Ужо і ў Расіі. Кантрабандныя беларускія цыгарэты затрымалі на Пскоўшчыне
Пскоўскія мытнікі выявілі аўтамабіль з «падвойным» грузавым адсекам. У выніку быў спынены ўвоз з Беларусі ў Расію немаркіраванай тытунёвай прадукцыі беларускай вытворчасці на агульную суму звыш 120 тысяч долараў.
На тэрыторыі стацыянарнага пункта мытнага кантролю «Далосцы»
ў Себежскім раёне супрацоўнікі мытні ў рамках кантролю за ўвозам і абаротам
тавараў спынілі грузавы транспартны сродак з паўпрычэпам, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні. З прад'яўленых
кіроўцам дакументаў вынікала, што аўтамабіль заязджаў з Беларусі парожнім.
— Пры правядзенні праверачных мерапрыемстваў у пярэдняй
частцы грузавога адсека была выяўленая перагародка, якая імітуе вонкавую сценку
паўпрычэпа. Пры выкрыцці грузавога аддзялення за фальшывай сценкай выяўлена 340
скрынь з цыгарэтамі беларускай вытворчасці, — распавёў прадстаўнік Пскоўскай
мытні Альберт Скосыраў.
Арыенціровачны кошт партыі тытунёвых вырабаў без акцызных
марак Расійскай Федэрацыі і маркіроўкі сродкамі ідэнтыфікацыі перавышае 120 тысяч долараў.
170 тысяч пачкаў беларускіх цыгарэт канфіскаваныя і перададзеныя тэрытарыяльнаму органу МУС Расіі для прыняцця мер у рамках наяўных паўнамоцтваў.