«Пасмяяўся, што яго голас прызналі зброяй». Маці Ягора Дуднікава сустрэлася з сынам пасля прысуду
Учора Мінгарсуд асудзіў 21-гадовага палітзняволенага расейца Ягора Дуднікава да 11 гадоў калоніі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі). За кратамі хлопец утрымліваецца ўжо восьмы месяц. Сёння маці Ягора Юлія сустрэлася з ім у СІЗА-1 і распавяла "Вясне" падрабязнасці сустрэчы.
Каб пабачыцца з сынам, Юлія прыехала ў Мінск з Саратава. На пачатак суда яна не прыязджала, бо ведала, што суд будзе закрыты. Першы раз Юлія ўбачыла сына на абвяшчэнні прысуду — "глядзелі адзін на аднога, не адрывая вачэй". А сёння ім дазволілі спатканне, якое доўжылася адну гадзіну. Юлія адразу адзначыла погляд сына: "У яго пасталелы і стомлены погляд чалавека, які не можа належаць чалавеку 21 года".
Маці Ягора распавяла, як сын пракаментаваў суд і прысуд:
"Пра суд сказаў, што быў здзіўлены, што ён прайшоў менавіта ў такім фармаце [закрытым рэжыме] і што яго голас прызналі зброяй. Але ён пасмяяўся над гэтым. Ягор вельмі спадзяецца вярнуцца ў Расію, як і мы. Пра тэрмін ён стараецца не думаць, бо гэта вельмі страшная лічба".
Юлія распавядае, што яна і Ягор намераны не здавацца і надалей змагацца за ягоную свабоду:
"Ягор трымаецца, але такі тэрмін, чакана, яго вельмі знерваваў. Яго лозунг — "акружаны, але не зламаны". Пакуль ёсць хоць маленькая надзея, ён і мы будзем за яе трымацца. Ён ведае, што мы за яго хвалюемся і любім, гэта будзе яго трымаць, нават калі здаецца, што ўсё зусім дрэнна".
На спатканні з маці Ягор Дуднікаў таксама адзначыў падтрымку беларусаў:
"Яму пішуць многія людзі. Ён вельмі ўдзячны за падтрымку. Яна таксама не дае яму падаць духам", — распавядае Юлія.
Па словах Юліі, Ягор плануе шмат чытаць і займацца спортам.
Сама мама Ягора адзначае, што абвяшчэнне прысуду прайшло для яе цяжка, прысуд, паводле яе слоў, відавочна, не справядлівы:
"Я плачу, мне горка і балюча ўсвядоміць тое, што хлапчука пазбавілі юнацтва. Ён не забіў, не гвалціў, не рабаваў. Так, магчыма, тое, што ён рабіў, было не правільна, але пакаранне павінна быць суразмерным, а не як за забойства.
Хочацца сказаць [суддзі і пракурорцы]: "Але вы ж таксама бацькі! Як у вас, гледзячы яму ў юны хлапечы твар, рука паднялася даць яму такі тэрмін! Пазбавіць яго паловы яго пражытага жыцця. Ды ён і не бачыў яшчэ гэтае жыццё!" Я не ведаю, як на ім адаб'ецца такі жахлівы тэрмін..."
Падтрымаць Ягора лістамі салідарнасці можна па адрасу: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.Ягору Аляксандравічу Дуднікаву