Перадача «Бульбаш-холу» творцам можа стаць пачаткам грамадскага дыялогу

Каб пазбегнуць чарговага супрацьстаяння ў Курапатах дзяржаве неабходна выкупіць ва ўласніка аб’ект прыдарожнага сервісу з былой назвай «Бульбаш-хол» і перадаць на баланс Беларускага саюзу мастакоў ці некалькіх творчых саюзаў.

kurapaty_bh_bsm_logo.jpg

Да такой высновы прыйшлі актывісты грамадскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» на сваім чарговым пасяджэнні, што днямі адбылося ў Мінску.
Эксперты абмеркавалі інфармацыю з недзяржаўных беларускіх СМІ пра тое, што комплекс адпачынку, пабудаваны у 50 метрах ад Нацыянальнага некропалю і часткова на тэрыторыі яго былой ахоўнай зоны, рыхтуюць да адкрыцця, якое адбудзецца бліжэйшым часам.
Зыходзячы з мажлівай адмоўнай рэакцыі беларускага дэмакратычнага грамадства на адкрыццё «Бульбаш-холу», удзельнікі пасяджэння разгледзелі розныя варыянты, накіраваныя на тое, каб пазбегнуць канфрантацыі каля Народнага мемарыялу.
Пры гэтым было ўлічана меркаванне беларускіх архітэктараў-сябраў ініцыятывы пра тое, што нават вяртанне забудаванай «Бульбаш-холам» тэрыторыі плошчай у 1,1 гектара ў склад ахоўнай зоны Курапатаў і рэжым яе ўтрымання не азначаюць абавязковага разбурэння наяўных будынкаў, але дазволяць прыстасаваць іх пад функцыі, якія адпавядаюць патрэбам Нацыянальнага некропалю.
На думку грамадскай дзяячкі Валяціны Свяцкай, комплекс можна прыстасаваць для экспанавання адмысловых выставаў, прысвечаных Курапатам і тэматыцы масавых палітычных рэпрэсій эпохі савецкага таталітарызму.
Гэтую ідэю развіў грамадска-палітычны дзеяч і мовазнаўца Вінцук Вячорка, які нагадаў, што творчая суполка «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў з самага адкрыцця Курапатаў беларускімі археалагамі на чале з Зянонам Пазняком вясною 1988 году амаль 30 гадоў актыўна працуе над стварэннем ва ўрочышчы Народнага мемарыялу. Таму было б лагічным, каб дзяржава выкупіла «Бульбаш-хол» ва ўласніка і перадала гэты комплекс на баланс Беларускага саюзу мастакоў(БСМ) для арганізацыі рознабаковай творчай дзейнасці у інтарэсах Курапатаў, уключаючы правядзенне адмысловых пленэраў, выставаў і конкурсаў, сказаў Вінцук Вячорка.  
Пад час далейшага абмеркавання пытання эксперты прыйшлі да высновы, што калі ж аднаму БСМ будзе цяжка ўтрымліваць былы «Бульбаш-хол», праблему можна вырашыць перадачай гэтага комплексу прыдарожнага сервісу на баланс шэрагу творчых саюзаў. Гаворка, у тым ліку, ідзе, пра Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі-ПЭН-цэнтар, прафесійныя аб’яднанні архітэктараў, дызайнераў, кінематаграфістаў, музычных і тэатральных дзеячаў, майстроў народнай творчасці і Беларускі фонд культуры.
Як адзначалася на пасяджэнні, перадача “Бульбаш-холу” беларускім творцам будзе пазітыўна ўспрынятая айчыннай грамадскасцю і разам з прызнаннем неабходнасці мемарыялізаваць Курапаты засведчыць пра змены адносінаў дзяржавы да Нацыянальнага некропалю, стане пачаткам грамадскага дыялогу ў краіне.