«Праблема не ў тым, што людзі не хочуць працаваць, а ў тым, што ў эканоміцы людзей няма»

У Беларусі прапануюць вярнуць артыкул за «дармаедства» — як у СССР. З гэтай ініцыятывай выступіла МУС. Улады не першы год змагаюцца з беспрацоўнымі. Але наколькі эфектыўныя іх метады?

marsz_nedarmaedau__1__logo_1_logo.jpg.webp

Беларуская міліцыя прапануе вярнуць у заканадаўства РБ артыкул за «дармаедства», як гэта было ў часы СССР. «Што ў гэтым было дрэннага — законным шляхам прымусіць людзей працаваць, прыносіць карысць, у першую чаргу, сабе і сваёй сям'і, а па-другое, — грамадству?» — заявіў начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Рэзянкоў.

Прапанову плануюць накіраваць у парламент, а таксама «агучыць на Усебеларускім народным сходзе». Пакуль незразумела, ідзе гаворка пра магчымае ўвядзенне крымінальнай адказнасці ці адміністрацыйнай. Пры гэтым у студзені 2024 года ўлады значна пашырылі спіс тых, каго лічаць «не занятымі ў эканоміцы».

Рэжым Лукашэнкі амаль дзесяць гадоў змагаецца з «дармаедамі». Як гэта было, і ці паўплывала на беларускую эканоміку, разбіраецца DW.

Урад Беларусі сфармаваў «дармаедскую базу»

Так званы дэкрэт №3 аб «дармаедах» («Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства») быў прыняты ў 2015 годзе. Ён усталёўваў, што тыя, хто на працягу каляндарнага года працавалі менш за 183 дні, павінны заплаціць збор у 20 базавых велічынь (у той час эквівалент прыкладна $200). Ад падатку вызваляліся студэнты дзённых аддзяленняў, салдаты тэрміновай службы, маці, якія выхоўваюць дзяцей да 7 гадоў, тыя, хто жыве за мяжой, і гэтак далей.

«У выніку, урад сфармаваў так званую “дармаедскую базу” — блізу паўмільёна беларусаў, якім падатковыя сталі рассылаць апавяшчэнні аб выплаце збору, якія атрымалі народную назву “лісты шчасця”», — распавядае экс-палітвязень, праваабаронца Леанід Судаленка.

У 2017 годзе, пасля таго, як па ўсёй краіне прайшлі пратэсты супраць дэкрэта №3, так званыя «маршы недармаедаў», спагнанне збору на год прыпынілі. Са слоў Судаленкі, палажэнні дакумента супярэчылі Канстытуцыі РБ, якая «гарантуе кожнаму права на працу, не ўводзячы яго ў ранг абавязку», але «наўпрост забараняе выкарыстанне прымусовай працы, акрамя працы паводле прысуду суда».

Глядзіце таксама

Ці быў дэкрэт эфектыўным?

Эканамістка, старшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна адзначае, што дэкрэт №3 быў неэфектыўным: нягледзячы на затрачаныя адміністрацыйныя рэсурсы, збор у выніку заплацілі блізу 15% тых, каго ўлады палічылі «дармаедамі». «Было шмат абурэння, размоваў па гэтай тэме — і ў выніку падатак на “дармаедства” быў заменены на тое, што дзейнічае цяпер: людзі, якія не занятыя ў эканоміцы працяглы перыяд часу, павінны аплачваць паслугі ЖКГ па поўным кошце», — кажа эканамістка.

«Акрамя таго, так званыя “дармаеды” не могуць разлічваць на льготны крэдыт або субсідыю на будаўніцтва, рэканструкцыю або куплю жылля», — дадае Судаленка.

Таксама былі прынятыя змены ў заканадаўстве, згодна з якімі дзіцяці могуць прызнаць знаходзячымся ў сацыяльна небяспечным становішчы, калі абодва бацькі або адзіны бацька больш за тры месяцы не працуюць ці не атрымліваюць іншага законнага даходу.

Судаленка называе падобныя нормы дыскрымінуючымі: «У маёй практыцы былі выпадкі, калі адзінокую жанчыну з дзіцем, якая страціла працу, тут жа наведала камісія для пастаноўкі яе сям'і на ўлік. Мы тады ў судзе адстойвалі яе права звольніцца ў пошуках іншай, больш высокааплатнай працы».

Глядзіце таксама

Месяц не быў у Беларусі — «дармаед»

Не занятымі ў эканоміцы ўлады лічаць не толькі беспрацоўных беларусаў, але і тых, хто правёў за мяжой больш за 30 дзён, нават калі гаворка ідзе аб працы ці вучобе. Выключэнне — праца ў краінах ЕАЭС (Расіі, Казахстане, Арменіі, Кыргызстане), а таксама тыя, хто выехаў на лячэнне або ў камандзіроўку.

«Для працуючых у адных краінах дзейнічаюць абмежаванні — павышаныя тарыфы ЖКГ, для іншых яны не дзейнічаюць. Тут ужо не эканамічны падыход прасочваецца, а нейкі прапагандысцкі», — каментуе Лузгіна.

«Калі я стаў “дармаедам”, дакладна не ведаю, але ў нейкі момант у “жыроўках” стаў з'яўляцца запіс аб тым, што я павінен аплачваць паслугі ЖКГ паводле тарыфаў, якія забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных выдаткаў», — распавядае мянчук Антон, які ўжо больш за два гады жыве ў Польшчы. У верасні 2023 года Антон афіцыйна атрымаў запрашэнне стаць на біржу працы і наведаць пасяджэнне камісіі па садзейнічанні занятасці.

«Дзяржава не стымулюе заставацца ў Беларусі, а карае тых, хто адважыўся на пераезд. Яна атрымлівае прыбытак, — каментуе мужчына. — Відавочна прасочваецца дыскрымінацыя. Дзяржава сама стварае сітуацыю, калі з'яўляецца сацыяльная няроўнасць».

Глядзіце таксама

Стаць «дармаедам» можна, нават заплаціўшы падатак

Мянчук Яраслаў таксама ўвесь час не жыве ў Беларусі, але плаціць там падатак са здачы ў арэнду нерухомасці. «Паводле закона РБ, такія дзеянні з'яўляюцца падставай для таго, каб не патрапіць у базу “дармаедаў”. Як я туды трапіў, незразумела», — распавядае суразмоўца. Мужчыну выключылі з ліку «не занятых у эканоміцы» пасля таго, як ён падаў у Мінгарвыканкам дамову арэнды. «Такіх, як я, там чарга была. Гэта значыць павальна ўсе “дармаеды”, мабыць», — здзіўляецца Яраслаў.

Вольга афіцыйна не працавала ў Беларусі з восені 2020 года. Яна — маці-адзіночка, якая выхоўвае дзіця да 18 гадоў. Праз нейкі час пасля звальнення жанчына звярнула ўвагу на павышэнне кошту паслуг ЖКГ і патэлефанавала ў мясцовае жыллёва-камунальнае ўпраўленне. «Мне патлумачылі, што мяне ўнеслі ў базу “дармаедаў”. І таму налічылі плацяжы па такіх тарыфах». Вясной 2023 Вольга пераехала ў Польшчу, але ў РБ працягвае лічыцца «дармаедам».

У студзені 2024 года ўлады пашырылі спіс тых, каго лічаць «не занятым у эканоміцы». Да прыкладу, цяпер недастаткова быць зарэгістраваным у якасці індывідуальнага прадпрымальніка (ІП), неабходна заплаціць падаходны падатак. А беларускі, якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў або трох і больш непаўналетніх дзяцей, каб не патрапіць у «дармаеды», не павінны выязджаць з краіны больш чым 30 дзён у квартал. Выключэнне — лячэнне за мяжой.

Глядзіце таксама

«У эканоміцы проста няма людзей»

«Пасля пратэсных падзей 2020 года з краіны з'ехала каля 300 тысяч эканамічна актыўных беларусаў. Да гэтай лічбы яшчэ трэба дадаць эканамічных мігрантаў, — кажа Судаленка. — І гэта пры тым, што ўсяго ў краіне працуюць менш за пяць мільёнаў. Улада разумее: калі гэтыя працэсы не спыніць, заўтра не будзе грошай на пенсіі».

Анастасія Лузгіна мяркуе, што першапачаткова «дармаедскія» законы былі накіраваныя на тое, каб «людзі больш былі занятыя ў эканоміцы», хоць, нават паводле ацэнкі Міжнароднай арганізацыі працы, беспрацоўе ў Беларусі за 2023 год склала 3,5%. «Праблема ў гэтым выпадку не ў тым, што людзі не хочуць працаваць, а ў тым, што ў эканоміцы проста людзей няма», — кажа эканамістка.

Лузгіна дапускае, што ўлады працягнуць дзейнічаць у гэтым кірунку і могуць у будучыні ўвесці адміністрацыйную адказнасць для «дармаедаў» ці нейкія штрафныя санкцыі. Увядзенне крымінальнай адказнасці, на яе думку, было б абсурдам.