Уладзімір Някляеў: Дэкрэт №3 — прыдумка ідыёцкая

Уладзімір Някляеў праз фэйсбук заклікаў беларусаў змагацца супраць «ідыёцкага» дэкрэту: «Бо грамадзяне, якія моўчкі згаджаюцца з непрыкрытым рабаваннем з боку дзяржавы, — не грамадзяне. Пацыенты палаты №6», — адзначае ён.

d281cbd5_6985_4250_b499_52f288cb94cf_cx0_cy19_cw0_w1023_r1_s.jpg

"З тым, што Дэкрэт №3, паводле якога падаткі спаганяюцца з беспрацоўных, прыдумка ідыёцкая, згодныя ўсе нармальныя людзі нават ва ўладзе. Але каб адмяніць дэкрэт, трэба прызнаць, што ён ідыёцкі.

А гэта значыць прызнаць, што яго не толькі прыдумаў, але й падпісаў нейкі ідыёт. І вось тут для ўлады праблема… І менавіта таму чыноўнікі паўтараюць услед за іх начальнікам: «Давайце з гэтым дэкрэтам яшчэ пажывём».

Што ж, можна жыць і з кілой. Але лепш яе выразаць. Бо рана ці позна зашчэміць.

Гэты дэкрэт — лакмусавая паперка. Індыкатар нармальнасці грамадства. Калі мы пагодзімся жыць з ім, пад ім, дык далей з нас проста вяроўкі будуць віць. Бо грамадзяне, якія моўчкі згаджаюцца з непрыкрытым рабаваннем з боку дзяржавы, — не грамадзяне. Пацыенты палаты №6.

Таму ўсе — 17 ЛЮТАГА а 18.00 на КАСТРЫЧНІЦКУЮ плошчу Мінска! На МАРШ АБУРАНЫХ БЕЛАРУСАЎ, НА АКЦЫЮ ПРАТЭСТУ СУПРАЦЬ ДЭКРЭТУ №3!

І не толькі супраць дэкрэту, але і супраць дыктатуры. Арганізатары Марша прапануюць прыняць наступную рэзалюцыю яго ўдзельнікаў:

РЭЗАЛЮЦЫЯ

ўдзельнікаў «Марша абураных беларусаў»

(Праект)

Мы, удзельнікі Марша абураных беларусаў, рашуча патрабуем ад улады:

1. Адмяніць ганебны Дэкрэт №3 ад 02.04.2015 «Аб прадухіленні сацыяльнага ўтрыманства».

2. Спыніць зніжэнне рэальных даходаў насельніцтва, абкраданне пенсіянераў, падвышэнне пенсійнага ўзросту, рост платы за камунальныя паслугі.

3. Вярнуць народу свабодныя, справядлівыя выбары.

Мы даручаем абраным намі прадстаўнікам давесці гэтыя патрабаванні да ўлады, распачаць з ёй перамовы, наладзіць кантроль за выкананнем нашых патрабаванняў.

У выпадку, калі на працягу месяца, да 17 сакавіка 2017 года, улада не зробіць рэальных крокаў дзеля выканання волі народа, мы прадпрымем новыя калектыўныя дзеянні, падрыхтоўку якіх даручаем нашым прадстаўнікам.

Уладу — народу!

СЁННЯ, 17 ЛЮТАГА 2017 г., МІНСК, КАСТРЫЧНІЦКАЯ ПЛОШЧА, 18.00"

njakljaesch_dekret___3_1.jpg