Памёр Міхаіл Марыніч

Былы палітвязень, амбасадар і міністар памёр ва ўзросце 74 гадоў. 



marinich.jpg

Пра гэта сайту charter97.org паведамілі блізкія нябожчыка.

Міхаіл Марыніч нарадзіўся 13 студзеня 1940 года ў вёсцы Старыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, Мінскі інстытут замежных моваў, Мінскую вышэйшую партыйную школу. Ганаровы доктар эканамічных навук. Працаваў у будаўніцтве 16 гадоў, у тым ліку каля трох гадоў — у Афганістане. З 1990 па 1991 — мэр Мінска, у 1990-1994 гадах — дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання.

У 1994 годзе прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам у Чэхіі і па сумяшчальніцтве — у Славакіі і Венгрыі. З 1994 па 1998 гады — міністр знешнеэканамічных сувязяў Беларусі. У 1999-2001 гадах — Надзвычайны і Паўнамоцны пасол у Латвіі і па сумяшчальніцтву — у Эстоніі і Фінляндыі.

Узначаліў грамадзкую арганізацыю “Дзелавая ініцыятыва”.

26 красавіка 2004 года Міхаіл Марыніч быў арыштаваны. 30 снежня палітык быў прызнаны Мінскім раённым судом вінаватым у завалоданні аргтэхнікай амбасады ЗША, перададзенай у бязвыплатнае карыстанне асацыяцыі “Дзелавая ініцыятыва”. Праз паўтары месяцы калегія Мінаблсуда палічыла магчымым знізіць тэрмін пазбаўлення волі Міхаіла Марыніча з 5 да 3,5 гадоў, улічваючы яго ранейшыя заслугі перад дзяржавай, сталы ўзрост і стан здароўя.

Міхаіл Марыніч перанёс інсульт у Аршанскай калоніі ўзмоцненага рэжыму, дзе яму адмаўляліся перадаваць лекі. Толькі дзякуючы патрабаванням беларускай і міжнароднай грамадскасці, Марыніча перавялі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь у Мінску.

У падтрымку палітвязня тады выступілі кіраўнікі дзяржаў, у прыватнасці прэзідэнт Францыі Жак Шырак і прэзідэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйберга, дэпутаты парламентаў многіх краін свету, Еўрапарламента, парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ. Патрабаванне вызваліць Міхаіла Марыніча ўтрымліваецца ў рэзалюцыі Еўрапейскага Парламента. Заявы з патрабаваннем неадкладна вызваліць зняволенага прымаў таксама Еўрапейскі Саюз і Дзярждэпартамэнт ЗША.

Уплывовая праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Міхаіла Марыніча вязнем сумлення.

З турмы палітык выйшаў па амністыі ў красавіку 2008 года. Пад час апошніх прэзідэнцкіх выбараў Марыныч уваходзіў у каманду Андрэя Саннікава.