Экстрэмізмам у Расіі сталі нават антываенныя акцыі
Генпракуратура Расіі прыгразіла крымінальнымі справамі аб экстрэмізме за ўдзел у антываенных акцыях
Генеральная пракуратура Расіі прыгразіла крымінальнымі справамі аб экстрэмізме за ўдзел у антываенных акцыях. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале расійскага ведамства.
Наглядны орган тлумачыць гэта тым, што ў інтэрнэце распаўсюджваюцца заклікі да правядзення антываенных акцый, а іх крыніцай, як гаворыцца ў прэс-рэлізе, "з'яўляюцца аб'яднанні, забароненыя рашэннем суда на тэрыторыі РФ у сувязі з ажыццяўленнем імі экстрэмісцкай дзейнасці".
"Паддаючыся на гэтыя заклікі, грамадзяне становяцца не толькі патэнцыйнай ахвярай правакацый, але і ўцягваюцца ў дзейнасць радыкальных арганізацый, удзел у якой цягне за сабой крымінальную адказнасць па частцы 2 артыкула 282.2 КК РФ (удзел у дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі)", – гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Нагадаем, расійскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны, які ўжо больш за год знаходзіцца ў калоніі і якога судзяць там па новай справе, заклікаў расіян выходзіць на мітынгі супраць вайны ва Украіне і не баяцца арыштаў. Яго паплечнікі, якія працуюць цяпер у асноўным з-за мяжы (у Расіі яго Фонд барацьбы з карупцыяй і перадвыбарчыя штабы ў 2021 годзе абвясцілі экстрэмісцкімі), апублікавалі заклік выходзіць на плошчы гарадоў кожны будні дзень у 19: 00 і ў 14: 00 у выхадныя і святы.