Пагаварыце з грамадскасцю

Расійскім журналістам прапанавана сустрэцца з беларускай грамадскасцю.

Пра гэта гаворыцца ў адкрытым звароце Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры да прадстаўнікоў СМІ Расіі — удзельнікаў штогадовага прэсавага туру ў Беларусь. Дакумент падпісалі 31 прадстаўнік ініцыятывы з усіх рэгіёнаў Беларусі.

У звароце, між іншым, гаворыцца: «Вы ў чарговы раз наведалі нашу краіну. І па традыцыі вас імкнуцца запэўніць, як у нас усё хораша і цудоўна. Аднак гэта далёка не так, паколькі вы атрымліваеце толькі афіцыйную, а гэта значыць — аднабаковую інфармацыю.
Мы на ўласным вопыце ўпэўніліся, што беларускія чыноўнікі ўвесь час парушаюць законы, і таму ў нас пануе беззаконне. Мы прайшлі ўсе інстанцыі суда і пракуратуры, аднак не толькі не змаглі ўзнавіць свае парушаныя правы, але нават не змаглі атрымаць на свае скаргі адказы па сутнасці ўзнятых пытанняў, як гэта прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Дзеля ўзнаўлення сваіх правоў мы за апошнія пяць гадоў 38 разоў звярталіся да прэзідэнта краіны як да гаранта нашых правоў і свабод. Аднак кіраўнік дзяржавы так і не сустрэўся з намі. Пры гэтым чыноўнікі Адміністрацыі прэзідэнта прыпынілі з намі «ліставанне» і не пускаюць нас далей свайго парогу. А дзеля большага запужвання супрацоўнікі адміністрацыі пачалі пісаць пасквілі ў міліцыю пра неабходнасць «выхаваўчай работы» з намі.
Мы прыйшлі да высновы, што прэзідэнту Беларусі цікавей сустракацца з вамі — грамадзянамі іншай краіны, чым вырашаць праблемы суграмадзян. Мы неаднаразова звярталіся ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт за дазволам на пікетаванне дзеля прыцягнення ўвагі грамадства і дзяржавы да праблемы парушэння чыноўнікамі правоў грамадзян. Аднак заўсёды атрымлівалі адмову, нягледзячы на тое, што права на свабоднае выказванне свайго меркавання і правядзенне пікету прадстаўлена нам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
3 кастрычніка 2011 года мы вымушаны былі выйсці на плошчу Свабоды ў Мінску, каб падчас пікету звярнуць увагу кіраўніка дзяржавы на сітуацыю, якая склалася. Пікет быў жорстка разагнаны, а дзевяць яго ўдзельнікаў былі пакараныя адміністратыўнымі штрафамі. Такім чынам, чыноўнікі прадэманстравалі нам, што пры адсутнасці аргументаў яны выкарыстоўваюць сілу. Большасць з нас — пенсіянеры, мы не належым ні да якога палітычнага лагеру і не змагаемся за ўладу, а толькі жадаем узнавіць свае парушаныя правы, але не маем магчымасці гэта зрабіць у сваёй краіне. Дзеля таго, каб скласці аб’ектыўнае ўяўленне пра Беларусь, мы прапануем сустрэцца з намі і паразмаўляць».
У каментары «НЧ» лідар грамадзянскай ініцыятывы юрыст Тамара Сяргей паведаміла, што актывісты меркавалі перадаць зварот непасрэдна расійскім журналістам. «Для гэтага мы чакалі іх на ўваходзе ў канферэнц-залу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Але прадстаўнікі расійскіх СМІ насцярожана паставіліся да нас, і зварот узяла толькі адна журналістка. Аднак мы спадзяемся, што з тэкстам нашага звароту расійскія госці пазнаёміцца з беларускай і расійскай прэсы», — сказала юрыстка.