Суддзя Каршуновіч не задаволіў скаргу наконт пікетаў у абарону Курапатаў

Старшыня Мінскага гарадскога суду Павел Каршуновіч не задаволіў наглядную скаргу грамадскасці наконт пікетаў у абарону Курапатаў.

kurapaty_mhs_nahljad_28.11.16_logo.jpg


Нагадаем, што 20 ліпеня 2015 года суддзя суду Фрунзенскага раёна горада Мінску Аляксандар Кузьміч адмовіў сябрам грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» у задавальненні скаргі на неправамерныя дзеянні Мінскага райвыканкаму і ягонага старшыні Пятра Ярмаша, які не дазволіў заяўнікам правесці пікетаванні ў абарону Курапатаў, запланаваныя на 4 чэрвеня 2015 году ў Мінскім раёне.
19 кастрычніка 2015 года судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінгарсуду пакінула рашэнне суда Фрунзенскага раёну без зменаў, а касацыйную скаргу заяўнікаў без задавальнення.
27 кастрычніка 2016 году грамадскія актывісты накіравалі старшыні Мінгарсуду Паўлу Каршуновічу наглядную скаргу з просьбай апратэставаць судовыя пастановы, бо лічаць іх неабгрунтаванымі і незаконнымі.
Аднак старшыня Мінгарсуду не ўбачыў падставаў для задавальнення скаргі грамадскасці і падтрымаў дзеянні старшыні Мінрайвыканкаму Пятра Ярмаша, які сваім распараджэннем ад 29 траўня 2015 году забараніў правядзенне пікетавання, паколькі заяўнікі не прадставілі копіі дагавароў з арганізацыямі, што аказваюць паслугі па ахове грамадскага парадку, медычным абслугоўванні і пажарнай бяспецы.
Разам з тым, Павел Каршуновіч назваў «неабгрунтаванымі» доказы грамадскіх актывістаў пра тое, што Законам Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» не прадугледжана папярэдняе заключэнне такіх дагавароў. Для абгрунтавання сваёй пазіцыі старшыня Мінгарсуду прывёў рашэнне Мінрайвыканкаму ад 28 верасня 2012 году «Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Мінскім раёне», якое згодна артыкулу 60 закону аб масавых мерапрыемствах «абавязкова для выканання ўсімі арганізацыямі і грамадзянамі». Павел Каршуновіч нагадаў заяўнікам, што гэтым рашэннем «прадугледжана прадстаўленне копій дагавароў арганізатарам (арганізатарамі) масавых мерапрыемстваў у Мінрайвыканкам адначасова з заявай аб правядзенні масавага мерапрыемства».
Аднак жыццё сведчыць, што названыя ўмовы зусім не абавязковыя для арганізатараў праўладных масавых мерапрыемстваў.
Так, 4 лістапада ў сталічным скверы імя Тараса Шаўчэнкі каля ўкраінскай амбасады адбыўся пікет супраць пабудовы ва Украіне каля мяжы з Беларуссю новага сховішча для ядзерных адкідаў з Чарнобыльскай АЭС.
Як паведаміла БелаПАН, у акцыі бралі ўдзел 5 актывістаў аргкамітэту Нацыянал-бальшавісцкай партыі Беларусі. Пікетоўцы трымалі ў руках лозунгі «Хавайце свае адкіды на Майдане» і «Украіна, не трэба паскудзіць нам пад плот».
Акцыя была дазволеная Мінгарвыканкамам, міліцыянты не перашкаджалі ўдзельнікам пікету, іх не папярэджвалі пра неабходнасьць аплаціць паслугі па ахове грамадскага парадку, медычным абслугоўванні і пажарнай бяспецы.
Пастанова старшыні Мінгарсуду будзе абскарджана старшыні Вярхоўнага суду Валянціну Сукале.