Паказальныя суды — праява псіхічнага разладу грамадства
Як бы рэжым ні спрабаваў ствараць фікцыю народнага адзінства, ні пра якую еднасць насамрэч не вядзецца — наадварот, грамадства расшчэпленае як ніколі. І нават калі мы сёння перажывем гэтую хваробу, не факт, што яна не ўзнікне ў будучыні.
Сілавікі і прапаганда даўно ўзялі курс на публічнае псіхалагічнае катаванне нязгодных з іх палітыкай і дзеяннямі ўладаў людзей. «Пакаяльныя відэа» з затрыманымі, інтэрв'ю дзяржканалам, калі палітвязням з СІЗА або калоніі пасля моцнага ціску даводзіцца «прызнавацца ў злачынствах», агаворваючы сябе, у спадзеве, што за такое «раскаянне» іх хутчэй адпусцяць на волю. А яшчэ суды над людзьмі на прадпрыемствах і ў арганізацыях, дзе яны працуюць. Разборы ў ВНУ і нават школах з цяжкімі вучнямі на вачах у аднакласнікаў і бацькоў. Чаму ўладам у Беларусі так патрэбныя паказальныя расправы? У калонцы для «Зеркала» паразважаў урач-псіхіятр, псіхааналітык Сяргей Папоў.
«Публічныя суды — сімптом расшчаплення і адставання ў развіцці, аналагічны раздваенню асобы ў чалавека»
Грамадства і нацыю можна разглядаць як суб'ект. Любая група людзей, вялікая і маленькая, перастае быць проста групай індывідаў — яна праяўляе сябе як асобны арганізм са сваёй унутранай структурай, асаблівай фізіялогіяй, узаемадзеяннем са знешнім светам і іншымі грамадствамі-суб'ектамі. У любога арганізма здараюцца хваробы, якія праяўляюцца сімптомамі, пашкоджаннямі і часам смерцю. Вядома, наўпрост выкарыстоўваць медыцынскія дыягназы для абазначэння праблем грамадства нельга, але ў некаторых выпадках вельмі нават магчыма.
Напрыклад, як суб'ект сучаснае беларускае грамадства і нацыя пакутуюць на розныя засмучэнні. Гэта падобна да псіхічных засмучэнняў у чалавека, якія выяўляюцца спецыфічнымі сімптомамі, прыводзяць да спынення развіцця і недабрабыту асобных частак грамадства-арганізма — груп людзей, пакаленняў і, у выніку, індывідаў. Адзін з такіх сімптомаў хваробы грамадства выяўляецца феноменам публічных судоў, пра якія апошнім часам пішуць вельмі часта. У дадатак да «пакаяльных відэа» такога кшталту працэсаў становіцца больш, і гэта дазваляе сказаць, што дадзеная хвароба прагрэсуе.
Публічныя суды — гэта сімптом расшчаплення і адставання ў развіцці, аналагічны раздвойванню асобы і затрымкі псіхічнага развіцця ў чалавека як суб'екта. Пры расшчапленні тое, што павінна быць адзіным — у нашым выпадку беларускае грамадства, — дзеліцца на часткі, якія з розных прычын не могуць быць інтэграванымі, але і пры гэтым не могуць існаваць адна без другой. Гэтае раз'яднанне відавочнае для ўсіх: ёсць рэжымная аўтарытарная Беларусь і дэмакратычная; арыентаваная на Захад і супрацьлеглая ёй, арыентаваная на Усход; ёсць дзве мовы; тыя, што засталіся і тыя, што з'ехалі; «ябацькі» і «змагары» і гэтак далей.
Завадатарам гэтай балючай сітуацыі — прадстаўнікам рэжыму, неабходна пастаянна самасцвярджацца, падтрымліваючы сваё пачуццё ілюзорнай усемагутнасці. Пераконваць сябе і іншых у тым, што яны моцныя, хоць у рэальнасці такімі не з'яўляюцца (узяць хоць бы палёт беларускі ў космас, які і быў задуманы як дэманстрацыя гэтай магутнасці, але атрымалася зусім наадварот).
Для гэтага і патрэбныя паказальныя расправы — публічныя суды ў школах, на прадпрыемствах або ў прапагандысцкіх тэлешоу. А ўсё, што можа так ці інакш выдаць, як усё ідзе на самой справе — паказаць, што «кароль голы» і псіхічна нездаровы, — выклікае наймоцнае непрыманне. Можна параўнаць гэта з аўтаіммуннымі рэакцыямі, калі антыцелы атакуюць клеткі ўласнага арганізма.
«Ідэал беларускага рэжымнага грамадзяніна нам паказалі на УНС»
Сама наяўнасць і існаванне іншага, адрознага выклікае ў прадстаўнікоў рэжыму інтэнсіўныя параноідныя рэакцыі, і яны ў гэтай параноі жывуць 24/7, распаўсюджваючы яе як атрутны газ, заражаючы сябе і іншых, больш нейтральна настроеных людзей.
Параноя — неад'емная прыкмета расшчаплення і раздвойвання асобы (пры гэтым у грамадстве паранояць прадстаўнікі кожнага боку, проста кожны — па-свойму). А аўтаіммунная рэакцыя, накіраваная супраць нязгодных, разрастаецца ў неталерантнасць, становіцца ксенафобіяй. Паказальныя суды — гэта чыстая яе праява. І няважна, за што асудзяць таго ці іншага чалавека. Калі ён не ўпісваецца ў сістэму, яму наўпрост дэманструюць: альбо ты цалкам станеш як мы, альбо будзеш публічна выгнаны. А ідэал беларускага рэжымнага грамадзяніна нам паказалі на кадрах УНС, які нядаўна прайшоў.
Гэты перверсіўны (ад лац. perversis — перакулены, перакручаны) падыход сістэма спрабуе данесці да ўсіх. Ксенафобія прыводзіць да таго, што псіхічнае і культурнае жыццё грамадства становяцца прымітыўнымі, а гвалт легалізуецца і можа разрасціся да неверагодных маштабаў — аж да самасудаў.
Зрэшты, паказальныя разборы — гэта не нешта новае. Гэты прымітыўны механізм вырашэння ўнутраных канфліктаў на ранніх стадыях станаўлення выкарыстоўвалі многія, цяпер ужо развітыя грамадствы. Прыкладам могуць быць суды Лінча ў ЗША пасля Грамадзянскай вайны. Тады непажаданага без усялякага суду і следства ў лепшым выпадку маглі запэцкаць дзёгцем, вываляць у пер'і, правесці праз увесь горад, падвяргаючы ганьбе і знявазе, а затым выгнаць. А ў горшым — чалавека забівалі праз павешанне, катаванні або спаленне на вогнішчы.
Беларускія ўлады робяць роўна тое самае, але з папраўкай на сучаснасць. Абмазваюць слоўным гаўном, стыгматызуюць чалавека, публічна падвяргаюць маральнаму гвалту. А пасля выганяюць з грамадства, пасадзіўшы ў турмы або змусіўшы пакінуць краіну. У некаторых выпадках — забіваюць. Гэта не пра злачынства, абвінавачанне, пакаранне, пакаянне — гэта пра публічнае падаўленне іншадумства. Важна, што ў аснове такога «суду» — злачынства на глебе нянавісці і ксенафобіі. Гэта паказвае, што развіццё грамадства затрымліваецца, яно паталагічна расшчапляецца.
«Многія гады Беларусь усё роўна будзе заставацца постаўтарытарнай. А яшчэ — з высокай рызыкай "рэцыдыву"»
Ксенафобію і схільнасць да расшчаплення проста так не выкараніць — гэта ідзе з чалавечай прыроды. З ранніх стадый фармавання псіхікі, калі ўсе мы адчувалі сябе цэнтрам свету, які нам нібыта абавязаны, а наступнае ўсведамленне, што гэта не так, выклікала складаныя пачуцці. Але калі чалавек з ранняга дзяцінства яшчэ і недаатрымаў дастаткова безумоўнай мацярынскай любові і клопату, ён будзе несвядома старацца захаваць сваё пачуццё ўсемагутнасці, развіваючы навыкі душыць усё, што паказвае на адваротнае. І відавочна, што проста пазбавіцца той часткі жыхароў Беларусі, якая функцыянуе на больш прымітыўным узроўні, немагчыма. Гэты варыянт здаецца хуткім і простым па прынцыпе хірургіі: злаякасная пухліна павінна быць выдаленая. Гэта правільна і адэкватна, але ў дачыненні да грамадства — недастасоўна.
Нават калі найбольш злаякасныя элементы будуць выдаленыя і заўтра ў Беларусі ўсё зменіцца, многія гады краіна ўсё роўна будзе заставацца постаўтарытарнай. А яшчэ — з высокай рызыкай «рэцыдыву». Як і ў псіхіятрыі: нават калі сімптомы разладу зніклі, першы час мы не можам гаварыць пра выздараўленне чалавека — толькі пра няўстойлівую рэмісіі.
А для грамадства, хутчэй за ўсё, лекаў і няма. Калі мы вызначаем, што публічныя суды — злачынныя дзеянні, толькі адна з праяў прымітыўнага функцыянавання і следства няспелых дэструктыўных псіхічных імпульсаў іх выканаўцаў, то з гэтай праблемы можна толькі вырасці. Вучыцца давядзецца шмат чаму. Але спачатку злачынствы павінны спыніцца — атакі на людзей павінны быць спыненыя.
У медыцыне мы ізалюем або змяншаем паталагічнае і разбуральнае дзеянне на арганізм. Калі чалавек уяўляе пагрозу для навакольных, яго таксама ізалююць. Але не проста «с глаз долой, из сердца вон». У грамадстве неабходна ствараць умовы для кантакту і дыялогу, для магчымасці зразумець, што не так, у чым ёсць патрэба і неабходнасць, як гэта можна вырашыць больш прымальнымі і канструктыўнымі спосабамі.
Беларусы толькі вучацца размаўляць адно з адным. Нават у групе самых дэмакратычна настроеных людзей часам назіраеш, як незаўважна ўстанаўліваецца тое ж расшчапленне і функцыянаванне на ўзроўні «толькі я ведаю, як правільна; калі вы не са мной, то вы ворагі». З гэтага давядзецца вырастаць і грамадству, і кожнаму з нас.
Адбыцца дыялогу дапамагаюць закон, рамка, межы. Толькі прымітыўныя і злачынныя грамадствы жывуць не па законах, а «па паняццях». І гэтыя «паняцці» лёгка мяняюцца, як выгадна боку, які тэрорам і гвалтам вызначыў сябе адзіным галоўным.
Дык вось, сутнасць гэтага росту, пра які я казаў, — у разуменні, што адрозненні хоць і напружваюць, але яны самі па сабе не пагроза. Мы маем патрэбу адно ў адным розных і можам дапамагаць у тым, каб забяспечыць стабільнае развіццё соцыуму вакол нас. Гучыць крыху фантастычна ў сучасных рэаліях, калі людзі так падзеленыя палітычнымі поглядамі, але для руху наперад гэта неабходна.
Вучыцца трэба ў тых, хто ўжо прайшоў шлях такой інтэграцыі. Канферэнцыі, семінары, праграмы абмену студэнтамі і спецыялістамі — вось што павінна быць замест публічных судоў і ідэалагічнага прамывання мазгоў у школах, універсітэтах і на прадпрыемствах. Тое, што цяпер робіць улада, прымушае адмаўляцца ад індывідуальнай на карысць прымітыўнай, групавой — неразвітай і спрошчанай псіхалогіі.
У індывідуальнай псіхалогіі важная здольнасць свабодна думаць і вырашаць пытанне, як розныя індывідуальнасці могуць жыць разам. У простым групавым функцыянаванні ўсе павінны забыцца пра сябе як пра асоб. Там існуе толькі «мы», здольнае «закідаць какашкамі», як гэта робяць прыматы, — гэта значыць абліць брудам выбраную ахвяру. І ў гэтым вялікая небяспека для будучыні краіны. Ведаю, што многія беларусы супраціўляюцца гэтаму. Можа быць, тое малое, але важнае, што магчыма рабіць цяпер, — падтрымліваць развіццё індывідуальнасці кожнага чалавека ў розных сферах і не ўступаць у «мафію». Старацца не жыць па «паняццях», якія прапануе дзяржава, як бы ні здавалася, што яны спрашчаюць жыццё. Бо жыццё простым не бывае.