«НКВД забіваў у Курапатах...» — выйшла новая кніга пра сталінскія расстрэлы

5 ліпеня ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі журналіста Марата Гаравога "НКВД забіваў у Курапатах...". Кніга складаецца з 17 тэматычных нарысаў пра сталінскія расстрэлы 1930-х пад Мінскам. Таксама ў ёй можна знайсці больш за 100 унікальных фатаздымкаў і малюнкаў, піша Еўрарадыё.

nkvd_1.jpg


Беларускія ўлады да гэтага часу сцвярджаюць, што невядома, хто і каго расстрэльваў у Курапатах. Тым не менш, журналіст свядома даў кнізе правакацыйную назву. Адкуль такія перакананні?
"Высновы былі зроблены даўно, — распавядае Еўрарадыё Марат Гаравы. — матэрыялы раскопак, што былі праведзеныя пасля адкрыцця Курапатаў, ужо тады пацвердзілі: НКУС вывозіў туды людзей і там іх забіваў. Мы нічога не адкрылі. Мы толькі сцвердзілі тое, што было даўным-даўно адкрыта".
Чаму кнігу было важна выдаць менавіта цяпер? Па словах Марата Гаравога, штуршком для выдання сталі падзеі вакол Курапатаў, якія адбываліся апошнія гады.
"Я вырашыў напісаць гэтую кніжку, каб выкласці сваё бачанне мінулага, сённяшняга і будучыга Курапатаў", — кажа журналіст. Ён упэўнены, што кніга закране ўсіх, хто выхоўвае ў сабе цікавасць да сваёй гісторыі.
Што тычыцца ўмяшальніцтва ўладаў у "добраўпарадкаванне" мемарыяла, Марат Гаравы ўпэўнены: "Да Курапатаў трэба ставіцца шаноўна, як і да любога чалавека, якому яны неабыякавыя. Трэба шанаваць і паважаць меркаванне людзей. Калі сыходзіць з пазіцыі: "Я вырашыў, а вы павінныя!"тады будзе тое, што было і што ёсць".
Аўтар кнігі кажа, што дыялог дзяржавы і народа — гэта заўсёды добра. Але дзяржаве трэба тэрмінова адмовіцца ад плану пабудаваць нацыянальны выставачны цэнтр на полі паміж Курапатамі і "Экспабелам". Маўляў, гэты будынак зменіць усю сітуацыю вакол Курапатаў, знішчыць краявідныя кропкі і прынізіць народны мемарыял.