«ТБМ — фiліял БНФ»: «СБ-Беларусь сегодня» напісала пра «пагрозу» нацыяналізму

Газета адміністрацыі прэзідэнта «СБ-Беларусь сегодня» апублікавала матэрыял у выглядзе ліста ў рэдакцыю, у якім рэзка крытыкуецца ідэя стварэння ў Беларусі нацыянальнага ўніверсітэту.

Ілюстрацыя — sb.by

Ілюстрацыя — sb.by

Ліст апублікаваны за подпісам працуючай пенсіянеркі СШ № 2 г. Паставы Рэгіны Ластоўскай.

«Я ўсімі рукамі супраць адкрыцця ў Беларусi нацыянальнага ўніверсітэту. Паверце, ён будзе не нацыянальны, а нацыяналістычны, з дыскрымінацыяй значнай часткі насельніцтва Беларусі», — піша яна.

Рэгіна Ластоўская згадвае, што да Аляксандра Лукашэнкі па гэтым пытанні звярталася дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня ТБМ Алена Анісім.

«А што такое зараз ТБМ? Гэта фiлiял БНФ i з гэтага разраду партый. Лiчу, што «свядомыя» надзейна ўмацаваліся ў адукацыі i культуры. Не разумею, чаму ў Мiнску гэтага не бачаць. З тэлевізара, радыё чуеш словы: «iмпрэза», «спадары», «гульцы», «унёсак», «квіты» i г. д. Народ гэтых слоў не разумее. Часта ў мяне як у настаўніцы суседкі пытаюцца, што азначае тое цi iншае слова. Якая ж гэта беларуская мова, калі народ не разумее, што азначаюць так званыя беларускія словы?» — адзначаецца ў публікацыі (захоўваецца мова арыгінала. — belsat.eu).

Аўтарка ліста нібыта была на ўстаноўчым з’ездзе БНФ у 1989. Яна абуралася, што на зʼездзе размаўлялі выключна па-беларуску і апісвае мерапрыемства так: «Праз кожныя 20–25 хвiлін работы зал дружна ўскокваў, выкідваючы ўперад па-гітлераўску руку i крычучы: «Жыве Беларусь!». Потым Рэгіна Ластоўская быццам бы напісала крытычны артыкул пра зʼезд у раённую газету, а «свядомыя» ёй пагражалі забойствам.

«ТБМ — фiліял БНФ. I ВНУ будзе не нацыянальная, а нацыяналістычная. Думаю, што я, дачка ветэрана вайны, маючы вялікі жыццёвы вопыт, напісаўшы гэта доўгае пiсьмо, змагла данесці тое, што не патрэбна ў Беларусi ствараць цэнтр нацыяналізму», — адзначаецца ў лісце.


Адзін з заснавальнікаў БНФ Вінцук Вячорка так пракаментаваў публікацыю «СБ» у сваім Фэйсбуку:

«Галоўная дзяржаўная газета дала ўзорны прыклад ужывання мовы нянавісці, распальвання нацыянальнай і моўнай варажнечы, а таксама публікацыі відавочнага і мэтанакіраванага паклёпу».

belsat.eu