Мінінфарм Беларусі — Крамлю: «Комсомольская правда в Беларуси» — беларускі СМІ

Міністэрства інфармацыі «ў сувязі з запытамі, якія ўзніклі», нагадала, што газета «Комсомольская правда в Беларуси» — беларускі сродак масавай інфармацыі, заснаваны рэзідэнтам Беларусі ЗАТ «БелКП-Прэс», піша «Свабода».

e394e151_a475_4dfa_a9b0_2da020d4b6b2_cx0_cy0_cw95_w1023_r1_s.webp

Раней Расія выказала нязгоду ў сувязі з тым, што быў заблакаваны сайт «Комсомольской правды в Беларуси». Нагодай стала нататка з успамінамі пра застрэленага спецслужбамі супрацоўніка ІТ-індустрыі Андрэя Зельцэра, пасля якой газету абвінавацілі ў «абяленні злачынца».

4 кастрычніка прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі «з гэтым не згодныя, чакаем адмены абмежаванняў і забеспячэння свабоднай працы нашага паважанага выдання на тэрыторыі саюзнай нам Беларусі», — сказаў прадстаўнік Крамля.

Ён таксама ўдакладніў: паколькі гаворка пра грамадзяніна Беларусі, улады Расіі не могуць даведвацца пра яго праз дыпламатычныя каналы і займацца абаронай інтарэсаў.

«Грамадзянін Беларусі затрыманы і знаходзіцца ў спецыяльных службаў гэтай краіны. Вядома, калі гэта звязана з яго журналісцкай дзейнасцю, нельга ўхваляць такія дзеянні. Але мы не ведаем дэталей і што канкрэтна ставіцца яму ў віну. Гаворка пра ўнутрыбеларускі сюжэт. Наўрад ці можам нешта дэталёва каментаваць», — адзначыў ён.

Тым часам рэдакцыя «Комсомольской правды» накіравала ў Мінск спецпрадстаўніка ў сувязі з затрыманнем журналіста Генадзя Мажэйкі.

Пастаянная камісія па правах чалавека ў інфармацыйнай сферы Савета пры прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека заклікала ўлады Беларусі вызваліць затрыманага журналіста.