Павел Усаў: Новы гістарычны цыкл і прастора хаосу
Палітолаг Павел Усаў разважае ў сваім тэлеграме, што мы ўваходзім у новы гістарычны цыкл. Але якім ён стане?
Глабальна, у даных абставінах ёсць два шляхі:
1. Замарозка канфлікту і кансервацыя таталітарнага рэжыму Пуціна ў Расіі. Такое становішча рэчаў прывядзе да схлопвання магчымасці інтэнсіўнага развіцця заходняй цывілізацыі.
Расія будзе працягваць заставацца крыніцай розных ваенных і палітычных пагроз. Гэта прастора хаосу ў сваю чаргу будзе фарміраваць пастаянную сацыяльную напружанасць унутры Еўрапейскай супольнасці, у пэўным сэнсе, мілітарызацыю свядомасці, культуры, захавання. У тым ліку пад уздзеяннем плыні бежанцаў.
Еўропа вымушана будзе знаходзіцца ў гатоўнасці процідзейнічаць хаосу на сістэмным узроўні. Гаспадарка, палітычныя і сацыяльныя адносіны будуць накіраваныя на патрэбы вайны, для нейтралізацыі новых магчымых пагроз і правакацый. Бо Расія будзе імкнуцца да рэваншу.
Такім чынам, цывілізацыйныя рэсурсы трэба будзе задзейнічаць не на ўласнае і агульнае развіццё, а на стрымання эфектаў ад існавання прасторы хаосу.
2. У выніку перамогі Украіны разам з агульнай дапамогай людзей добрай волі і розуму, Свет (Еўропа ў прыватнасці) атрымае моцны штуршок да якасна новага этапу тэхнічнага і гуманітарнага развіцця.
Перш за ўсё гэта будзе тычыцца пераасэнсавання рэчаіснасці, пашырэння свядомасці чалавечай супольнасці, узнікнення новых мадэляў узаемаадносін паміж дзяржавамі і грамадствамі, новы ўзровень салідарнасці і адказнасці. Бо, па факце, за тое, што адбываецца ва Украіне, усе нясуць палітычную адказнасць, якая стала вынікам неразумення сутнасці тых працэсаў, якія ішлі ў Расіі, спробаў шукаць кампрамісу ці не звяртаць увагі на рэжым Пуціна, суіснаваць з ім.
Пачнецца чацвёртая хваля дэмакратызацыі і далейшага глабальнага супрацоўніцтва. Ужо цяпер канфлікт ва Украіне паказаў, што фармальныя абмежаванні, візы, дзяржаўныя межы — не патрэбныя.
У пэўным сэнсе адбудзецца аднаўленне Еўропы (Захаду), фарміраванне новых сэнсаў, культурнай і цывілізацыйнай энергіі.
Так ці інакш, мы ўваходзім у новы гістарычны цыкл.