Паліцэйскае супрацоўніцтва Мінска з Пекінам

У апошняй дэкадзе кастрычніка пад Мінскам у Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця Цэнтра паліцэйскага супрацоўніцтва.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Гэта падзея ў адносінах паміж Кітаем і Беларуссю не прыцягнула асаблівую ўвагу СМІ, як, да прыкладу, інфармацыя пра выбар Мінска на карысць кітайскага, а не расійскага паўмільярднага доларавага крэдыту. Тым не менш, гэтым разам ёсць падставы лічыць новым і важным этапам двухбаковага супрацоўніцтва з Паднябеснай супольныя праекты ў паліцэйскай сферы. З улікам ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, якое развіваецца ўжо не адзін год, адносінам Мінск-Пекін надаецца асаблівая ўвага.
Паводле ацэнак назіральнікаў, выступ міністра абароны Беларусі на 9-м Пекінскім міжнародным форуме па бяспецы, дзе агучваўся “беларускі погляд” на тое, што адбываецца ў свеце, прыцягнуў увагу сваім зместам не менш, чым выступ яго расійскага калегі.
Што тычыцца дзеючага Цэнтра паліцэйскага супрацоўніцтва, то аўтары назвалі яго ні больш, ні менш як стратэгічным праектам. Мэтай дзейнасці новага Цэнтра з'яўляецца ўмацаванне ўзаемадзеяння ў сферы мераў бяспекі ў межах парку. Яшчэ адзін напрамак — правядзенне інфармацыйна-асветніцкіх мерапрыемстваў па фарміраванні «прававой культуры і законапаслухмяных паводзін насельніцтва і суб'ектаў гаспадарання “Вялікага каменя”». Трэба меркаваць, гэта ўсё, у асноўным, адрасавана кітайскай рабочай сіле, якая мае тэндэнцыю ў Беларусі да колькаснага росту.
Як адзначалі на цырымоніі адкрыцця кітайскія госці з міністэрства грамадскай бяспекі КНР, дадзены Цэнтр — рэальная мера па ажыццяўленні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі ведамствамі дзвюх краін.
Пры гэтым важнае значэнне надаецца абмену перадавым вопытам працы, найноўшымі тэхналогіямі, методыкамі і практыкамі па розных напрамках службовай дзейнасці. Так што насельнікам «Вялікага каменя» наканавана быць пад «каўпаком» бяспекі праваахоўных ведамстваў ці то адной, ці то дзвюх краін.