Павел Сапелка: Суд не зацікаўлены ва ўстанаўленні ісціны па справе.

У Мінску працягваецца суд над кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесем Бяляцкім. Ужо вывучаныя матэрыялы справы. На наступным тыдні мусяць адбыцца спрэчкі бакоў. Перапынак у судзе абвешчаны да 10 лістапада.



2c8ed8587468aec2462a3914f154e570.jpeg

У Мінску працягваецца суд над кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесем Бяляцкім. Ужо вывучаныя матэрыялы справы. На наступным тыдні мусяць адбыцца спрэчкі бакоў. Перапынак у судзе абвешчаны да 10 лістапада. У трэці дзень суда ахова суда Маскоўскага раёна асабліва шчыравала, даглядаючы рэчы і людзей, што хацелі патрапіць на суд да Бяляцкага. Ахоўнікі хацелі не дазволіць людзям пранесці якую б то ні было візуальную сімволіку салідарнасці з Алесем Бяляцкім. «Я сцьвярджаю, што гэтая справа пачыналася і праводзілася з палітычным падтэкстам дзеля пераследу мяне і сябраў  “Вясны за праваабарончую дзейнасць», — заявіў суду Бяляцкі
На трэцім судовым паседжанні разглядаліся дакументы з літоўскага банка NORD. Пракурор зачытваў спіс транзакцый па рахунку, агучваў каму былі перададзеныя сродкі і адкуль грошы пераводзіліся. Сродкі на рахунак паступалі ў асноўным ад праваабарончых арганізацыі -- Хэльсінскага камітэта, Нарвежскага Хельсынскага камітэта.
Польскі банк Шлёнскі прадставіў звесткі па рахунку Бяляцкага 24 траўня 2011 года. Яны ахопліваюць 2007--2011 гады. Паводле дакументаў, Бяляцкі атрымліваў грошы ад замежных праваабарончых арганізацый і перасылаў беларускім праваабаронцам.
Адвакат зазначыў, што з агучаных пракурорам сумаў не зразумелы аб’ём прэтэнзій, якія сумы абарона мусіць аспрэчваць, што з пералічанага ёсць даходам Бяляцкага.
Адвакат у часе следства прасіў зрабіць запыт да тых арагнізацый, што пералічвалі грошы на рахункі Бяляцкага, каб яны патлумачылі мэтавае прызначэнне сродкаў. Гэта садзейнічала б поўнаму расследаванню крымінальнай справы. “Гэтак жа проста як атрымаць раздрукоўкі з замежнага банка, было магчыма звярнуцца да замежных араганізацый. Аднак следства палічыла, што гэта не патрэбна. Хаця прайшло тры месяцы і была магчымасць атрымаць такую інфармацыю, -- заявіў адвакат.  Але гэтае хадайніцтва адхілілі, матываваўшы гэта тым, што прычыны па якіх пераводзіліся грошы, ніякага ўплыву на справу не маюць.
Пракурор агучыў адно з хадайніцтваў пра паручальніцтва за Алеся Бяляцкага, якое падпісалі 816 чалавек. Пасля гэтых хадайніцтваў у справу падшытая пастанова следства аб адмове адмове ў вызваленні Алеся пад паручальніцтва грамадзянаў. 
Пракурор зачытаў пратаколы агляду і выемкі маёмасці з офіса “Вясны – дакументаў, дыскаў, кампутараў. У пратаколах пазначана, што на кампутары інфармацыя знаходзілася ў зашыфраным кантэйнеры pgp, таму выняць яе і далучыць да справы не атрымалася.
Адвакат звярнуў увагу на тое, што ў справе няма санкцыі намесніка пракурора Мінска Кіжуна на аператыўна-вышуковую дзейнасць, у выніку якой былі знойдзеныя 27 тысяч файлаў. У справе няма і самога дыска з вынятымі файламі.
Таксама адвакат таксама заявіў, што атрыманыя з замежных банкаў раздрукоўкі па форме не адпавядаюць двухбаковым дамовам аб прававой дапамозе паміж Беларуссю і Літвой ды Польшчай. Дэпартамент фінансавых расследаванняў звяртаўся ў камерцыйныя банкі, а не ў кампетэнтыя органы. І на дасланых дакументах няма подпісаў і пячата. Таму на такія звесткі суд не можа звяртаць увагу.
Міністр юстыцыі Літвы Рэмігіюс Шымашус 2 лістапада заявіў, што звесткі пра кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляся Бяляцкага, перададзеныя літоўскім бокам, ні ў якім разе не могуць служыць доказам у судовым працэсе. “Некалькі месяцаў таму мы афіцыйна апавясцілі беларускі ўрад аб тым, што анулявалі перададзеныя дадзеныя, -- сказаў Рэмігіюс Шымашус. -- І яны не могуць быць выкарыстаны ў якасці юрыдычнай доказы ў судзе
Паводле яго слоў, літоўскі бок не перадаваў ніякай сур'ёзнай інфармацыі супраць Бяляцкага, што магла б паслужыць падставай для арышту кіраўніка "Вясны". “Юрыдычная дапамога і сістэма міжнароднага супрацоўніцтва прызначаныя для адсочвання тэрарыстаў і злачынцаў, для большай бяспекі, яны не могуць быць выкарыстаны ў палітычных інтарэсах, - падкрэсліў Рэмігіюс Шымашус. Літва заўсёды адстойвала і будзе адстойваць дэмакратычныя каштоўнасці, дадаў ён.
*** Дырэктар расейскага Інстытута правоў чалавека, прадстаўнік Міжнароднай назіральнай місіі ў Беларусі Валянцін Гефтэр выказаў сваю крайнюю занепакоенасць з нагоды судовага працэсу над Алесем Бяляцкім: – Гэты крымінальны пераслед палітычна матываваны, і звязаны не з шараговымі парушэннямі падатковага заканадаўства, а з тым на якія мэты працавала “Вясна і яе кіраўнік Алесь Бяляцкі.  Гэтыя мэты – абарона правоў чалавека ад парушэнняў з боку ўладаў. І зразумела, што ўлады маюць у гэтым працэсе свой інтарэс. Сам працэс мусіць быць аб’ектыўны, спаборны, незалежны. Але галоўнае ў тым, што пераслед за такія правапарушэнні, нават калі яны маюць месца, не мусіць быць адразу крымінальным. Нармальная дзяржава, калі яна зацікаўленая ў тым, каб ёй плацілі падаткі, мусіць стварыць механізм, у якім грамадзянін найперш мае магчымасці выплаціць недаплачанае.
Другое, умовы, у якія былі пастаўленыя праваабарончыя арганізацыя, прымушалі іх да такіх схемаў, каб забяспечыць сваю дзейнасць. Аб’ектыўны суд мусіць разумець, што ў падобных выпадках справа не пачынаецца ў момант недаплаты, а намнога раней. Трэба сыходзіць ад умоў, у якія паставілі чалавека. Калі прадпрымальнікаў заганяць у шэрыя схемы, то ў выніку і пераследаваць іх будзе больш проста. 
Трэцяе, За такія праваапарушэнні не мусіць быць папярэдняга арышту да суда. Для гэтага ў сучасным грамадстве ёсць розныя механізмы: ад бранзалетаў да паручальніцтваў. У Расіі да ўсяго, калі чалавек арыштаваны да суда, то гэта ня яўны знак суду, што вырак мусіць быць абвінаваўчы.
*** Юрыст Павел Сапелка гаворыць, што не бачыцьзацікаўленасці суда ў аб'ектыўным разглядзе справы.
-- Адвакат нагадаў нормы крымінальна-працэсульнага кодэкса, згодна з якім усе хадайніцтвы, скіраваныя на высвятленне ісціны па справе, у інатрэсах абвінавачвемага мусяць задавальняцца. Напэўна, адзіным варыянтам, каб глыбока расследваць гэтую справу, было скіраваць запыты арганізацыям, што прадастаўлялі грошы Бяляцкаму, і перад якімі ён меў справаздачнасць. Тады б заставалася толькі тэарэтычна спрачацца аб тым, быў гэта даход ці не.  Але ў такім разе крымінальнай справы не было б. Тыя парушэнні, на якое пайшло следства, у складнілі для абароны рэалізацыю сваіх працэсуальных правоў і магчымасцяў.  Ці згладзіць гэта суд, паглядзім пазней. Але, шчыра кажучы, я не бачу, каб суд быў зацікаўлены ва ўстанаўленні ісціны па справе. 
Што мяне сапраўды засмучае ў гэтым працэсе – крымінальны складнік, той факт, што Бяляцкі знаходзіцца за кратамі. Калі б прыбраць крымінал, то хай бы гаспадарчы ці агульны суд разбіраўся ў тым прыбытак гэта быў ці не, мусіў Бяляцкі плаціць падаткі з гэтага ці не. Але ў любым выпадку зразумела, што злачынства, наўмыснага ўхілення ад выплаты падаткаў Бяляцкі не здзяйсняў.