Паўстанцамі Кастуся Каліноўскага кіравала вера

Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі “Паўстанне 1863 года і яго значэнне для Беларусі”, якая адбылася 23 сакавіка ў мінскай сядзібе Партыі БНФ.



paustannie_i_kalinouski_kanf.jpg

Рэдактар часопіса “Гістарычная брама” з Пінску (Брэсцкая вобласць) Аляксандр Ільін распавёў пра подзвіг нацыянальнага героя Польшчы, кіраўніка атраду паўстанцаў на Кобрыншчыне Рамуальда Траўгута, каторы быў жанаты і меў маральнае права адмовіцца ад удзелу ў паўстанні. “Аднак падпалкоўнік у адстаўцы Траўгут даў згоду ўзначаліць атрад паўстанцаў, бо добра разумеў поўную бесперспектыўнасць змагання гэтых людзей, узброеных паляўнічымі ружжамі, пісталетамі і косамі, супраць адной з лепшых армій свету — расійскага войска. Траўгут вельмі добра разумеў, што без вопытнага ваеннага кіраўніка атрад паўстанцаў з цывільных маладзёнаў, шмат каму было па 15–17 гадоў, з вялікімі стратамі будзе знішчаны праціўнікам ў першым баі. Аднак гэтага не адбылося. Наадварот, у першым баі паўстанцы пад кіраўніцтва Траўгута разбілі калону рускіх войск капітана Керсноўскага, бо выкарысталі тактыку, якую ўзялі на ўзбраенне чачэнцы ў вайне з рускімі напрыканцы XX стагоддзя. Паколькі рускія ішлі па вузенькай грэблі, паўстанцы расстралялі першую і апошнюю павозкі, а потым паграмілі ўсю калону карнікаў. Керсноўскі не вытрымаў такой паразы і на наступны дзень застрэліўся”, — сказаў Ільін.

pa_stanne_kal_no_sk_kanf_l_n.jpg

                      Аляксандр Ільін

Аляксандр Ільін звярнуў увагу на тое, што нават багатая шляхта Кобрыншчыны, у тым ліку Ажароўскія, Ажэшкі, Анджэйковічы,Ягміны, Орды і Кужанецкія нейкім чынам прычыніліся да паўстання — удзельнічалі ці дапамагалі. Прычыну такога масавага патрыятычнага чыну адукаванай і перадавой для свайго часу мясцовай шляхты Аляксандр Ільін бачыць у прыхільнасці гэтых людзей да ўніяцтва.

Навуковы сакратар грамадскага Інстытута беларускай гісторыі і культуры, зарэгістраванага ў Рызе (Латвія), Анатоль Тарас прывёў афіцыйныя дадзеныя расправы царскіх карнікаў з паўстанцамі на тэрыторыі Беларусі: 128 чалавек, у тым ліку 8 ксяндзоў, былі пакараныя смерцю, некалькі соцень — забітыя ў баі ці памерлі ад ран,  12 843 — выселены з краю, у тым ліку 853 — адпраўлены на катаргу, 767 — арастанцкія роты, 320 — радавымі ў армію, 504 — у Сібір, 825 — з лішэннем усіх правоў, 7 836 — у адміністрацыйным парадку.

pa_stanne_kal_no_sk_kanf_abrazco_.jpg

                    Зміцер Абразцоў

Дэмакратычны актывіст Зміцер Абразцоў лічыць, што паўстанцы ішлі на пакуты і смерць, ахвяравалі сваім жыццём, таму што былі глыбока веруючымі людзьмі, а гэта значыць, усведамлялі часовасць свайго зямнога існавання і вечнасць жыцця з Богам. “Прычым, сваё часовае жыццё, якое паўстанцы лічылі Божым дарам, яны імкнуліся пражыць як мага лепш з пункту погляду верніка. Менавіта людзі з такімі асэнсаванымі і самаахвярнымі памкненнямі і ствараюць незалежную нацыю дзеля Божага прызначэння, дзеля захавання і працягу жыцця”, — падкрэсліў Абразцоў.