Памёр Міхась Мушынскі, які выдаў 13 збораў твораў беларускіх пісьменнікаў
На 88-м годзе памёр вядомы беларускі літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, прафесар Міхась Мушынскі.
Ён працаваў у акадэмічным Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, у 1978-м абараніў доктарскую дысертацыю. Выдаў 340 навуковых працаў, даследаваў творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Міхася Зарэцкага, дасягненні крытыкі і літаратуразнаўства ўсяго ХХ стагоддзя.
Да таго ж кіраваў падрыхтоўкай выданняў 13 навукова каментаваных збораў твораў, у тым ліку Івана Мележа, Змітрака Бядулі, Максіма Багдановіча.
Буду памятаць яго і згадваць са слязьмі ўдзячнасці
Пра навуковую спадчыну Міхася Мушынскага “Радыё Свабодзе” расказала крытык, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук Ганна Кісліцына. Навуковец быў экспертам яе доктарскай працы.
«Пачынаючы ад самага першага дня, калі я прыйшла ў аспірантуру, Міхась Мушынскі заставаўся блізкім мне чалавекам. Мы былі ў добрых працоўных і сяброўскіх адносінах, і тое, што я ведаю пра літаратуру першай паловы мінулага стагоддзя, найперш ягоная заслуга. Іншым разам, сустрэўшыся проста на вуліцы, ён спяшаўся падзяліцца новымі адкрыццямі. Шмат сядзеў у архівах, чытаў рукапісы, працаваў з дакументамі. Ну і проста прыемны чалавек, які да апошняга падказваў, дапамагаў. Хоць сам ужо быў у кепскім стане, не бачылі вочы, усё роўна намагаўся падтрымаць. Буду памятаць яго і згадваць са слязьмі ўдзячнасці».
Мушынскі быў непераўзыдзены
Ганна Кісліцына кажа, што Міхась Мушынскі быў непераўзыдзеным экспертам па цэлым шэрагу беларускіх класікаў, якія дзякуючы ягоным навуковым намаганням па-новаму раскрыліся і крытыкам, і сваім чытачам.
«Ён здолеў адкрыць наноў шмат якіх пісьменнікаў. Напрыклад, не думаю, што хтосьці лепш за яго ведаў Максіма Гарэцкага. Я наогул перакананая, што яму не было роўных у разуменні літаратурнай крытыкі, якой зараз займаюся і я — гэта перыяд ад 1920-х да 1960-х гадоў. Іншымі словамі, гэта чалавек, які, па вялікім рахунку, апісаў усю беларускую крытыку большай часткі ХХ стагоддзя. Немалаважна, што ён і сам выдатна пісаў, разумеў фундаментальныя крытэры, з якімі трэба падыходзіць да літаратурнай крытыкі», — падсумавала Ганна Кісліцына.