па тым, як нас хапаюць. Для мяне Крыж Пакутаў — сімвал вызвалення нацыі, і мы пройдзем гэтым шляхам да вызвалення, бо гэта — наша наканаванне.
Лёс парэшткаў, эксгумаваных у Курапатах, невядомы
Арганізатарка выставы Паліна Сцепаненка распавяла, што летам 1988 года ёй было 20 гадоў і яна працавала з Пазьняком у археалагічнай экспедыцыі ў Лоску.
— Па дарозе адтуль мы заехалі ў Курапаты. Там праходзіла эксгумацыя, якой кіраваў Мікола Крывальцэвіч. Я бачыла тыя ямы, з якіх даставалі людзей. Я запомніла, як з адной з ямаў караскалася мыш, я хацела ёй дапамагчы, працягвала галінку, але нічога не атрымлівалася — настолькі яма была глыбокая. Бачыла і парэшткі людзей, яшчэ не такія даўнія — можна было адрозніць мужчын ад жанчын. І лёс гэтых парэшткаў, якія вывозілі на даследаванні, дасюль невядомы.
Улетку 2018 года юрыст Павел Сапелка напісаў запыт у пракуратуру адносна гэтых парэшткаў. Па яго словах, ведамства проста праігнаравала гэты запыт.
— Кажуць, вайна заканчваецца толькі тады, калі пахаваны апошні салдат. Напэўна, гэта справядліва і для Курапатаў. Яны сталі выклікам для ўладаў 30 гадоў таму, і працягваюць быць ім цяпер. Гэта месца, дзе сутыкаюцца інтарэсы ўлады і грамадзянскай супольнасці, — зазначыў юрыст.
Паліна Сцепаненка распавяла «Новаму Часу», што выставу плануюць паказаць у іншых гарадах Беларусі, а таксама, магчыма, у Польшчы і Літве. Архіў Уладзіміра Сапагова налічвае тысячы негатываў. Для яго гэта быў сэнс жыцця — ён увесь час хадзіў з фотаапаратам.
— Ён здымаў усё, што бачыў — пісьменнікаў, акцёраў, палітычныя падзеі, у яго ёсць цэлая серыя здымкаў акцёраў Купалаўскага тэатра. Мы плануем рабіць і іншыя выставы з яго фотаархіву, тым больш, што ў 1990-м годзе адбывалася вельмі шмат знакавых падзей: усталяванне крыжа ў парку Чалюскінцаў, а таксама памятнай капліцы каля КДБ. Ёсць і вельмі добрыя фотаздымкі з антыкамуністычнай акцыі 1990-га года.
Фота Дзіяны Серадзюк
Гэта не першае экспанаванне фотаздымкаў Уладзіміра Сапагова. Шэраг выставаў адбыўся ў 2015 — 2016 гадах: да 30-годдзя «Талакі», са святкавання Аршанскай бітвы, была выстава ў Чарнігаве, а летась — у Вільні да 100-годдя БНР.
Экспазіцыю «Курапаты, Дзяды-1989 (30-я ўгодкі шэсця і ўсталявання Крыжа Пакуты)» можна ўбачыць на пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» (вул. Ложынская, 16 — 404) да 10 верасня ўключна.