Пётр Кузняцоў пра рэакцыю Крамля на кейс «Камсамолкі»: Сігнал, што супраць Лукашэнкі могуць ужыць санкцыі
Медыяменеджар — пра непаразуменне Масквы і Мінска па сітуацыі з «Камсамолкай».
Працягваецца гісторыя з блакаваннем сайта «Комсомольской правды в Беларуси» і затрыманнем журналіста Генадзя Мажэйкі.
Стала вядома, што, нягледзячы на рэакцыю афіцыйнай Масквы,
беларускага аўтара перавялі ў СІЗА ў Жодзіне, але абвінавачанні пакуль не
прад'яўленыя.
«Салідарнасць» спытала у медыяменеджара, заснавальніка
сайта «Сильные новости» Пятра Кузняцова, чым, на яго погляд,
скончыцца канфлікт і якія рызыкі ён нясе для афіцыйнага Мінска.
— Уладам «Комсомольская правда в Беларуси» асабліва не замінала. Ну, можа, у 2020 годзе крыху і замінала, калі ішлі
пратэсты, але не цяпер. Проста на фоне сітуацыі з Аляксандрам Зельцэрам у
сілавых органах было шмат імпульсіўных рэакцый — гэта адна з іх.
Калі ўжо ўсё было зроблена, то не ў правілах нашай дзяржавы
нешта адкручваць назад, яны любяць паказваць сваю непахіснасць. Калі робяць, то
робяць да канца.
Пазіцыю Расіі, натуральна, ніхто не пралічваў. Справа ў тым,
што ў Мінску прывыклі не вельмі звяртаць увагу на меркаванне Крамля, калі
размова вядзецца пра прэсінг на журналістаў.
Я нагадаю, што расійскіх журналістаў, грамадзян Расіі,
затрымлівалі падчас пратэстаў 2020 года, арыштоўвалі, пазбаўлялі акрэдытацыі.
Але жорсткай рэакцыі Расіі не было. А тут Генадзь Мажэйка —грамадзянін Беларусі, «Комсомольская правда» — зарэгістраванае ў Беларусі СМІ, хоць і
частка расійскага медыяхолдынга.
Можна ўспомніць, як лёгка Расія забылася сітуацыю са збіццём
журналістаў расійскага «Спутника». Маргарыта Сіманьян задавала пра гэта
пытанне Лукашэнка на прэс-канферэнцыі, але той прапанаваў «перагарнуць
старонку», на што тая адразу ж згадзілася.
Беларускія ўлады прывыклі, што журналісты не ў фокусе ўвагі
Крамля, і можна сабе многае дазваляць. Але толькі на гэты раз чамусьці рэакцыя
была жорсткай.
Чаму так? Я ўжо шмат разоў пісаў, што цяпер беларускі рэжым
спрабуе ў любой форме і на любую тэму пачаць перамоўны працэс з Захадам. Той жа
міграцыйны крызіс — гэта частка дадзенай стратэгіі. Патугі Макея ў ААН, візіты
Васкрасенскага ў Польшчу і Украіну. Вельмі шмат такіх сігналаў.
У Расіі гэтыя рухі таксама заўважылі, прасачылі за імі і
зразумелі, што гэта мэтанакіраваная палітыка Лукашэнкі, якая можа быць звязаная
з тым, што ён зноў не збіраецца выконваць свае абяцанні.
У Маскве ўсё складана — адносна таго, што і як можна рабіць з
Лукашэнкам. Справа ў тым, што Крэмль падтрымаў беларускага кіраўніка год таму і
ісці на зваротную не вельмі з рукі.
Я думаю, што сітуацыю з «Камсамолкай» вырашылі
выкарыстаць у інфармацыйным сэнсе, каб паказаць уласнаму істэблішменту і
выбаршчыкам: Лукашэнка можа быць не самым лепшым партнёрам; ад яго можна чакаць
нядобрых рэчаў; з ім трэба быць асцярожным.
Гэта такі папярэдні сігнал, што супраць Лукашэнкі могуць
быць ужытыя нейкія санкцыі. Такая рэакцыя — не столькі на інцыдэнт з «Камсамолкай» (бо Крамлю напляваць на грамадзян Беларусі), а на не
вельмі надзейную палітыку беларускіх улад. Пакуль гэта толькі намёкі — маўляў,
давай нармальна вырашаць пытанні, пакуль мы не пачалі цябе «мачыць».
Сітуацыя будзе вырашацца кулуарна. На мінулым тыдні на адной з нарад Аляксандр Лукашэнка эмацыйна выказаўся, што нейкія расійскія сілавікі
гавораць пра непрафесіяналізм беларускіх спецслужб. Мы пра гэта нават не
даведаліся б, калі б сам Лукашэнка не стаў казаць.
— Як можа ўсё вырашыцца?
— Хутчэй за ўсё, «Камсамолка» застанецца
заблакаванай. Наўрад ці Расія будзе ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць
Беларусі праз гэты СМІ. Хутчэй за ўсё, на пэўным этапе Лукашэнка супакоіць
Маскву: мы з вамі браты, сябры, не звяртайце ўвагі на гэтую газету, будуем
далей інтэграцыйныя праекты.
Што тычыцца Мажэйкі, то, хутчэй за ўсё, яго не выпусцяць.
Расія не будзе ціснуць праз грамадзяніна Беларусі, а спецслужбы будуць
даводзіць сваё імпульсіўнае рашэнне да канца.
Расія праз шмат рэчаў можа злавацца на Лукашэнку, але яны
вельмі мала чаго могуць яму зрабіць. А сам Лукашэнка можа дзейнічаць на
павышэнне ставак, лаяцца, правакаваць канфлікты.
Фундаментальна адносіны паміж краінамі не пагоршацца. Для
Лукашэнкі гэта невялікая праблема. І ён мяркуе, што зможа забалбатаць Расію
больш важнымі пытаннямі.