Помнік «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» у Маладзечне пад пагрозай

У сувязі з падрыхтоўкай гораду да традыцыйнага свята — фэсту беларускай песні і паэзіі, запланаванаму на 7 чэрвеня, мемарыяльнага каменю пагражае чарговы здзек, бо ён, нібыта, замінае добраўпарадкаванню парка.



1302677702187820.jpg

Помнік «Пакутнікам за волю і незалежнсць Беларусі» 2011 год. Маладзечна

Гісторыя помніка вядзе свой адлік ад 27 сакавіка 1993 года. Тады на Цэнтральнай плошчы Маладэчна ў гонар 75-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі быў ўрачыста адкрыты першы ў краіне помнік беларусам, якія ахвяравалі сабою дзеля волі і незалежнасці Бацькаўшчыны.

Як распавёў «НЧ» мясцовы дэмакратычны актывіст, былы настаўнік, арганізатар ўзвядзення помніка Лявон Цімохін, вялікі светла-шэры гранітны камень з чырвонымі атожылкамі, прывезены з ГУЛАГаўскай каменаломні Беламорканалу. Яго ўпрыгожылі шасціканцовы праваслаўны крыж святой Еўфрасінні Полацкай і дошка з паліраванага чорнага граніту з тэкстам: «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі». Цікава, што камень быў усталяваны насупраць помніка Уладзіміру Леніну.  

У адкрыцці мемарыялу, асвечанага святарамі ўсіх хрысціянскіх дэнамінацый, удзельнічалі мэр гораду, дэпутат Вярхоўнага Савета Генадзь Карпенка і тысячы мясцовых вернікаў-хрысціянаў.

На Цэнтральнай плошчы Маладэчна помнік прастаяў 18 гадоў і стаў не толькі гарадской, але і нацыянальнай славутасцю. Але ноччу 12 красавіка 2011 года пастамент помніка ўзарвалі, камень патаемна перанеслі прыкладна на 100 метраў на ўзбочыну дарогі каля гатэлю «Маладэчна» і схавалі пад тканіну. А на месцы помніка гарадскія ўлады ўсталявалі пластычную кампазіцыю, якая сімвалюе Купалле. Пры гэтым чыноўнікі матывавалі свае дзеянні добраўпардкаваннем і перапланаваннем Цэнтральнай плошчы горада напярэдадні «Дажынак».

Перад самым святам ўраджаю помнік перанеслі яшчэ на 250 метраў і ўсталявалі каля перакрыжавання вуліц імя Пятра Машэрава і Вялікі Гасцінец недалёка ад агароджы гарадского парку.

Лявон Цімохін падкрэсліў, што асвечаны святарамі помнік згодна з хрысціянскай традыцыяй можа быць перанесены толькі са згоды і з удзелам вернікаў-хрысціянаў і святароў.

«Дарэчы, на Цэнтральнай плошчы, дзе раней стаяў мемарыяльны камень, некалі ўзвышаўся вялікі каменны крыж, зруйнаваны камуністамі пасля Другой сусветнай вайны. Тады хрысціянская святыня была апаганена і разбурана. У сённяшняй сітуацыі помнік ахвярам за волю і незалежнасць Беларусі ў Маладэчне можа быць зноў патаемна перанесены. Мы — хрысціяне выступаем супраць мажлівага апаганьвання мемарыялу нашым продкам», — сказаў Лявон Цімохін.