Севярынец аднёс «павесткі дармаедам» з адміністрацыі
Адзін з лідараў
БХД Павел Севярынец схадзіў у Адміністрацыю прэзідэнта з сімвалічным зваротам
ды чарговы раз заклікаў беларусаў пратэставаць супраць Дэкрэта №3.

Флэшмоб Севярынца палягаў у наступным: аднесці ў Адміністрацыю прэзідэнта
сімвалічныя “лісты шчасця” для Лукашэнкі і яго прыбліжаных асобаў, а таксама
перадаць скрыншот са старонкі ў “Аднакласніках” тэлеканалу Белсат, дзе супраць
“дармаедскага” Дэкрэту № 3 выказалася каля 180 тысяч чалавек.


Зайсці ў сам будынак Адміністрацыі атрымалася не адразу. Каля галоўнага
ўвахода Севярынца і журналістаў сустрэў ахоўнік, абвясціўшы, што дзверы
зачыненыя. Але палітык вырашыў не верыць службоўцу на слова і спраўдзіць
уласнаручна. Далей усё выглядала камічна: каля хвіліны Севярынец цягнуў за
ручку вялізных дзвярэй і грукаўся, гэтым часам іншы ахоўнік… наўпрост трымаў
дзверы знутры.


У рэшце рэшт, ахоўнік, які трымаў клямку, выйшаў да Севярынца і патлумачыў, што са зваротамі трэба ісці ў іншыя дзверы — у прэзідэнцкую прымальную па іншы бок будынка. Уся калона, Севярынец ды журналісты, прайшлі туды. Паўла Канстанцінавіча ўрэшце пусцілі ўсярэдзіну, разам з ім зайшлі трое журналістаў, каб правесці ў чарзе прымальні каля 40-50 хвілін.


На выхадзе Севярынец абвесціў, што зварот прыняты, “павесткі” перададзеныя:
- — “Павесткі” былі перададзеныя сапраўдным дармаедам — Лукашэнку, Качанавай, Кабякову, якія сядзяць на карку беларускага народа ўжо больш за 20 год, — адзначыў палітык, — Я заклікаю беларусаў пратэставаць і выходзіць на Маршы 17 лютага і 15 сакавіка, патрабуючы адмены Дэкрэту №3 і адстаўкі сённешняй улады.

Пакуль Севярынец быў у прымальні, дрэнна стала “ветэрану” пратэстных акцыяў
спн. Ніне Багінскай. Яе спачатку завялі ўсярэдзіну будынка, а пасля выклікалі
хуткую дапамогу. Пасля сканчэння флэшмобу Севярынец застаўся каля машыны
хуткай, каб пракантраляваць, ці ўсё добра з жанчынай.