Першыя паўгады трэніроўкі бясплатныя. У Беларусі адкрылася першая інклюзіўная зала па кросфіце
У Лідзе афіцыйна запрацавала першая ў Беларусі інклюзіўная кросфіт-зала. Трэніравацца там змогуць як людзі з інваліднасцю, так і зусім здаровыя. GO.TUT.BY распытаў аўтара ідэі Аляксандра Аўдзевіча і інструктара Віктара Захар'ева пра тое, чаму зала мае зацікавіць кліентаў і для каго трэніроўкі будуць бясплатнымі.
Ініцыятарам адкрыцця інклюзіўнай кросфіт-залы выступіў актывіст Аляксандр Аўдзевіч.
— Мы распрацоўваем спецыяльныя методыкі кругавых трэніровак, дзе ўсе практыкаванні падбіраюцца так, каб чалавек з абмежаванымі магчымасцямі не адчуваў дыскамфорту, — распавёў TUT.BY лідчанін. — Напрыклад, калі гэта турнік, то са спецыяльным пад’ёмнікам. Нават саўну і лазню мы зрабілі цалкам даступнымі і зручнымі.
Раней у Лідзе не было магчымасці займацца кросфітам, падкрэслівае Аляксандр Аўдзевіч:
— Былі толькі фітнес або цяжкая атлетыка. А кросфіт — папулярны сёння кірунак.
У красавіку інклюзіўная зала пачала працу ў тэставым рэжыме на базе ДЮСШ № 4 горада Ліды. Першыя шэсць месяцаў з моманту запуску трэніроўкі бясплатныя для ўсіх кліентаў, пазней яны будуць такімі толькі для людзей з інваліднасцю.
Цяпер з наведнікамі інклюзіўнай залы працуе інструктар-калясачнік з Барысава Віктар Захар'еў.
— У мяне займаюцца сямнаццаць чалавек, сем з іх — з інваліднасцю. Узроставы дыяпазон — ад 20 да 49 гадоў. Прыходзяць і жанчыны, і мужчыны, — кажа Віктар. — Калі шчыра, думаў, што жадаючых у раённым цэнтры будзе менш. Напэўна, людзей прыцягвае тое, што тут няма каго саромецца.
Барысаўчанін лічыць, што наяўнасць падобных трэніровачных прастор дапаможа калясачнікам пазбавіцца ад комплексаў.
— З свайго досведу ведаю, што многія людзі з інваліднасцю зачыняюцца ад свету. Першыя два гады пасля траўмы я сам адмаўляўся купляць вазок, поўзаў па хаце і трэніраваўся па 16 гадзін у дзень, спадзеючыся стаць на ногі, але гэта не дало выніку. Зразумеў, што трэба рухацца далей.
Па словах Віктара Захар'ева, спорт дапамагае справіцца з негатыўнымі эмоцыямі і робіць мацней фізічна і псіхалагічна.
— Без добрай фізічнай падрыхтоўкі на калясцы у прынцыпе складана перасоўвацца. А кросфіт уключае адразу некалькі важных складнікаў: моц, кардыё і цягавітасць. Мне здаецца, гэта трапны від нагрузак як для здаровых людзей, так і для многіх калясачнікаў. Я распрацоўваю індывідуальны план трэніровак пад кожнага кліента, улічваючы яго магчымасці і траўмы. У гадзіну трэнірую ўсяго па два чалавекі, так што кліенты пастаянна пад наглядам.
Ініцыятыва «інклюзіўны кроссфіт» рэалізаваная Лідскай міжраённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў» пры падтрымцы ПРААН у Беларусі і фінансаванні прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.