Пасольства Літвы станоўча ацэньвае працу візавых цэнтраў і імкнецца спрасціць працэдуру атрымання шматразовых візаў

Пасольства Літвы станоўча ацэньвае працу чатырох візавых цэнтраў на тэрыторыі Беларусі, якія адкрыліся ў студзені 2015 года. Пра гэта заявіў на сустрэчы з журналістамі ў Мінску другі сакратар пасольства Андрэюс Гаёсінскас. 



visa_sheng.jpg

Ён адзначыў, што праз тры месяцы пасля адкрыцця цэнтраў беларускія грамадзяне пакуль лічаць за лепшае звяртацца па візы ў консульскія аддзелы, аднак наведвальнасць візавых цэнтраў расце.

«Хутчэй за ўсё, беларусаў менш у візавых цэнтрах яшчэ і таму, што многія падаюць дакументы праз турыстычныя агенцтвы ці арганізаваныя групы, напрыклад спартыўныя, адукацыйныя ці культурныя, якія працягваюць падаваць дакументы ў пасольствы. У Гомелі і Брэсце такія групы ўжо пачалі наведваць не консульствы, а менавіта візавыя цэнтры», — адзначыў дыпламат.

Паводле яго слоў, візавыя цэнтры дазволілі аблегчыць сістэму падачы дакументаў на атрыманне візы для рэгіёнаў, зараз жыхарам невялікіх гарадоў не трэба ехаць у сталіцу, досыць прыехаць у абласны цэнтр.

«Таксама гэта зручна для тых, хто не можа вырвацца ў пасольства ў прызначаны час, — прадоўжыў ён. — Візавыя цэнтры працуюць з раніцы да вечара без папярэдняй рэгістрацыі. Забраць пашпарт таксама можна ў любы зручны час, а не ў вызначаную гадзіну, як прынята ў пасольстве».

Яшчэ адной перавагай візавых цэнтраў Гаёсінскас лічыць гарантыю бяспекі. «Чалавек можа быць упэўнены, што яго не ашукаюць і не прыйдзецца плаціць нейкім «шэрым» пасрэднікам, бо наш сайт перыядычна зведвае хакерскія напады і зламыснікі гандлююць чаргой на запіс у пасольства», — сказаў ён.

Як адзначыў Гаёсінскас, візавыя цэнтры былі адкрытыя таксама з мэтай разгрузіць пасольства і консульскія службы пасля ўвядзення сістэмы дактыласкапіі — працэдуры, якая займае некаторы час.

З увядзеннем 23 чэрвеня біяметрычных візаў плануецца адкрыць у візавых цэнтрах электронную рэгістрацыю з указаннем часу прыёму.

«У пасольстве мы ўжо спрабавалі ўстанавіць для грамадзян час прыёму, але не атрымалася, — сказаў дыпламат. — Людзі ўсё адно прыходзяць яшчэ да адкрыцця пасольства, ствараюць жывую чаргу і абураюцца, калі чалавек прыходзіць у прызначаны час і спрабуе гэту чаргу абмінуць. Мы паспрабуем правесці растлумачальную працу да часу пачатку дзеяння сістэмы зняцця адбіткаў пальцаў, з тым каб людзі зразумелі, што няма сэнсу прыходзіць раней за прызначаны час і доўга чакаць».

Віцэ-консул паведаміў, што ёсць планы пашырыць сетку візавых цэнтраў для жыхароў рэгіёнаў, але пакуль ніякіх рашэнняў па гэты пытанні прынята не было.

Акрамя таго, Літва працягвае павялічваць практыку выдачы двухгадовых шэнгенскіх візаў. У 2014 годзе пасольства Літвы ў Беларусі выдала 4.325 шматразовых візаў тэрмінам дзеяння два гады і больш, за першы квартал гэтага года такіх візаў выдадзена 1.163.

«Выдача шматразовых візаў тэрмінам дзеяння ад двух гадоў — гэта палітыка доўгатэрміновай перспектывы, і разлічана яна ў першую чаргу на большую дэмакратызацыю і лібералізацыю працэдуры атрымання візаў для беларусаў», — падкрэсліў Гаёсінскас.

Ён адзначыў, што ў студзені—сакавіку 2014 года амаль 44% візаў, выдадзеных пасольствам, былі шматразовымі. З пачатку 2015 года ўдзельная вага такіх візаў вырасла да 57%.

«Шматразовыя візы выдаюцца людзям з добрай візавай гісторыяй, з вялікай колькасцю ўездаў у Літву, скажам так, добранадзейным грамадзянам, у якіх ёсць выразная сувязь з Літвой, — адзначыў дыпламат. — Такім чынам, мы жадаем, з аднаго боку, узнагародзіць іх за адданасць Літоўскай Рэспубліцы, а з іншага боку, трохі разгрузіць консульскія службы і даць магчымасць выдаць дакументы людзям, якія раней у Літве не былі».

Паводле слоў Гаёсінскаса, пасольства стараецца выдаваць шматразовую візу тэрмінам ад трох месяцаў да года нават тым, чые пашпарты не маюць візавай гісторыі. «Гэта пэўны крэдыт даверу, раней для турыстаў у нас такога не было, — адзначыў ён.

У 2015 годзе Літва плануе прыцягнуць каля паўмільёна беларускіх турыстаў.

Паводле БелаПАН.