Баранавіцкіх актывістаў не пускаюць на «Марш абураных беларусаў»

У сераду Мікалай Чарнавус запрасіў на акцыю Аляксандра Лукашэнку, а ў чацвер атрымаў позву, з-за якой ён можа не паспець прыехаць на Марш 17 лютага.

pre1.jpg


15 лютага Мікалай Чарнавус правёў у «Маладым» парку Баранавічаў пікет, на якім запрасіў кіраўніка дзяржавы на запланаваны на 17 лютага на 18.00 на Кастрычніцкай плошчы сталіцы Марш за адмену дэкрэта «аб дармаедстве».
— Усе прахожыя мяне падтрымлівалі. Некаторыя выказвалі шкадаванне, што з-за працы не змогуць дабрацца да Мінска. У Баранавічах многія збіраюцца паехаць на Марш. Праўда, нас хочуць спыніць. Сёння раніцай атрымаў ад міліцыі позву, якой мяне выклікаюць на адміністрацыйны працэс на 16.00 пятніцы. Позву на заўтра атрымаў і мой сын, — распавёў praca-by.info Мікалай Чарнавус.
Актывіст таксама патлумачыў, чаму запрасіў на акцыю кіраўніка дзяржавы.— Хай бы ён асабіста, а не са слоў чыноўнікаў, убачыў, што кажуць людзі пра дэкрэт і пра сваё жыццё. Яму ж не цяжка будзе прайсціся ад сваёй адміністрацыі.