У Мінску адкрыецца фотавыстава «Курапаты 1989»
Фотавыстава «Курапаты, Дзяды-1989. 30-ыя ўгодкі шэсця і ўсталявання Крыжа Пакуты» адкрыецца ў Мінску 9 ліпеня.
Змаганне за праўду пра Курапаты працягваецца ўжо больш за трыццаць гадоў.
29 кастрычніка на Дзяды 1989 года ў Мінску тысячы людзей прайшлі ад Усходніх могілак да Курапатаў, дзе правялі мітынг-рэквіем і ўсталявалі першыя крыжы, цэнтральны з якіх назвалі Крыж Пакуты. Многія людзі, якія бралі ўдзел 29 кастрычніка 1989 года ў масавым шэсці да Курапатаў, у далейшым адыгралі выключна важную ролю ў станаўленні Беларусі як незалежнай дзяржавы.
Дзяды, 29 кастрычніка 1989 года. Курапаты. Мая Кляшторная, святар Аляксей Шынкевіч, Зянон Пазняк. Аўтар фота: Уладзімір Сапагоў.
Аўтар фотаздымкаў Уладзімір Сапагоў (1952 – 2012), беларускі фатограф, у 80-я гады ХХ стагоддзя – удзельнік моладзевага дэмакратычнага руху, які выступаў за Незалежнасць Беларусі. У 1998-2000 гадах Уладзімір Сапагоў супрацоўнічаў з выданнем Праваабарончага цэнтру «Вясна» – «Права на Волю». Выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Брэсце, вучыўся ў Маскве. Жыў у інтэрнаце Мінскага трактарнага завода. Пасля смерці Уладзіміра Сапагова прадстаўнікі адміністрацыі інтэрната выкінулі на сметнік арыгіналы фотаздымкаў. Сябар фатографа, Міхаіл Мякіш, уратаваў негатывы.
Выстава адкрыецца 9 ліпеня, у 18.00 на адукацыйнай пляцоўцы Тэрыторыя правоў, Мінск, вуліца Ложынская, д. 16 памяшканне 404 (Станцыя метро Уручча).
Паводле racyja.com