Покер на трубе
Канфлікт Беларусі і Расіі з-за ўмоваў пастаўкі нафты цягнецца ўжо некалькі тыдняў. Традыцыйныя навагоднія спрэчкі на тэму энергарэсурсаў, з лёгкай падачы журналістаў, ахрысцілі «войнамі». Аднак сёлетняя сітуацыя выглядае хутчэй на картачную гульню з выцягваннем козыраў, павышэннем ставак і блефам.
Канфлікт Беларусі і Расіі з-за ўмоваў пастаўкі нафты цягнецца ўжо некалькі тыдняў. Традыцыйныя навагоднія спрэчкі на тэму энергарэсурсаў, з лёгкай падачы журналістаў, ахрысцілі
«войнамі». Аднак сёлетняя сітуацыя выглядае хутчэй на картачную гульню з выцягваннем козыраў, павышэннем ставак і блефам.
Першая частка партыі скончылася ўнічыю. Мінск заявіў, што чакае захавання палёгкавага рэжыму на пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь (у снежні мыта на нафту для Беларусі складала 96,48 долара за тону,
а для астатніх краін — 271 долар). Аднак партнёр з такім раскладам не пагадзіўся — Расія на знак добрай волі была гатовая пастаўляць бязмытна толькі 6,3 мільёна тон вуглевадародаў
для ўнутраных патрэбаў. Натуральна, Беларусь з гэтымі ўмовамі не пагадзілася, матываваўшы сваю адмову тым, што гэтай нафты не хопіць для працы мясцовых нафтаперапрацоўчых заводаў у поўным
аб’ёме.
Аднак што Расіі да суседскіх праблем, калі, па падліках экспертаў, на льготных пастаўках нафты яна губляе штогод каля 1,6 мільярда долараў. Таксама расійскі бок робіць акцэнт на тое, што бязмытавыя
пастаўкі нафты дыскрымінуюць іх вытворцаў, якія вымушаныя канкураваць з беларускімі на адных і тых жа рынках. Часы датацыйных адносін пакрысе сыходзяць у мінулае.
Беларускае кіраўніцтва пачало даставаць казырныя карты. Спачатку прыгразіла выхадам з Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана, які для РФ з’яўляецца найперш інструментам геапалітычнага
ўплыву. Аднак у гэтым кроку ўсё ж больш блефу, чым праўды. Бо з пункту гледзішча эканамічнай мэтазгоднасці Беларусь зацікаўлена ў гэтым саюзе, які пашырыць для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі
і машынабудавання расійскія рынкі.
Апанент на гэта не павёўся, і 4 студзеня канцэрн «Белэнерга» папярэдзіў пра магчымае спыненне паставак расійскай электраэнергіі ў Калінінградскую вобласць з-за няўзгодненых умоў
транзіту. Праз тыдзень беларускі бок увогуле запатрабаваў павялічыць тарыф за транзіт электраэнергіі ў Калінінград у 5,5 разы. Размова вядзецца пра транзіт электраэнергіі з асноўнай часткі Расіі ў
Калінінградскую вобласць, а таксама ў краіны Балтыі. Пытанне тым больш актуальнае для РФ, бо 31 снежня зачынілася Ігналінская АЭС — адзін з буйнейшых вытворцаў электраэнергіі ў рэгіёне.
Калінінградская вобласць атрымлівае са Смаленскай атамнай станцыі транзітам праз Беларусь больш за 30 працэнтаў спажываемай электраэнергіі.
Папярэднія перамовы па гэтаму пытанню не прывялі да праяснення сітуацыі, аднак, паводле паведамленняў прэсавай службы кампаніі «Інтэр РАО ЕЭС», «бакі абмеркавалі сцэнарныя
варыянты фармавання коштаў, выверылі прымяненне падобных метадалагічных падыходаў пры разліках велічыні транзітных страт магутнасці ў сетках аб’яднанай энергасістэмы Беларусі пры розных
варыянтах ператокаў электраэнергіі». Чарговы раунд перамоў, перадае БелаПАН, прызначаны на 22 студзеня. У прэс-службе «Інтэр РАО ЕЭС» гавораць пра працэс збліжэння пазіцыі
бакоў. І хаця энергетычную і нафтавую спрэчкі афіцыйныя бакі паміж сабою не звязваюць, прычынна-следчая сувязь праглядаецца без старонняй дапамогі.
Аляксандр Лукашэнка не абмежаваўся казырнымі картамі ў выглядзе транзітнай інфраструктуры і паспрабаваў праз эпісталярны жанр дайсці да сумлення кіраўніцтва РФ. У лісце Дзмітрыю Мядзведзеву кіраўнік
Беларусі нагадваў пра папярэднія дамовы, што цягам двух-трох першых месяцаў гэтага года нафта будзе паступаць у Беларусь бязмытна, і за гэты час бакі ўзгодняць новыя ўмовы. Аднак, маўляў, потым
расійскі бок скасаваў гэтыя дамоўленасці і выставіў умовы, непрымальныя для Беларусі. Што канкрэтна на гэта адказаў Мядзведзеў, на момант падрыхтоўкі матэрыялу было невядома, аднак можна здагадвацца,
што бязмытавай нафты не паабяцаў.
Тым часам з’явілася інфармацыя, што на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе і «Нафтане» сутачная перапрацоўка нафты знізілася на 40 працэнтаў: з 30–31 тысяч тон у
снежні да 19 тысяч тон на 18 студзеня. Загрузка прадпрыемстваў блізкая да мінімальнай з-за таго, што новыя кантракты на імпарт нафты не заключаюцца. У снежні мінулага года беларускія НПЗ папярэдне
аплацілі пастаўку 1,126 мільёна тон нафты на ўмовах мінулага года (з улікам паніжаючага каэфіцыенту на мыта — 35,6 працэнта ад стандартнага). А з 2 студзеня расійская нафта і нафтапрадукты
пастаўляюцца ў Беларусь з уключэннем у кошт стандартнага экспартнага мыта.
З нарастаннем градуса нафтавага канфлікту эксперты прагназавалі хуткі рост коштаў на бензін. І не памыліліся. З першага студзеня ў Беларусі былі падвышаныя стаўкі акцызаў на бензін і паліва на 9
працэнтаў, што само па сабе з’яўляецца фактарам да павелічэння цэн, сюды ж дадалася нафтавая праблема.
Зразумела, што гэта прасцейшы спосаб кампенсаваць свае страты на знешніх рынках за кошт беларускага спажыўца. За правальную эканамічную палітыку, як заўсёды, расплачваецца насельніцтва.
Задача гульца ў покер — выйграць стаўкі, сабраўшы як мага больш высокую камбінацыю карт. Па тым, як няспешна разгортваюцца падзеі вакол паставак нафты, можна сказаць, што расійскі бок сваю
камбінацыю пакуль не сабраў. Палітолагі гавораць пра чаканне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія паўплываюць на далейшую знешнюю палітыку ўсходняй суседкі і вызначэнне блізкасці беларуска-расійскага
сяброўства.
У Беларусі ж засталося не так многа аргументаў. Мацнейшым і, відаць, апошнім з іх з’яўляецца газавая труба, аднак пры такім раскладзе канфлікт насамрэч можа перайсці ў катэгорыяю
энергетычнай вайны, якая закране інтарэсы больш чым двух бакоў. Паколькі ніводзін з іх на дадзены момант у гэтым не зацікаўлены, праблема будзе вырашаная. Іншая справа, якім коштам.