Помста за праўду
Колькі ў Беларусі журналістаў незалежных медыя? Крыху больш за тысячу. Колькі разоў са жніўня 2020 года незалежных журналістаў затрымлівалі? Амаль пяцьсот. На сённяшні дзень за кратамі 11 незалежных журналістаў. Прычым 9 з іх — па крымінальных артыкулах. Проста задумайцеся наконт гэтых лічбаў.
Першы суд па крымінальнай справе пачаўся 9 лютага. І хаця спадзяванні на здаровы сэнс застаюцца, можна чакаць, што за сваю сумленную працу і жаданне данесці да людзей праўду 27-гадовая Кацярына Андрэева (Бахвалава) і 23-гадовая Дар’я Чульцова будуць пакараныя рэжымам.
Перад пачаткам працэсу Каця перадала з СІЗА заяву. «9 лютага мяне пачнуць судзіць па ілжывым абвінавачванні ў “арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, — напісала яна. — Мая справа ад пачатку і да канца сфабрыкаваная, прычым сфабрыкаваная вельмі няўмела. Я лічу гэта помстай спецслужбаў за прафесійную журналісцкую дзейнасць.
15 лістапада мяне затрымалі па злачынным загадзе. У той дзень сілавікі казалі мне: “Ты больш не будзеш весці свае стрымы ніколі!” Затым зноў выйшаў злачынны загад — і мяне змясцілі ў турму. Амаль тры месяцы я правяла за кратамі. Па іх задуме, заключэнне павінна было зламаць мяне і прымусіць усумніцца ў правільнасці абранага шляху. Аднак нічога падобнага не адбылося. Гэты час у СІЗА толькі загартаваў мой характар. А неверагодная падтрымка з волі напаўняла радасцю кожны дзень.
Разам з тым, я разумею, што неабходна разарваць ланцуг выканання злачынных загадаў і звяртаюся да суда з просьбай зрабіць гэта нарэшце. Выконваць злачынны загад — значыць удзельнічаць у злачынстве. Але за злачынствам рушыць услед раскаянне, і менавіта яно стане найбольш страшным пакараннем, таму што будзе атручваць вам жыццё, не даючы спакою да глыбокай старасці.
Што тычыцца мяне, то я буду шчаслівая незалежна ад прысуду, таму што сумленне маё чыстае, а праўду казаць лёгка і прыемна».
Так, сапраўды, праўду казаць лёгка і прыемна. За праўду не страшна пайсці на любыя выпрабаванні. Праўду не любяць, яе баяцца, за яе помсцяць. Але праўда заўжды перамагае. Шкада, што гэтага не хочуць ведаць такія ж маладыя жанчыны, фактычна аднагодкі журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай — суддзя Наталля Бугук і пракурор Аліна Касьянчык. Тыя самыя, якія ўжо адзначыліся гучнымі працэсамі.
Шкада, што Аліна Касьянчык абсалютна без пакутаў сумлення чытала ў залі пасяджэнняў №5: «из корыстных побуждений, находясь по адресу Сморговский тракт, 1, по предварительному сговору друг с другом и иными неустановленными лицами они имели умысел на организацию действий, грубо нарушающих общественный порядок, которые были сопряжены с явным неповиновением требованиям правоохранительных органов и повлекшее нарушение работы транспорта. Преступление совершали с помощью мобильных телефонов, видеокамер, штатива и жилетов с надписью “Пресса” “путем озвучивания информации” они осуществили “сбор активных участников, грубо нарушающих общественный порядок”, “с целью создания массовости для возможности противостояния действиям сотрудников правоохранительных органов”».
А можа я і памыляюся. Можа, яна таксама пакутавала… Можа, расказвала сябрам, як гэта цяжка — выконваць загады. Але, маўляў, што зробіш, такая ж праца. Наогул, цікава, што на ўсіх працэсах па крымінальных справах за пратэсты апошніх месяцаў суддзямі і пракурорамі часта прызначаюцца маладыя жанчыны. Магчыма, калі-небудзь на іншых працэсах мы пачуем пра тое, чаму яны пагадзіліся на гэтыя ролі. Але яны не змогуць тады сказаць: «Я буду шчаслівая незалежна ад прысуду, таму што сумленне маё чыстае».
Моцныя духам, упэўненыя ў сваёй праваце, падтрыманыя сябрамі, калегамі і зусім незнаёмымі людзьмі — такімі ўвойдуць у падручнікі Каця і Даша. А хто будзе памятаць Наталлю і Аліну? Хаця ў іх яшчэ ёсць шанец увайсці ў гісторыю са станоўчымі ролямі. Маленькі, амаль неверагодны, але ёсць.
«Я патрабую поўнага апраўдання і настойваю на сваёй невінаватасці», — такімі словамі скончыла Кацярына Андрэева свае паказанні. Зал адказаў апладысментамі. Судовае пасяджэнне працягнецца сёння, 16 лютага. А 19 лютага пачнецца суд над журналісткай Кацярынай Барысевіч і доктарам Арцёмам Сарокіным па чарговым сфабрыкаваным абвінавачванні.
Яшчэ раз нагадваю: за кратамі ўсё яшчэ застаюцца 11 незалежных журналістаў.